Да Алімпіяды ў Пхенчхане - кульмінацыі зімовага сезона – яшчэ амаль месяц, але і гэтыя дні для аматараў спорту насычаныя на падзеі. Біятлон, гандбол, хакей - толькі паспявай сачыць.
Не буду спрачацца - суперфінал Кантынентальнага Кубка, у якім паспяхова выступіла “Юнацтва”, спаборніцтва цікавае. Але наўрад ці яно займала кагосьці па-за межамі невялікага, прама скажам, кола прыхільнікаў гэтай каманды. Ды і самі “чырвона-сінія” змагаліся не столькі за перамогу, колькі за бонус – удзел у Лізе Чэмпіёнаў, сапраўды рэйтынгавым турніры з прадстаўнікамі чэмпіянатаў КХЛ, Фінляндыі, Швецыі, Германіі. Хто ж прыехаў у Мінск сёлета?.. Каманды з Францыі, Вялікабрытаніі, Казахстана – хакейных краін далёка не першага шэрагу. І трыумф таго ж “Юнацтва” ў Кантынентальным Кубку-2007, калі былі здабыты перамогі над фінскім “Ільвесам” і расійскім “Авангардам”, важыць куды больш.
Як і малы Крыштальны глобус Надзеі Скрадзіна за перамогу ў заліку біятлоннай класікі - гонак на 15 км. І хоць беларуска ў Германіі згубіла былыя хуткасці (з тым жа “нулём” у Эстэрсундзе яна была першай, у Рупольдзінгу – толькі сёмай), будзем спадзявацца –выйдзе на другі “пік” формы як раз перад Алімпіядай.
Дар’я Домрачава здольна праляцець па лыжні роўна ўвесь сезон; ключ да яе поспехаў – дакладнасць, а яшчэ – жвавасць на стрэльбішчы, дзе біятланістка губляе львіную долю часу. Пакуль Даша ўладкоўваецца, якая-небудзь Вірэр ужо і адстраляцца паспее. Зрэшты, мы прывыклі ўвязваць добрую фізічную падрыхтоўку выключна з ходам па дыстанцыі, у той жа час як сама спартсменка калісьці казала мне ў інтэрв’ю: разглядаць хуткасць асобна ад стральбы няслушна. Пакажаш лепшыя секунды на трасе, а пасля язык з плеч, вінтоўка хадуном, а кулі - міма, якая ж тут падрыхтоўка?..
Тым часам за фізічную гатоўнасць нашых гандбалістаў адказвае… былы біятланіст Вадзім Сашурын. Зборная зараз на чэмпіянаце Еўропы ў Харватыі і сёння ў яе паядынак з дзючымі чэмпіёнамі свету французамі – вось галоўны “хіт” вечара, няхай не крыўдуюць хакеісты мінскага “Дынама”. У адрозненне ад “зуброў”, у якіх шансы на плэй-оф хіба што тэарэтычныя, каманда Юрыя Шаўцова, хутчэй за ўсё, задачу-мінімум вырашыла і цяпер можа марыць пра лепшы вынік на топ-турнірах (пакуль гэта 10-е месца).
Багата на падзеі і футбольнае жыццё. Новы трэнер у БАТЭ, спрэчка Брэста і Гродна за Паўла Савіцкага, магчымае скарачэнне вышэйшай лігі… Навін хапае, нягледзячы на міжсезонне, і тыя, што маюць беларускія крыніцы, падчас даюць фору міжнародным. Да фінішу еўрапейскіх топ-чэмпіянатаў яшчэ пяць месяцаў, але без рызыкі памыліцца чэмпіёнаў Англіі, Іспаніі, Германіі і Францыі можна назваць ужо сёння. Інтрыга засталася толькі ў “Серыі А” – ці адбярэ “Напалі” тытул у “Ювентуса”.
Сапраўды вялікі трансфер гэтай зімы – пераход Феліпе Кауціньё з “Ліверпуля” ў “Барселону” – сцежкай Луіса Суарэса, так бы мовіць. Тады страта галоўнага бамбардзіра стала пачаткам краху англійскай каманды. На выручаныя грошы “Лівер” кінуўся купляць ігракоў пачкамі ў спадзяванні замяніць уругвайца калі не якасна, дык колькасна. З тых “закупаў” зараз у складзе толькі Адам Лалана… І адным з пытаннем вакол цяперашняга “стамільённага” пераходу было – ці не паўтораць трэнерскі і селекцыйны штаб памылак мінулага. Вялікая спакуса патраціць грошы на Лемара (на зорку “Манака” прэтэндуе таксама “Арсенал”); з’явілася навіна і пра нібыта датэрміновы трансфер Набі Кейта, аднак хутка яе абверглі (па ўмовах пагаднення паўабаронца пераедзе з “Лейпцыга” ўлетку).
Шмат гаварылася і пра ўнутраныя рэзервы – гуляў жа “Ліверпуль” палову матчаў сезона без бразільскага “чараўніка”, і як мінімум не горш. Магчыма, сярэдняй лініі часам не хапала крэатыву ў атацы, затое ў абароне ўсе адпрацоўвалі як след. Ды і кожная з альтэрнатыў у атакуючай тройцы (Манэ-Салах-Фірміна) пераўзыходзіла Кауціньё ў хуткасці, што цяжка пераацаніць у фокусе гульні каманды ў высокі прэсінг і нацэленасці на контратакі.
Першую сур’ёзную праверку на трываласць “Ліверпуль” трымаў у нядзелю. У госці завітаў непераможны дагэтуль “Манчэстар Сіці”. Аналітыкі наперабой прадказвалі: калі “блакітныя” дзе і згубяць тры ачкі, то на “Энфілдзе”. А балельшчыкі прадчувалі лепшы матч у сезоне. І чаканні спраўдзіліся. У адрозненне ад большасці сапернікаў “Сіці” па прэм’ер-лізе, мерсісайдцы не прыпаркавалі так званы “аўтобус” у чаканні шальнога шансу, а пачыналі атакаваць сапернікаў яшчэ ля іх штрафной. Мы ведалі, што абарона “Ліверпуля”, мякка кажучы, не ідэальная (і галы гасцей яшчэ раз нагадалі пра гэта), і невядома, што робіць у варотах топ-клуба Карыус. Але як нярвуецца і памыляецца звыклая да няспешнай перапасоўкі задняя лінія “Манчэстара” – магчыма, стала непрыемным адкрыццём і для трэнера “сініх” Хасэпа Гвардыёлы. Калі вы прапусцілі гэта відовішча - знайдзіце у Інтэрнэце хаця б гол Махамеда Салаха.
Калі хочаш перамагчы дракона – трэба самому ім стаць. Рэзюмэ трэнера Юргена Клопа: “Толькі гуляючы ў смелы футбол, можна перайграць «Сіці». У адваротным выпадку ты проста спадзяешся выйграць у латарэю”.