
Нарадзілася я і ўсё сваё жыццё пражыла ў Беларусі. 27 снежня мне спаўняецца 60 гадоў. Пражыта нямала. І амаль увесь мой жыццёвы шлях мяне суправаджае радыё. Я люблю Беларускае радыё. З ім у мяне звязаны хвалюючыя ўспаміны пра дзяцінства, пра дарагіх мне людзей – маю любую матулю, майго дарагога мужа, яго бацькоў. Усе яны, на вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця...
Успамін першы пераносіць мяне ў пачатак 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Мне гадоў 5-6, і я ўпершыню ўбачыла радыёпрыёмнік. Памятаю, як аднойчы слухала пастаноўку па беларускай казцы “Пакацігарошак”. І ў гэты час сяброўкі паклікалі мяне гуляць на вуліцу. Што рабіць? І казку хочацца даслухаць і з сяброўкамі пагуляць! Я знайшла выйсце – выключыла радыё, упэўненая, што калі яно змоўкла, то значыць я яго спыніла і змагу даслухаць казку пазней. Як жа крыўдна мне было, калі, вярнуўшыся праз некаторы час і ўключыўшы радыё, я не пачула сваю казку. Сучасным маленькім радыёслухачам зараз гэта смешна і дзіўна, таму што яны маюць магчымасць паслухаць любую радыёперадачу ў запісе.
Успамін другі, зноў-такі звязаны з Беларускім радыё. Сярэдзіна тых жа 60-х. Па радыё часта гучаць розныя прыгожыя песні, мая мамачка слухае і падпявае. Здаецца, я і зараз чую яе спевы. Матуля мая, Аляксандра Піліпаўна Рудніцкая, мела вельмі прыгожы голас і добры слых. Не маючы музычнай адукацыі, яна вучыла песні, слухаючы іх па радыё, а пасля выконвала іх на канцэртах мастацкай самадзейнасці, якія ладзіліся ў сельскім клубе. “Уральская рабінушка”, “Чарамшына”, “За туманам”, “Калі б я меў златыя горы” і многія іншыя песні былі ў рэпертуары маёй мамы. Але самай любімай была песня Марыны з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”. Яе мама выконвала з асаблівым натхненнем і поспехам. Аб’яўлялі маміна выступленне так: ”Спявае народная артыстка Палескай станцыі Аляксандра Рудніцкая” (мае бацькі працавалі на Палескай доследнай меліярацыйнай станцыі на Лунінеччыне).
Успамін трэці. Восень 1986 года. Маёй матулі 2 лістапада спаўняецца 55 год, і я звяртаюся ў віншавальную праграму Беларускага радыё з просьбай павіншаваць яе. Маю заяўку выканалі, маму вельмі прыгожа і цёпла павіншавалі з юбілеем, для яе прагучала…..ну, канешне, песня Марыны! Мы слухалі тую віншавальную праграму ўсёй сям’ёй. Я і зараз заўсёды вельмі хвалююся і нават плачу, калі чую любімую песню маёй мамачкі.
Успамін чацвёрты па тэме "Радыё ў маім жыцці" . Вясна 1995-га года. Наша сям’я рыхтуецца адзначыць у маі некалькі сямейных святаў – 20-годдзе нашага шчаслівага шлюбу з мужам Дзмітрыем Сцяпанавічам, дні нараджэння сына і мужа. Наш сямейны карабель на той час устойліва трымаўся на хвалях жыццёвага мора. Муж абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук, дачка вучылася ў педагагічным універсітэце, сын у ліцэі, я працавала настаўніцай у школе.
У красавіку таго года па радыё ішла гульнявая перадача-віктарына. Не памятаю дакладнай назвы, здаецца нешта накшталт “Прадоўжы казку”. Аўтарам і вядучай была Крысціна Побаль. Яна зачытвала пачатак нейкай казкі і прапаноўвала слухачам тэлефанаваць і ў прамым эфіры даваць свой варыянт заканчэння казкі. Найлепшы адказ атрымліваў прыз. У адзін з красавіцкіх дзён я слухала гэтую перадачу. Прагучаў пачатак казкі Андэрсена “Лёс дзядоўніка” (Судьба репейника)... У казцы распавядаецца пра стары куст дзядоўніку, які рос за плотам прыгожага квітнеючага сада і, доўга раздумваючы над сваім жыццём, прыйшоў да мудрай высновы (цытую казку): ”Калі дзеткі ўладкаваны добра, то бацькі могуць і за плотам пастаяць”. Я адразу ж патэлефанавала на прамы эфір і расказала пра бацькоў свайго мужа – Настассю Зьмітраўну і Сцяпана Фёдаравіча Пятніц. Яны нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей, гэта значыць у іхняй сям’і “сем Пятніц”. Усіх дзяцей бацькі ўладкавалі, усім далі адукацыю і таму маглі, як той казачны дзядоўнік, “стаяць за плотам” і шчасліва пазіраць на сваіх дзетак.
Я стала пераможцай у той гульні! І праз некаторы час мы з мужам паехалі ў Мінск за падарункам... Да нас прыйшла карэспандэнтка, узяла ў нас інтэрв’ю, якое затым прагучала па радыё і было надрукавана ў газеце. Дарэчы, тая карэспандэнтка расказвала, што калегі не верылі Крысціне Побаль і падазравалі, што на радыё патэлефанавала спецыяльна падрыхтаваная жанчына – вельмі ўжо цікавыя супадзенні былі ў прозвішчы, у казачным сюжэце і сямейнай гісторыі...
Жадаю ўсім супрацошнікам майго любімага Беларускага радыё здароўся, дабрабыту і творчых поспехаў. Спадзяюся яшчэ шмат гадоў быць з вамі на адной хвалі!