
68-мы Берлінскі кінафестываль абвясціў праграму. За «Залатога мядзведзя» пазмагаюцца 19 стужак, ёсць сярод іх і дэбютныя работы, але асноўныя прэтэндэнты – з кола тых, каго ў Германіі добра ведаюць і любяць.
Так, праз тры гады пасля поспеху з фільмам “Пад электрычнымі аблокамі”, на Патсдамскую плошчу вяртаецца Аляксей Герман-малодшы. І калі дзеянні папярэдняй стужкі ўвогуле нязвыкла для гэтага рэжысёра разгортваліся хоць і ў недалёкай, але будучыні, цяпер аўтар зноў звяртаецца да мінулага. Як і ў “Папяровым салдаце”, гэта савецкія часы на зыходзе “адлігі”. Назва – “Даўлатаў” – кажа сама за сябе, але гэта не паўнавартасны баёпік, а ўсяго толькі некалькі дзён з жыцця знакамітага пісьменніка. Россып зорак – Даніла Казлоўскі, Алена Лядава і Святлана Ходчанкава – у невялікіх ролях, галоўную ж выконвае не вельмі вядомы сербскі акцёр Мілан Марыч. Акрамя Сяргея Даўлатава, сярод герояў – Іосіф Бродскі і ўвогуле ленінградская інтэлігенцыя пачатку 70-х. Трэйлер карціны ўжо ёсць у Інтэрнэце, і ён уражвае. А сам фільм у шырокі пракат выйдзе 1-га сакавіка і будзе дэманстравацца толькі 4 дні. Думаю, аншлагі гарантаваны.
У тым жа 2015-м у конкурсе ўдзельнічалі Малгажата Шумовска і Лаура Біспуры. Польская пастаноўшчыца была адзначана за чорную камедыю “Цела” (яе паказвалі пасля і на мінскім “Лістападзе”) і зноў мае добрыя шансы на прыз – палякі, відаць, у Берліне на добрым рахунку. (Пасля ўзнагароды атрымлівалі Томаш Васілеўскі ў 2016-м і Агнешка Холанд летась). Новы фільм Шумовскай “Твар” расказвае пра будаўніка, што атрымаў траўму пры ўзвядзенні самай вялікай у свеце статуі Ісуса. Першая ў Польшчы “трансплатацыя твару” прайшла паспяхова, але герой больш не пазнае сябе ў люстэрку.
Біспуры калісьці адкрыла кінасвету албанскую традыцыю, якая многіх шакіравала: жанчыны там даюць клятву бясшлюбнасці і пераймаюць мужчынскую ролю ў сям'і. Яны носяць мужчынскую вопратку, выконваюць мужчынскую работу і маюць права голасу ў кіраванні суполкай. Фільм “Нявінніца” ўзнагароды не атрымаў, аднак запісаў бліскучую ролю ў фільмаграфію Альбы Рарвахер. Яна грае і ў новай рабоце італьянкі “Дачка мая”; яшчэ задзейнічаны Валерыя Галіна і Уда Кір. І хоць дзеянні разгортваюцца не ў патрыярхальнай Албаніі, а на Сардзініі, штосьці падказвае – і тут не абыдзецца без супрацьстаяння бацькоў і дзяцей, архаікі і мадэрна.
Два гады таму Лав Дзіяс прывёз у Берлін васьмігадзінную стужку “Калыханка журботнай таямніцы”, і хоць тыя, хто вытрымаў яе да канца, дзяліліся добрымі водгукамі, наўрад ці хаця б адзін з іх жадаў філіпінскаму рэжысёру перамогі. Справа ў тым, што фільм-уладальнік “Залатога мядзведзя” дэманструецца пасля цырымоніі закрыцця. А яна завяршаецца гадзін у 10 вечара. Толькі ўявіце сабе: раніцай нядзелі адчыняюцца дзверы Берлінале Паласт, і з яго выходзяць заспаныя госці ў пакамячаных смокінгах і вячэрніх сукенках… Зразумела, калі Дзіясу ўручылі “серабро”, усе ўздыхнулі з палёгкай. Новы фільм філіпінца “Час д’ябла” доўжыцца “ўсяго” 4 гадзіны, а сам аўтар называе яго “рок-операй”. Пры гэтым Дзіяс зноў вяртаецца ў траўматычныя для сваёй краіны 70-я, час панавання насілля і дэспатызму.
У відэапрамове праграмны дырэктар Берлінале Дытар Кослік асабліва адзначыў: сёлета ў конкурсе адразу 4 нямецкія фільмы. Класік берлінскай школы Крысціян Петцольд прадставіць стужку “Транзіт”. У цэнтры – тэма, што не зыходзіць з экранаў колькі год – вымушаная міграцыя. (У 2016-м “Мора ў агні” пра бежанцаў на Лампедузе было ўдастоена “Залатога мядзведзя”). У аснове сюжэта – кніга нямецкай пісьменніцы Аны Зегерс. Напісана яна аж у 44-м, але падзеі перанесены ў нашыя дні. Эмілі Атэф у “Трох днях у Кібероне” “аднаўляе” знакамітае інтрэрв’ю актрысы Ромі Шнайдэр нямецкаму часопісу “Штэрн”. “Майго брата клічуць Роберт і ён ідыёт” – назва карціны Філіпа Гронінга, што калісьці праславіўся досыць радыкальнай стужкай “Жонка паліцэйскага”. Там гераіня цярпела дамашняе насілле; у фокусе новага фільма – зноў “паталагічныя” сямейныя адносіны. Персанажы – брат і сястра, што праводзяць лета ў правінцыі, рыхтуючыся да экзаменаў. І яшчэ адзін нямецкі фільм – “Сярод паліц” Томаса Стубера. Зняты ён сапраўды паміж паліцамі супермаркета, і, мяркуючы па апісанні, гэта гісторыя кахання вадзіцеля пагрузчыка і кандытаркі, якая жыве… у шчаслівым шлюбе.
З гучных імён у асноўнай праграме яшчэ Стывен Содэрберг, Гас ван Сэнт і Уэс Андэрсан; мульфільм апошняга “Востраў сабак” – адкрые Берлінале 15 лютага. Выбіраць найлепшыя карціны будзе міжнароднае журы пад старшынстам Тома Тыквера (“Бягі, Лола, бягі”, “Воблачны атлас”).
Не менш, а часам і больш цікавыя стужкі паказваюць у паралельных праграмах, “Панараме” і “Форуме”. Тут – новыя фільмы Кім Кі-дука, Урсулы Маер, Ідрыса Эльбы, Кіёсі Курасавы, Гая Мэдзіна, Карнэліу Парумбоя, Хон Сан-су і нават… Цімура Бекмамбетава. Карацей, як мінімум яшчэ на адзін паўнавартасны конкурс. А ў рэтрапраграме пакажуць адрэстаўрыраваную копію савецкай стужкі “Ляцяць журавы”. Усяго ў каталогу 82 краіны. Беларусі сярод іх няма, але ёсць Сяргей Лазніца з дакументальнай карцінай “Дзень перамогі” – яго ўсё ж можна лічыць “нашым”.