- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Конкурс “Беларускае радыё ў маім жыцці” – Надзея Іванаўна Фёдарава (г. Салігорск).
- Конкурс “Беларускае радыё ў маім жыцці” – Надзея Іванаўна Фёдарава (г. Салігорск).

Радыё - гэта частка майго жыцця. І мужа, а цяпер і нашых дзяцей і ўнукаў. Калі па радыё гучыць песня “Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы...”, унук Аляксей падбягае, працягвае рукі і кажа: “Бабуля, бабуля! Пойдзем танцаваць! Гэта ж наша песня!” Ён памятае яе з палюшак, калі я насіла яго на руках і кружыла, нібыта ў вальсе!.. А ён абдымаў мяне ручаняткамі і прасіў: “Бабуля, яшчэ! Яшчэ!”
Памятаю, як некалі даўно, калі мне было гадоў пяць, убачыла на будынку сельсавета ў далёкай вёсачцы нешта падобнае на вялікую чорную талерку!.. Чула адтуль песні і размову... “І дзе ён там сядзіць - гэты чалавек?.. Яшчэ гаворыць і… спявае?”- думала, разважала я. Нават будынак абышла з усіх бакоў, зазірнула ўсюды… Запытацца ў дарослых чамусьці пабаялася. Усё спасцігала сама. Тым больш вельмі рана засталася без маці...
А калі коратка, радыё - гэта любоў да Радзімы, да свайго народа. Гэта гісторыя і памяць. Гэта – крыніца ведаў! Музыка і песні для душы! І таму без радыё проста немагчыма! Я слухаю яго штодзённа. Складваю для сябе расклад, што паслухаць, што важна не прапусціць! Сам дэвіз радыё “Будзем разам” аб’ядноўвае калектыў радыё і нас, слухачоў!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: