
Не думаў, што калісьці давядзецца гэта канстатаваць, але: тое, што мы прывыклі называць “вясеннім футболам”, у апошнія гады адносіцца бадай што да надвор’я. Штучныя газоны, на якіх прайшла большая частка матчаў першых двух тураў Беларусбанк-чэмпіянату Беларусі, дазволілі многім дружынам паказаць, а нам – разглядзець – і добрую тэхніку асобных футбалістаў, і прывабную камандную гульню. Прынамсі, у некаторых сустрэчах, на якіх мне давялося пабываць асабіста.
Адзінае, што падкачала – інтарэс балельшчыкаў. У 1-м туры стадыён “Шахцёр” у Салігорску чакаў аншлагу, але відавочна не дацягнуў, што б там не пісалі ў афіцыйным пратаколе – і гэта нягледзячы на бясплатны ўваход і дэсант балельшчыкаў-гасцей. І шкада, бо гульня, дарма што лік 0:0, была цікавай і трымала ў напружанні. Спачатку – прыхільнікаў “Шахцёра”, калі дынамаўцы па-гаспадарску захапілі мяч і мелі магчымасці адкрыць лік. А вось пасля перапынку гаспадароў нібы падмянілі, настолькі агрэсіўна і па-забіяцку яны зайгралі. Але пра “Шахцёр” крыху пазней.
Нягледзячы на тое, што надвор’е за тыдзень значна палепшылася і стала сапраўды футбольным, большасць матчаў 2-га тура зноў прайшла на штучным газоне – “натуральную” траву падрыхтавалі толькі ў Жодзіне і Магілёве (а ў першым туры – у Гродне, Гарадзее і Барысаве). А, напрыклад, у Віцебску і Брэсце ўсё чакаюць, пакуль сама вырасце, і гэта, як і ўспаміны пра леташні “агарод” на “Брэсцкім”, прымусіла “Дынама” задумацца пра ўзвядзенне ўласнага стадыёна. Маленькае “Юнацтва” перажыло аншлаг на матчы з “Прамянём”, а што было б, калі б у гэты дзень каляндар “падкінуў” больш рэйтынгавага саперніка?.. Ды і якія перавагі не мела б сінтэтыка – большасць каманд усё ж рыхтавалася зімой на натуральным газоне.
А ёсць жа і яшчэ адзін адваротны бок – многія футбалісты схільныя атрымліваць траўмы. Так, сінтэтыка супрацьпаказана напрыклад Фурлану – вось пакуль і не выпускаюць форварда ў “Віцебску”. За Арцёмам Мілеўскім гэтага, здаецца, не вадзілася, але менавіта яго страта зараз турбуе трэнерскі штаб “Дынама”. “Хуткая” забірала лідара брэсцкіх атак ад самай броўкі, а яго крык пры ўпраўленні рукі чуў увесь стадыён. Што да самога паядынку з дэбютантам вышэйшай лігі, то гаспадары вельмі хутка зрабілі лік 2:0 – абодва мячы забіў Павел Савіцкі. І толькі пасля гэтага “Прамень” перастаў выглядаць нібы батанік перад хуліганам і адрадзіў інтрыгу. Хаця пасля перапынку “Дынама” ўсё ж было бліжэй да трэцяга гола, чым госці да нічыі.
У суботу каманда Радаслава Латала завітае ў Барысаў да галоўнага ньюсмейкера міжсязоння. Першае ў гісторыі запрашэнне трэнера “з боку”, вяртанне Аляксандра Глеба і зыход Віталя Радзівонава… І нават нягледзячы на захаванне ў складзе “асноўных штыкоў”, многія прадказваюць: адстаяць чэмпіёнскі тытул БАТЭ будзе як ніколі цяжка. Сапраўды, тое, што мы пакуль бачым на полі, далёка ад дасканаласці, але дзве перамогі ў двух матчах і 1-е месца – паказчык класу.
Максімальны вынік пасля двух тураў яшчэ ў “Дняпра”. Дадайце выхад у паўфінал Кубка – і вось вам каманда-адкрыццё. На іншым полюсе – “Шахцёр”, які спачатку саступіў таму ж “Дняпру” ў Кубку, а цяпер не можа перамагчы і ў чэмпіянаце. І калі нічыю з Брэстам яшчэ можна запісаць у актыў, то бязвольнае паражэнне ад “Віцебска” – яшчэ адзін сімптом таго, што ў камандзе не ўсё ў парадку. Так, форвард Дзяніс Лапцеў пасля замены не захацеў дзяліць з партнёрамі лаўку запасных і назіраў за канцоўкай матчу з супрацьлеглага боку стадыёна. А пакідаўшы яго, трэнер Марэк Зуб дадаў хмарнасці гораду на Дзвіне ў гэты ясны дзень. “Не ўсё пад кантролем, не ўвесь патэнцыял рэалізуем”, - скажа ён пасля на прэс-канферэнцыі.
А пачыналася ўсё для “Шахцёра” лепей не прыдумаеш – хуткі гол і далей лаві сабе саперніка на контратаках. Злавілі, аднак, саміх “гарнякоў”, прычым на апошняй хвіліне і калі лік ужо стаў нічыйным. 2:1 - і балельшчыкі абдымаюцца з футбалістамі. Гульня праходзіла на трэніровачным стадыёне, дзе трыбуны размешчаны прама каля поля. Гэтую асаблівую атмасферу адзначыў пасля гульні трэнер “Віцебска” Сяргей Ясінскі. Маўляў, у нас добрая прыгожая арэна, але гэтыя бегавыя дарожкі… Калі ж выходзіш на поле ў тых жа Барысаве і Гомеле – зайздрасць бярэ, так усё кампактна і блізка.
Зусім як у Англіі, дзе стадыёны, як кажуць, “чыста футбольныя”. А вось манера гульні, якую нядаўна называлі “англійскай”, але якая сёння ўласціва бадай што камандам ніжняй паловы табліцы прэм’ер-лігі, відавочна даспадобы некаторым беларускім лідарам. Я пра мінскае “Дынама” Сяргея Гурэнкі. Але калі ў матчы з жодзінскім “Тарпеда”, якое да апошняга змагалася за перамогу, усё спрацавала, то “Іслач” уперлася рогам і адстаяла нічыю. А мы зноў засумняваліся ў чэмпіёнскіх амбіцыях мінчан з такой атакай.