Падзяліцца:
Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Валерый Фёдаравіч Тогулеў (г. Віцебск)
28 кастрычніка 2016
Конкурс "Беларускае радыё ў маім жыцці" - Валерый Фёдаравіч Тогулеў (г. Віцебск) "Пачынаючы з пасляваеннага дзяцінства Беларускае радыё суправаджае мяне усё жыццё. Акрамя пяці гадоў, калі жыў па-за межамі Беларусі. У далёкім 1956-м на апошнім школьным сходзе Варапаеўскай школы - цяпер гэта Пастаўскі раён - класны кіраўнік прапанавала ўсім класам (!) паехаць на “вялікія будоўлі камунізму”! Наша пакаленне было выхавана на патрыятычна-рамантычных традыцыях. Гэтаму спрыяла і радыё! Па ім гучалі заклікі да моладзі ехаць на камсамольска-маладзёжныя будоўлі тады яшчэ Савецкага Саюза. На цаліну! З майго класа паехалі пяць чалавек, у тым ліку і я. Аднакласнікі праводзілі нас з выпускнога вечара на станцыю. На цягнік да Маладзечна. Затым зборны беларускі атрад ехаў да Масквы. Далучылася моладзь з Гродзенскай вобласці. Мы апынуліся ў Казахстане - горад Джэсказган. Там я адпрацаваў два гады, потым была служба ў арміі - ў Краснаярску. Ішоў 1961 год. Перада мною стаяў выбар - застацца на будоўлі, ці вярнуцца дадому, у Беларусь. Перамог покліч роднай зямлі. Вырашыў паступаць у Беларускі політэхнічны інстытут -цяпер БНТУ. Калі цягнік Масква-Калінінград перасёк мяжу Беларусі, і у вагоне я пачуў Беларускае радыё, загучала родная мова - я не змог стрымаць слёз! Ад радасці сустрэчы з радзімай! І тады я вырашыў больш не пакідаць сваёй Беларусі. Беларускае радыё патрэбна мне як...паветра! Бо наша радыё сапраўды нацыянальнае! Дзе заўсёды гучыць беларуская родная мова! Вялікі дзякуй усім яго супрацоўнікам!" Марыце стаць госцем нашага эфіру? Гэта проста! Дасылайце нам свае кароткія гісторыі і фотаздымкі, звязаныя з Беларускім радыё, і заваёўвайце сімпатыі на нашай старонцы ў Facebook! Пераможцы будуць запрошаныя да ўдзелу ў перадачы “Звычайныя гісторыі”!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: