
Сёння той рэдкі выпадак, калі тэма сама прыплыла ў сеткі (у тым ліку, сацыяльныя) – размова зноў будзе пра брэсцкае “Дынама”, на гэты раз у адрыве ад персоны Дыега Марадоны. Па слядах паражэння ад “Шахцёра” клуб абвясціў аб расстанні з трыма футбалістамі. І не з абы якімі, а з лідарамі як на полі, так і за яго межамі. Мінімум пакінуць Брэст, а максімум яшчэ і ўзмоцняць сапернікаў Арцём Мілеўскі, Павел Савіцкі і Аляксей Гаўрыловіч – гэта ўжо афіцыйна пацвердзіла прэс-служба.
Да таго, што склад каманды пастаянна абнаўляецца, мы прывыклі. “Бела-сінія” здзейснілі самае гучнае падпісанне зімой (пераход Паўла Савіцкага) і сталі галоўным іграком на летнім трансферным рынку. Яшчэ да яго адкрыцця ў горад над Бугам запрасілі колішняга лідара БАТЭ Сяргея Крыўца і пераманілі капітана мінскага “Дынама” Аляксандра Наёка. Паралельна ў іншыя клубы на зусім і ў арэнду адпраўляліся тыя, хто не праходзіў у асноўны склад. Так паступова на працягу года ў Брэсце ўзмацнілі амаль усе пазіцыі.
З’явіўся ў каманды і пазнавальны гульнявы почырк. І за яго ў нямалай ступені адказвалі як раз Савіцкі і Мілеўскі. Калі вока можа быць прадузятым, то статыстыка – рэч нейтральная: першы – лепшы бамбардзір не толькі “Дынама”, а ўсяго чэмпіянату (9 мячоў), на рахунку другога – 3 галы і 7 выніковых перадач. Як сцвярджаюць многія блізкія да клуба людзі, мела месца парушэнне дысцыпліны. Калі так – то наўрад ці ўпершыню. Аднак на гульні таго ж Мілеўскага гэта ніяк не адбівалася – ніхто ў камандзе не валодае такім апошнім пасам.
Пашукаем іншыя матывы. З некаторых часоў свае інтарэсы ў Брэсце ў вядомага агента Мікалая Шпілеўскага. Гэты чалавек аформіў пераходы Аляксандра Глеба ў “Арсенал” і “Барселону”. Але пакуль больш памятаюць самага зорнага яго кліента, а не напрыклад, няўдалыя спробы прыдаць заходні напрамак кар’еры Антона Пуцілы - “залікоўка працуе на студэнта”. Летась дынамаўцам стаў юны падапечны Шпілеўскага Кірыл Кірыленка, а ў чэрвені сын Мікалая Аляксей узначаліў асноўную каманду.
Што вядома пра новага трэнера Брэста?.. Падаваў надзеі як футбаліст, але быў вымушаны скончыць кар’еру іграка з-за траўмы. Працаваў у структуры нямецкага “Лейпцыга” – у апошнія гады аднаго з наймацнейшых клубаў Бундэслігі. Зразумела – не з асноўным складам, а з маладымі ігракамі. А што ўяўляюць сабой маладыя нямецкія ігракі?.. Думаецца, няшмат майстэрства, затое вагон жадання гуляць і - падпарадкавацца трэнеру . І вось уявіце сабе кантраст, з якім сутыкаецца Шпілеўскі-малодшы. Там табе глядзяць у рот, а дысцыпліна – умова неабходная. Тут – футбалісты, якія бачылі ўжо шмат на сваім вяку і працавалі з трэнерамі, скажам, крыху больш аўтарытэтнымі.
Канфлікт рана ці позна павінен быў адбыцца – але, здаецца, ён усё ж меў шансы не разгарэцца адкрытым полымем, а патлець своеасаблівым “тарфяным пажарам”, каб не паядынак з “Шахцёрам”. Гульня “Дынама” іскрыла яркімі момантамі – Дыега Арманда не дасць схлусіць. Гэта ўсяго толькі быў не дзень нападаючага Фамее і галкіпера Гутара. Першы запароў некалькі стапрацэнтных момантаў, другі пусціў усё, што ляцела ў вароты. Каманда сапраўды праваліла толькі палову першага тайма пасля забітага мяча. А Шпілеўскі ўсё ўзмацняў атаку і рабіў такія авантурныя крокі, як замена абодвух крайніх абаронцаў.
Што адбылося пасля матчу – не ведаю. Думаю, калега Васіль Сарычаў мае рацыю: "Гульню шмат у чым прайграў малады трэнер. А футбалісты былі на эмоцыях, маглі яму нешта сказаць - не тым тонам і не ў той кандыцыі”. І праз дзень – шакіруючая заява. Якая гаворыць пра тое, што кіраўніцтва клуба паспяшалася стаць на бок трэнера.
Зрэшты, паспяшалася ці не – мы таксама не ведаем; магчыма, нейкія спробы памірыць пакрыўдзіўшых адно аднаго былі, але нічым добрым не скончыліся. Сітуацыя не тое каб унікальная, у тым ліку для нашага футбола, але і не зусім тыповая. Кіраўніцтву клуба, як правіла, прасцей (і танней) замяніць аднаго трэнера, чым некалькіх ігракоў, асабліва вядучых. Так, у самым пачатку сезона, калі кантроль над камандай відавочна страціў Марэк Зуб, ад яго пазбавіліся ў “Шахцёры”; на бок футбалістаў стаў і старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі, які звольніў Алега Дулуба, нягледзячы на лідарства ў чэмпіянаце.
Што непакоіць больш за ўсё – ужо на гэтым тыдні Брэсту гуляць у еўракубках. Сапернік сур’ёзны - грэчаскі “Атрамітас”, перад якім цяпер толькі і перавага, што сезон у разгары. Вельмі хочацца верыць Аляксею Шпілеўскаму, які запэўнівае балельшчыкаў, што яны змогуць ганарыцца камандай…