Падзяліцца:
25 верасня 2018

Напярэдадні на Барысаў-Арэне было нязвыкла ціха – сябры, калегі, трэнеры і балельшчыкі прыйшлі развітацца з Анатолем Капскім. Пераацаніць яго ўклад у наш футбол немагчыма. Ён прывёз у Беларусь “Барселону”, “Рэал” і “Баварыю”, даказаў, што клуб можа годна гуляць у еўратурнірах, зарабляць грошы і поўнасцю акупляць сябе, удзельнічаў у станаўленні футбалістаў, якія ігралі ў вядучых еўрапейскіх чэмпіянатах, і паверыў у трэнера, які ўпершыню вывеў у групавы раўнд Лігі Чэмпіёнаў БАТЭ і выклікаў павагу самога Жазэ Маўрыньё.

Калі вы пісалі пра беларускі футбол, вы проста не маглі не пазнаёміцца з «Анатольічам», як называлі яго многія. Ён вітаўся перад матчам з кожным, хто прыходзіў у прэс-ложу Гарадскога стадыёна Барысава, і я, тады яшчэ малады журналіст-пачатковец, пачынаў адчуваць сябе “профі” з 20-цігадовым стажам. Ды што там прэса – кажуць, Капскі чытаў і адказваў ледзь не на кожны каментарый пра БАТЭ у Інтэрнэце.

Аднойчы напярэдадні чарговага сезону адзін партал замовіў мне артыкул пра магчымае адраджэнне інтрыгі ў чэмпіянаце Беларусі – мінскае “Дынама” падпісала тады Дзмітрыя Сычова і Крысціяна Абадо, БАТЭ адказаў чарговым вяртаннем сваіх выхаванцаў, у якіх не склалася кар’ера за мяжой. Праўду кажучы, мне не надта верылася, што “бела-сінія” адбяруць “трон” у “жоўта-сініх”, але такія меркаванні чытаць не так цікава, як нататкі пад правакацыйным загалоўкам накшталт “Канец эпохі БАТЭ?”, няхай і з пытальнікам у канцы. Прозвішча майго, трэба сказаць, там не было, і адзін з першых каментатараў пытаў - хто аўтар? Я да гэтай пары падазраю, што каментатарам гэтым быў сам Капскі.

Што такое сварыцца з Анатолем Анатольевічам - на ўласным вопыце, я, па шчасці, так і не зведаў, затое гісторый яго спрэчак з іншымі журналістамі даволі шмат. Адзін з калег неяк расказваў мне, што пасля чарговага крытычнага матэрыялу Капскі даведаўся яго тэлефон у рэдакцыі і пасля доўга тлумачыў майму сябру, у чым ён не мае рацыі. Але наколькі хутка кіраўнік БАТЭ “загараўся”, настолькі лёгка адыходзіў – і вось ён зноў паціскае руку былому “праціўніку” на родным стадыёне.

Многія аглядальнікі, канечне, крыўдзіліся – богу богава, кесару кесарава – я ж не лезу ў справы БАТЭ, вось і вы не вучыце мяне пісаць пра футбол. І я, натуральна, да пары стаяў на гэтых пазіцыях, пакуль у асабістай размове, якая адбылася хутка пасля аднаго з самых адчувальных паражэнняў клуба на еўраарэне (0:5 ад “Барселоны”), Анатоль Капскі не падзяліўся, як балюча гэта перажываў.

“Мала таго, што ва ўсім свеце па нас праехаліся, так тут жа свае, тыя, каго добра ведаю і паважаю, льюць тоны гразі, хаця яшчэ ўчора ўзнімалі да нябёс, - з крыўдай казаў Анатольіч. – І добра б раз напісалі, два, а то ж да гэтай пары – зноў і зноў, і я ўсё гэта чытаю, быццам зноў бачу адзін і той жа жахлівы сон”. Тады я толькі падзівіўся, як у яго хапае здароўя – прымаць так блізка да сэрца кожны радок у прэсе. Аказалася – усё ж не хапае…

Няроўна складваліся адносіны і з трэнерамі. Вось што памятаю з таго ж інтэрв’ю: “Мы з Віктарам Міхайлавічам Ганчарэнкам можам спрачацца, крычаць, даказваць адзін аднаму да хрыпаты сваю правату, але пасля гэтак жа хутка можам супакоіцца і вынесці з усяго гэтага нейкі канструктыў. Так і з Пунтусам было. А вось з Ігарам Мікалаевічам (Крывушэнкам) было вельмі цяжка. Ён крыўдзіўся, трымаў усё ў сабе, а я не ведаў, як да яго падступіцца”.

Здараліся розныя сітуацыі і з футбалістамі. Анатоль Капскі мог дараваць усё – паражэнне, няўдалую гульню, але ніколі – абыякавасці. Кажуць, ён быў найлепшым матыватарам – і тут у маёй памяці назаўсёды застаўся паядынак у адказ з АЕКам. На Кіпры барысаўчане прайгралі 0:2 (а гэта быў усяго толькі першы адборачны раўнд), і атрымалі такі наганяй ад Капскага, што дома насіліся нібы з маторамі ніжэй спіны. Вынік – 3:0, у другім раўндзе без праблем пройдзены клуб з Ісландыі, затым дастойнае супрацьстаянне румынскай “Сцяуа” і іспанскаму “Вільярэалу”. Да першай “групы” Лігі Чэмпіёнаў заставаўся год…

Калі задумацца, у нашым футболе ўсё ж было багата Асоб з вялікай літары. Эдуард Малафееў вярнуў цікавасць да нацыянальнай зборнай, Хацкевіч і Бялькевіч вялі да вяршынь кіеўскае “Дынама”, Аляксандр Глеб гуляў у фінале Лігі Чэмпіёнаў, а Віктар Ганчарэнка граміў “Баварыю”. І ўсё ж гэтая эпоха будзе насіць іншае імя – імя Анатоля Капскага.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: