...Калі мне было чатыры гады, тата з зімняй сесіі прывёз радыёлу “Родина”. Тады ён вучыўся (завочна) ў Мінскім педагагічным інстытуце і два разы на год ездзіў у сталіцу здаваць экзамены.
Памятаю, вяртаўся заўсёды з цэлым чамаданам ласункаў ды падарункаў. А на гэты раз прыехаў яшчэ і з вялікай скрынкай. Што ж там такое?! Нарэшце ён яе распакаваў, і там на радасць ўсім аказалася радыёла! Тата працягнуў антэну, і ў нашым доме з таго часу назаўсёды пасялілася радыё!
Жылі мы тады на кватэры ў выдатнай, добрай, разумнай жанчыны Вольгі. Рана аўдавела, і каб лягчэй было гадаваць сына, здала маім бацькам-настаўнікам пакой з печкай-ляжанкай.
Радыёлу тата павесіў у кутку над гэтай ляжанкай, змайстраваўшы паліцу. Мой ложак стаяў непадалёку, таму радыё было добра чуваць. Калі я, маленькая, слухала яго, фантазіравала пра самыя неверагодныя прыгоды і гісторыі. Аб прынцах і прынцэсах, розных звярках, нават пра страшных ваўкоў... Цётачка Вольга вечарамі заходзіла да нас у пакой, каб паслухаць радыё. Мы потым спявалі тыя песні, якія чулі па радыё. Спявала звычайна яна, а я трохі падцягвала...
Яшчэ памятаю, што гэты прыёмнік сілкаваўся ад вадкаснай батарэі, якая праз некаторы час сапсавалася. А потым у доме з’явілася правадное радыё. Мой тата сабраў вясковых мужчын, і яны сваімі сіламі правялі электрычнасць і радыё. Нават слупы самі паставілі.
Радыё для мяне – гэта пажыццёва! Не ўяўляю свой дзень без яго! Гэта мой сябар, дарадчык, сусед...