“...У далёкім 1957 годзе мне было 7 гадоў. Жылі мы ў вёсцы Багданаўка. Бацькі працавалі ў калгасе. Грошай не было, асабліва на тое, каб набыць прыёмнік... Але ж усё ж такі наш бацька купіў рэпрадуктар, які каштаваў тады 50 рублёў! Да грашовай рэформы 1961 года... І ў нашай хаце загучала музыка, песні, радыёспектаклі! Электрычнасці не было, таму доўгімі зімовымі вечарамі ад гучання рэпрадуктара дабаўлялася нейкага асаблівага святла і цяпла.
Але ж з таго рэпрадуктара не заўсёды чулася якаснае гучанне. І вось аднойчы, калі нікога не было ў хаце, я з выглядам вялікага знатака, адчыніў вечка і паспрабаваў адрамантаваць гэты механізм: павялічыць гук. Адарваліся правадкі. Я іх скручваў, але ж вынікаў аніякіх... Рэпрадуктар наогул замаўчаў. Я вельмі расхваляваўся, чакаў, што тата будзе моцна сварыцца, але ж пранесла. Праз нейкі час ён набыў новы.
...Служыў я ў ваенна-марскім флоце, на Чорным моры. Аднойчы паслаў на радыё верш. Прысвяціў маме. Яго прачыталі! На ўсю краіну! Некалькі радкоў працытую:
Ты всегда в моём воображеньи,
Милая и добрая моя,
Ты во мне как май в цветенье,
Ты как в небе ясная звезда.
Сколько тебя жизнь поистрепала,
Сколько ты невзгод перенесла,
Милая и ласковая мама,
Ты всегда мне будешь дорога!
...Зараз у мяне ёсць многае: і камп’ютар, і спадарожнікавая талерка, і радыёпрыёмнік, але ж той час, калі далучыўся да радыё, запомніўся назаўсёды. Радыё мяне выхоўвала, вучыла роднай мове, быць патрыётам сваёй радзімы, працаваць з поўнай аддачай, быць рамантыкам і аптымістам...”