Падзяліцца:
7 Красавіка 2017
Было гэта ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Якраз тады мой дзядзька Валодзя працаваў ляснічым. Было яму крыху больш за 30, жонка Ніна на 5 гадоў маладзей за яго. Жыла сям’я ў будынку лясніцтва. Быў ці то канец лета, ці то пачатак восені... У госці да Валодзі з Нінай прыехалі брат і сябар, абодва халасцякі. Ніна, якая даўно нікуды не выязджала, і кажа: “Маладыя, энергічныя, будзеце самі ежу гатаваць, боршч, канешне, звару! Гаспадарце, а я паеду ў Жлобін, па крамах прайдуся...” Ніна адвяла дзяцей да маці, паказала, дзе прадукты і г.д, і папрасіла мужа вечарам яе сустрэць. Ад чыгункі да дома недзе кіламетры чатыры. Цэлы дзень хадзіла па крамах, накупіла прадуктаў - і цукру, і алею, і круп, і хлеба! Нават тканіны - сабе і дачушцы на сукенкі. Даволі цяжкія атрымаліся валізы! Выйшла з цягніка на перон, агледзелася... Няма нікога... Крыху пачакала. “Спазняецца, - падумала. - Ну нічога... Пайду паціху, сустрэнемся... Адна ж дарога..." Пройдзе крыху, прыпыніцца, адпачне і далей... Пачало змяркацца. Хутка іх кватэра... Здалёк Ніна пачула музыку, песні. Падышла. Радыё гаворыць на ўсю моц! Вокны адчыненыя. Бачыць - сядзяць яе госці і муж, у шахматы гуляюць... У нейкі момант Ніне захацелася адчыніць дзверы, паўшчуваць мужа за тое, што не сустрэў, але ж... Прысела на лавачцы пад ліпай і заслухалася. Па радыё канцэрт перадавалі... Песні мілагучныя... Падумала: “Муж днямі на працы прападае, то ў лесе, то ў канторы... Часта няма часу, каб паабедаць... А тут брат, сябар... За размовамі і забыўся. Ён жа ніколі слова кепскага не сказаў, рукі не падняў..." Сядзела Ніна на лаўцы, слухала радыё і ўспамінала іх з Валодзем гісторыю - сустрэчы, знаёмства... У хату пайшла толькі тады, калі скончылася музычная перадача. Ну, а далей была “нямая сцэна”! Адзін з гасцей упаў перад Нінай на калені, другі- працягнуў качаргу, маўляў, “На, бі! Заслужылі!” Не вытрымала Ніна, засмяялася. І крыўды як ні бывала!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: