Падзяліцца:
29 мая 2018
Трапіць на Канскі кінафестываль, калі вы не прадстаўнік кінабізнесу і не крытык – цяжкая задача; ды і для прэсы ўмовы працы год ад году ўсё больш складаныя. Доўгія чэргі пад пякучым сонцам або ў дождж – тое, да чаго ўжо прывыклі. А вось адзін з апошніх скандалаў – паказы для кінааглядальнікаў цяпер толькі пасля афіцыйных прэм’ер. Раней было як – часопісы, газеты і тэлеперадачы выходзілі праз дзень, і нават калі той ці іншы фільм атрымліваў дрэнную прэсу, аўтары паспявалі прайсці па чырвонай дарожцы і выкупацца ў авацыі – публіка на сеансах з удзелам здымачнай групы, як правіла, рэагуе добразычліва. Цяпер жа аглядальнікі пішуць водгукі ў Твітар і Фэйсбук, не паспеўшы выйсці з залы. Іх, зразумела, чытаюць і рэжысёры; і ў выніку (паводле слоў дырэкцыі фестываля) ў іх няма настрою ісці на афіцыйны паказ. Апошні такі скандал звязваюць з імем Шона Пэна – пасля таго, як яго фільм быў разгромлены прэсай, капрызная “зорка” ледзь не з’ехала з Канаў. Таму, пачынаючы з гэтага мая, водгукі дасягаюць аўтараў па дарозе дадому. Зрэшты, сёлета нізкіх адзнак было не так і шмат. А фільм “Палаючы” Лі Чхан-Дона ўвогуле набраў рэкордныя 3,8 бала з 4 у рэйтынгу часопіса “Screen”. (Што, аднак – характэрны момант – зусім не паўплывала на выбар журы, якое поўнасцю праігнаравала карэйскую стужку). Фаварыт кінакрытыкаў, дарэчы, хутка выйдзе на экраны – прэм’ера прызначана на ліпень. А ўжо на наступным тыдні ў нашым пракаце фільм, што перамог у галасаванні расійскай прэсы – стужка “Лета” Кірыла Сярэбранікава пра культавых музыкантаў 80-х Віктара Цоя і Майка Навуменку. Што тычыцца ўладальніка Залатой пальмавай галіны, фільма “Крамныя злодзеі”, то правы на яго паказ на тэрыторыі СНД пакуль не набыты. Тым не менш, адчуць сябе ў Канах мінскі глядач можа і сёння. Зараз на вялікіх экранах адразу тры стужкі, так ці інакш звязаныя з Блакітным берагам. Самая першая прэм’ера гэтага года, што да нас дайшла – “Хан Сола”. Зразумела, паказвалі ў зале “Люм’ер” яе па-за конкурсам. На маю думку, фільм хоць і ставіцца да сусвету “Зорных войн”, але амаль пазбаўлены ўсяго таго, што робіць гэтую эпапею асаблівай. Ні джэдаі з іх “сілай”, ні супрацьстаянне Імперыя-паўстанцы, ні сямейная сага Скайуокераў не тое што не ў цэнтры – нават не на перыферыі сюжэта. І таму карціна ўяўляе сабой крыху “олдскульны” баявік, які, хутчэй за ўсё, застанецца прахадным. Адзіны незвычайны персанаж (на які багатая не толькі арыгінальная трылогія, але і менш паспяховыя прыквелы і сіквелы) – робат-феміністка L3, што падбухторвае на паўстанне дроідаў і патрабуе роўных правоў ад свайго гаспадара Лэнда Калрысіана. Выканаўца галоўнай ролі – Олдэн Эренрайк – стараецца паходзіць на Харысана Форда, але проста не валодае такой харызмай; оскараўскі намінант Вудзі Харэльсан, здаецца, сумуе і лянуецца сыграць штосьці новае, а Эмілія Кларк разам з парыком Дэйнэрыс губляе і ўсё сваё зачараванне, і, здаецца, акцёрскае майстэрства. А ключавыя моманты сюжэту – знаёмства Хана з Чубакам і набыццё карабля “Сокал тысячагоддзя” – маглі б зняць неяк больш узнёсла. За “Ханам Сола”, захапіўшым большасць экранаў, лёгка не заўважыць дзве сціплыя стужкі, што ідуць у абмежаваным пракаце, але менавіта яны дазваляюць адчуць кінаатмасферу набярэжнай Круазэт больш канцэнтравана. Па-першае, гэта фільм свежага пераможцы Канскага фестывалю Хіракадзу Карээды. І хоць карціну “Трэцяе забойства”, пра якую размова, паказвалі ў Венецыі, гэты японскі рэжысёр даўно, што называецца, “у пуле” галоўнага агляду планеты – на Блакітны бераг ён прывозіў 6 фільмаў. “Трэцяе забойства” – гэта дэтэктыў наадварот. Мы з самага пачатку ведаем, хто вінаваты; няма сумненняў і ў адваката, які бярэцца абараняць падсуднага. Ды і праўда для яго не мае сэнсу; як водзіцца ў юрыдычнай практыцы, праўда – гэта тое, што дапамагае змякчыць прысуд (у даным выпадку, паколькі меркаваны злачынец ужо адсядзеў за падвойнае забойства, яму пагражае смяротнае пакаранне). Але з кожным дыялогам, з кожным пранікненнем у абставіны карціна, якую мы бачылі ў пачатку, размываецца. І разгадка не набліжаецца, а аддаляецца; а ўся гісторыя, як сапраўды добры дэтэктыў, ператвараецца не ў пошукі забойцы, а ў пошукі Бога. Ці ёсць людзі, якія не павінны былі быць народжаныя? Ці можа чалавек забіраць жыццё іншага, зыходзячы з добрых намераў? Дзе праходзіць грань паміж судом і ратаваннем?.. Дарэчы, дзякуючы рэжысёрскай знаходцы, грань гэта не толькі метафарычная – апошняя сустрэча паміж падсудным і абаронцам знята ў адлюстраванні, так што іх твары накладаюцца адзін на адзін, сціраючы контуры. Італьянка Алічэ Рарвахер, дарма што ёй усяго 36, таксама ўжо ў “канскай наменклатуры”, і хоць саступае японцу ў колькасці, але пераўдзыходзіць у якасці. Абодва яе фільмы атрымлівалі ўзнагароды – сёлета “Шчаслівы Лазар” адзначаны за сцэнарый, а ў 2014-м “Цуды” былі ўдастоены Гран-пры журы. Калі гэтай вясной у нашым пракаце з’явілася стужка “Галодныя сэрцы”, я падумаў, што гэта рэкорд – паказваць у кіно фільм амаль праз 4 гады пасля сусветнай прэм’еры. Але глядзі ж ты, не прайшло і месяца, як выйшлі “Цуды” – не інакш, капрыз прыхільніка цудоўнай італьянскай актрысы Альбы Рарвахер (яна сястра Алічэ), якая грае ў абедзвюх стужках. Гэты бразгучы спякотна-летні фільм пра сям’ю пчаляра, што жыве ў італьянскай глыбінцы – і гісторыя сталення, і вечная тэма розных маральных арыенціраў у бацькоў і дзяцей, аптымістычнае “бывай” Італіі патрыярхальнай і сумнае – Італіі-да-турыстычнага-буму.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: