Амерыканская кінаакадэмія назвала намінантаў на прэмію “Оскар”. Лідарства па колькасці ўзгадванняў (13) – у стужкі Гільерма дэль Торы “Форма вады”. Яна зусім крыху на дацягнула да рэкордаў “Ла-Ла Лэнду”, “Тытаніка” і “Ўсё пра Еву”, у якіх было па 14 намінацый.
“Форма вады”, што зараз як раз ідзе ў нашым пракаце – нешта сярэдняе паміж “Чалавекам-амфібіяй” (якую дэль Тора, аднак, не чытаў і не глядзеў) і “Прыгажуняй і пачварай”. У разгар халоднай вайны ў адну з амерыканскіх лабараторый дастаўляюць цэнны груз – лускаватую істоту з поймы Амазонкі, якую абарыгены лічаць богам. У яе ўлюбляецца нямая прыбіральшчыца, і, ўзяўшы ў памагатыя яшчэ некалькі такіх жа “адрынутых”, спрабуе вызваліць “іхціяндра”.
З першых кадраў і тактаў карціна нагадвае “Амелі” (хоць і крыху нуарную версію); ёсць агульнае ў “Формы” і з “Ла-Ла Лэндам” (тая ж любоў да старых мюзіклаў і агульны эскапічны настрой). Дадаём да рамантызму і ўсіх гэтых чорна-белых танцаў пад дажджом дыскрымінацыю меншасцяў, выводзім у якасці антаганіста белага мужчыну, апантанага традыцыйнымі амерыканскімі каштоўнасцямі – і вось ён, сакрэт поспеху ў “цёмныя часы” разгулу непаліткарэктнасці і скандалу імя Харві Вайнштэйна. Жанравая па сутнасці стужка перамаге ўсе патугі “аўтарскага” кіно на фествалі ў Венецыі і становіцца галоўным фаварытам у оскараўскай гонцы. Не падумайце, што фільм мне не спадабаўся – візуальна ён на ўзроўні лепшых работ мексіканскага рэжысёра, але слова “форма” стаіць на першым месцы не толькі ў назве. Калі казаць пра змест – новага і непрадказальнага тут мала, а сапраўды захапляе толькі адна сцэна, ў якой гераіня Салі Хокінс (вось тут намінацыя заслужаная) пачынае спяваць.
“Ла-Ла Лэнд”, зрэшты, пры ўсеагульнай любові да яго, галоўную статуэтку так і не атрымаў; думаю, абмяжуецца другаснымі перамогамі і “Форма вады”. А Оскар за лепшы фільм, нагадаю, дастаўся “Месяцоваму святлу”. Аналаг леташняга трыумфатара ёсць у спісе і зараз – гэта “Кліч мяне сваім імем” (у наш пракат выходзіць заўтра). І тое, што наўрад ці адна і тая ж тэма “згуляе” другі год запар, моцна зніжае шансы карціны Лукі Гуаданьіна, хаця асабіста мне яна падаецца больш прыгожай, шчырай і кранальнай. Героям сапраўды суперажываеш, а не проста назіраеш за абранымі этапамі іх жыцця. Тым не менш, фільм можа пазмагацца за перамогу ў намінацыях “лепшы адаптаваны сцэнарый” і “лепшая песня”. Мог бы прэтэндаваць на акцёрскую ўзнагароду Цімаці Шаламэ, але тут, здаецца, трыумфатарам ужо прызначылі Гары Олдмана, хаця на маю думку ён (як, напрыклад, і той жа Джоні Дэп) без грыму не глядзіцца пераканаўча. І не ставіцца да той катэгорыі акцёраў, якім і рабіць нічога не трэба – дастаткова з’явіцца ў кадры і захапіць адной прысутнасцю. Ну, прынамсі за грым стваральнікі “Цёмных часоў” сваю прэмію атрымаюць – не дарма ж Кацухіра Цудзі, які працаваў яшчэ з Курасавай, вярнуўся “з пенсіі”. Што да акцёрскага майстэрства – то яго можна ацаніць толькі паглядзеўшы фільм у арыгінале – вядома, што асноўная заслуга Олдмана ў тым, што ён навучыўся гаварыць як Чэрчыль.
Самі ж “Цёмныя часы”, што зараз таксама ідуць у нашых кінатэатрах – “адваротны бок” “Дзюнкерка” – яшчэ аднаго прэтэндэнта, што саступае па колькасці намінацый (8) толькі “Форме вады”. Прычым у абодвух сэнсах – калі драма Крыстафера Нолана разгортваецца па французскі бок Ла-Манша, паказваючы, як брытанцы летам 1940-га ратавалі сваю армію, прыціснутую да берага, то стужка Джо Райта распавядае пра дзеянні ўрада ў Лондане. Так званыя “баёпікі” – таксама даўно апрабаваны спосаб трапіць у тэатр “Долбі”, і таму (і не толькі) мае сімпатыі тут на баку “Дзюнкерка”. Гэтая карціна таксама шмат у чым наватарская – дарма што ваенная драма, а без выявы ворага нагнятае саспенс мацней чым “Выратаваць радавога Раяна” і робіць героямі зусім не пераможцаў, а тых, хто проста выжыў.
Сярод іншых прэтэндэнтаў нельга не вылучыць Джордана Піла і Грэту Гервіг. Іх дэбютныя(!) работы, “Прэч” і “Лэдзі Бёрд”, намінаваны і ў катэгорыі “лепшы фільм”, і за рэжысуру. А выканаўцы галоўных роляў, Дэніэл Калуя і Сірша Ронан, адзначаны ў акцёрскіх намінацыях. Традыцыйна не змаглі акадэмікі прайсці міма чарговых роляў Мэрыл Стрып і Дэнзела Вашынгтана – здаецца, іх намінуюць за ўсё запар. У апошняга пазмагацца з грымам Олдмана шансаў мала, а вось жаночая катэгорыя інтрыгуе (звычайна яна наадварот адна з самых прадказальных). Акрамя ўзгаданых Стрып, Ронан і Хокінс, на статуэтку прэтэндуюць Фрэнсіс Макдорманд (“Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры”) і Марго Робі за выкананне ролі знакамітай фігурысткі Тоні Хардзінг у баёпіку “Тоня супрць усіх”.
Яшчэ адна намінацыя, што выклікае цікавасць – “лепшы фільм на замежнай мове”. У спісе 5 фільмаў, але чакаецца, што за перамогу пазмагаюцца Расія і Швецыя: “Нелюбоў” Андрэя Звягінцава і “Квадрат” Рубена Эстлунда. Гэтыя стужкі ўжо паказвалі ў Беларусі, што да большасці астатніх прэтэндэнтаў, то яны выйдуць у пракат як раз у лютым – каб і ў простых гледачоў была магчымасць вызначыцца з перавагамі перад цырымоніяй - уручаць Оскараў будуць 4 сакавіка.