
Марыце стаць госцем нашага эфіру? Гэта проста! Дасылайце нам свае кароткія гісторыі і фотаздымкі, звязаныя з Беларускім радыё, і заваёўвайце сімпатыі на нашай старонцы ў Facebook! Пераможцы будуць запрошаныя да ўдзелу ў перадачы “Звычайныя гісторыі”!
Вера Іосіфаўна Шыловіч (в.Свяціца, Ляхавіцкі раён):
“...Гэта быў сапраўдны цуд, калі ў маёй роднай вёсцы Ліпск правялі радыё! Вёсцы, аддаленай і ад раёна, і ад вобласці, і ад сталіцы. Свята ды і толькі! Ніколі не выключаліся тыя “чорныя рупары”- ні ў хатах, ні на “рынку” (так у нас здаўна называюць цэнтр вёскі). Гаварыў і спяваў гэты, як ахрысціў яго сусед - “апарат” ад раніцы і да вечара. Людзі збіраліся каля тэлеграфнага слупа, каб паслухаць, аб чым гаворыць радыё. Абмяркоўвалі пачутае. Спрачаліся ці ўхвалялі. Радыё адкрыла перад намі цэлы сусвет!
У нашай хаце таксама гаманіў гэты рупар. Нас, дзяцей, ужо не здзіўляла, бо мы ведалі, хто такія дыктары (у школе растлумачылі), ды і пра тэхнічны бок таксама было крыху ўяўлення.
А вось татава маці - бабуля Тэафілія (якое незвычайнае імя!) ніяк не магла зразумець аднаго: гаворыць, спявае, грае - а як гэта можа быць?! І вось аднойчы бачу: стала бабуля на ўслончык, зняла радыё і з усіх бакоў стала яго разглядаць... А потым - то прыкладзе да вуха, то патрасе... І зноў да вуха.
Пытаюся са смехам: “Што гэта ты робіш, бабуля?” А яна кажа з недаверам: ”Ты не смейся з мяне, а лепш скажы - вось чалавек, чую, там гаворыць, а як ён туды залез?”
Мы спрабавалі ёй раслумачыць, але гэта яе не пераканала. Так і дзівілася яна гэтаму загадкаваму чалавеку да скону дзён”.