Падзяліцца:
Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Мар’ян Антонавіч Дзевяцень (п/а Войстам Смаргонскага раёна)
21 кастрычніка 2016
Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Мар’ян Антонавіч Дзевяцень (п/а Войстам Смаргонскага раёна) “...Так атрымалася, што ў час адной вандроўкі мне давялося апынуцца ў вельмі маляўнічай, багатай рознымі гісторыямі і легендамі, вёсачцы. Іду па вуліцы. Вакол усё патанае ў раскошы дрэў - вішні, чарэшні, яблыні, грушы... Бачу ў цяньку сядзяць жанчыны. Размаўляюць. Побач - мужчына такога ж узросту. Стары за важным заняткам - венікі вяжа! Убачыўшы мяне, пытаюцца: -Куды ідзеш, чалавек? Каго шукаеш у нашых краях? Можа што новае чуў? Што па радыё гавораць? - Я больш слухаць люблю, чым расказваць... - А чаму б і не! Раскажы, Галя, сваю гісторыю! ...Гэта было ў 50-я гады. Мінулага стагоддзя. Аднойчы мой тата прынёс дадому маленькую каробачку і кажа -цяпер мы будзем жыць цывілізавана! Слухаць пра ўсё тое, што робіцца ў свеце! Бацька дастаў з каробачкі невялікі апарацік, слухаўкі! Такія бачыла раней толькі ў кіно. На дварэ, на высокай жэрдачцы расцягнуў провад-антэну, падключыў да прыёмніка, і з навушнікаў пачулася музыка. Мы, дзеці, па чарзе перадавалі адно аднаму тыя слухаўкі. У нашых суседзяў радыё не было. І хлопчык Ягорка прыбягаў да нас. Мы садзіліся побач і слухалі! Сядзелі так блізка, што, здаецца, чула, як б’ецца яго сэрца. Мы настолькі прызвычаіліся слухаць разам радыё, што ўжо інакш і не маглі! Мы з Ягоркам скончылі сямігодку. Ён паступіў у вучылішча, атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста шырокага профілю, уладкаваўся працаваць у МТС. Праз нейкі час яго прызначылі брыгадзірам механізатараў. Я скончыла курсы аграномаў і таксама была накіравана ў тую ж МТС. І неяк чую па радыё: “Брыгада механізатараў, якім кіруе Ягор Цярэшчанка, заняла першае месца на вясенне-палявых работах!..” Мне так хацелася, каб вядучы ці дыктар прадоўжыў: “...і ў гэтым ёсць немалая заслуга агранома Галіны Завадскай...” ...І былі новыя нашы зімы і вёсны!. Неяк старшыня калгаса сустрэў і кажа: “Бачу, вы ўсюды разам?! Вось скончацца палявыя работы, камсамольскае вяселле згуляем! Думаю, вы не будзеце супраць?!“ Так яно і было! Згулялі. Калгас падарыў нам недабудаваны домік. Мы з Ягоркам давялі яго да ладу. Дзеці пайшлі... Дзякуй Богу - выраслі разумныя, працавітыя. Атрымалі вышэйшую адукацыю. Мы з Ягоркам на пенсіі. Ягорка часам дастае тыя самыя... слухаўкі са шкафа, мы садзімся побач, і нібыта слухаем радыё... Проста нам прыемна вяртацца ў далёкае дзяцінства і юнацтва...” Марыце стаць госцем нашага эфіру? Гэта проста! Дасылайце нам свае кароткія гісторыі і фотаздымкі, звязаныя з Беларускім радыё, і заваёўвайце сімпатыі на нашай старонцы ў Facebook! Пераможцы будуць запрошаныя да ўдзелу ў перадачы “Звычайныя гісторыі”!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: