Падзяліцца:
«Кропкі над “і”. Кінавясна і кінавосень» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
20 Сакавіка 2018
«Кропкі над “і”. Кінавясна і кінавосень» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) У Вільнюсе гэтымі днямі праходзіць найбуйнейшы ў Літве кінафестываль; “Kino Pavasaris” – што ў перакладзе з літоўскай “кіна-вясна” – амаль аднагодак нашага “Лістапада” і нават “рыфмуецца” з ім назвай. Ёсць і шмат канцэптуальных падабенстваў. Так, абодва паказы можна назваць “фестывалямі фестываляў” – як у Вільнюс, так і ў Мінск арганізатары імкнуцца прывезці “вяршкі” аўтарскага кіно з Берліна, Кан і Венецыі. Канешне, сёння не так складана знайсці апошнія “хіты” ў інтэрнэце, але калі аддаваць перавагу не хуткасці, а якасці – альтэрнатывы фестывалям няма. Беларусь і Літва не настолькі вялікія рынкі, каб дыстрыб’ютары былі апантаныя выпускаць стужкі ў “лакалізаваным” варыянце (хаця б з субцітрамі). Тут размова не аб прыбытку, а аб банальнай акупнасці. Ну не збярэ ўмоўны “Квадрат” такі бокс-офіс, як чарговыя коміксы ад “Марвел”, і праз тыдзень-два знікне з афішы. Іншая справа, калі ў гэтыя тыдні “Квадрат” змагаецца за гледача ў “сваёй лізе”, якую і ўяўляе сабой фестываль. Тут і дадатковыя маркетынгавыя магчымасці (тыя ж абанементы), і стварэнне ажыятажу проста за кошт “сёння або ніколі”. Так, дарэчы, нядаўна ў Расіі выпусцілі стужку “Даўлатаў” – шырокі пракат абмежавалі чатырма днямі, з чацвярга па нядзелю, і сабралі амаль 100 мільёнаў рублёў. І ў Беларусі, і ў Літве не гоняцца за прэм’ерамі і зоркамі – гэта прэрагатыва Сандэнса, Кан і Таронта; нават Берлін і Венецыя, па вялікім рахунку, вымушаны падбіраць крошкі з барскага стала, лакальныя “фішкі” шукаюць Лакарна, Сан-Себасцьян і Карлавы Вары – фестывалі “другога парадку”. У апошнія некалькі гадоў мінскі конкурс, які не настойвае на абавязковай прысутнасці на прэм’еры здымачных груп, дае фору некалі ўплывоваму Маскоўскаму фэсту, і выклікае цікавасць у той жа расійскай прэсы і кінааматараў з суседніх краін. (Калі б Варшаўскі кінафестываль не апярэджваў нас на некалькі тыдняў, то, я ўпэўнены, і палякі прыязджалі б). У Вільнюсе конкурсу ўвогуле няма, калі не лічыць “Еўра-дэбют” (аналаг нашай “Маладосці на маршы”). Нават гледачы тут не галасуюць. Хаця літоўцы рухаюцца ў гэты бок. Прынамсі, упершыню сёлета тут працуе журы кінапрэсы. І ўсё ж конкурсы на ўсход ад Берліна таксама дадаюць прэстыжу любому паказу – Кан і Венецыі на ўсіх не хопіць, а перамога ў тых жа Карлавых Варах ці Варшаве – таксама безумоўны плюс у рэзюмэ прадзюсараў. Што да гасцей, то і тут пры ўсім жаданні не збярэш такую чырвоную дарожку, як у тым жа Берліне. Адзіны рэальны шанс – уключыць Мінск у еўрапейскі прома-тур аднаго з “вялікіх” фільмаў. Напрыклад, ужо зараз вядома, на даты “Лістапада” прыпадае прэм’ера стужкі “Дзяўчына, якая захрасла ў павуцінні” – працяг трылогіі “Міленіум” з Клэр Фой у галоўнай ролі. Ну і ідэальны варыянт – чарговыя “Людзі Ікс” – зусім, канешне, не фестывальны фільм, але паказвалі ж у Берліне па-за конкурсам “Пяцьдзясят адценняў шэрага”. Чаго не зробіш, каб убачыць такое сузор’е акцёраў: Джэніфер Лоўрэнс, Джэсіка Чэстэйн, Майкл Фасбэндар, Джэймс Макэвой і Софі Цёрнер. Вось, дарэчы, гатовы рэцэпт поспеху ў конкурсе на правядзенне 25-га “Лістапада”. Хаця, на мой погляд, наўрад ці хто зможа рабіць гэта лепей, чым каманда “Арт-карпарэйшн” і асабіста Ігар Сукманаў. Аўтарытэт мінскага фэсту з кожным годам расце. Я памятаю, як у 90-х – 00-х усё, чым радавалі беларускага гледача і журналіста – гэта савецкімі і расійскімі артыстамі, прычым некаторыя з іх, як кажуць, нават патрабавалі грошы за інтэрв’ю. Асобы, што казаць, заслужаныя, але яны і так бываюць у нас на гастролях штогод. Цяпер жа кола гасцей пашырылася – Фані Ардан, Клэр Дэні, Шон Бэйкер… Акрамя шыкоўнай (асабліва з улікам фінансавых магчымасцей) праграмы сучаснага кіно, “Лістапад” радуе рэтраспектывамі класікі і нацыянальным конкурсам. Тое, што некалькі гадоў таму выглядала як кампраміс, вырасла ў панараму лепшага беларускага кіно, якім цікавіцца ўжо не толькі кінатусоўка, родныя і сябры рэжысёраў і акцёраў. На асобныя паказы не дастаць білетаў. У чым апярэджвае Мінск “Kino Pavasaris”, дык гэта ў маштабах. Ён хоць і завецца Вільнюскім, а паказы ідуць па ўсёй Літве – у Каўнасе, Клайпедзе, Паневяжысе і менш буйных гарадах. І цягнецца два тыдні, што дае магчымасць паглядець літаральна ўсё, што хочацца. З іншага боку, “Лістапад” не прэтэндуе на манаполію. Ужо хутка аматараў кіно краін Скандынавіі і Балтыі парадуе “Паўночнае ззянне”, а нішу кароткага метра паступова займае “Кіназмена”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: