У Беларусі нарэшце сапраўднае лета – як кажуць, не прайшло і двух месяцаў. Гэты дзень можа пабіць тэмпературны рэкорд – сіноптыкі абяцаюць +36. Вядома, не па ўсёй краіне. Адчуць сябе ў Афрыцы – а менавіта адтуль да нас прыйшла спёка – змогуць жыхары паўднёвых раёнаў.
А ўвогуле скардзіцца на надвор’е беларусам няма чаго. Такія градусы – анамалія, якая здараецца раз на ўсё лета і затрымліваецца максімум на тыдзень. Больш – вельмі рэдка, усё ж такі клімат у нас умерана кантынентальны, пад моцным уплывам мораў з іх пераменлівымі атмасфернымі франтамі. Апошні раз Беларусь знемагала ад спякоты месяцамі ў 2010-м. Тыя, хто любіць адпачываць зімой у гарачых краінах, расказваюць, як цяжка вяртацца з плюс 30 у мінус 10. У мяне ж была іншая гісторыя – палёт з даждлівай і прахалоднай Бельгіі ў нашы плюс 35. У выніку за гадзіну дарогі з аэрапорта не засталося і сухой ніткі.
Зрэшты, раз на дзесяць гадоў можна і пацярпець. Тым больш, схавацца ад спёкі заўжды ёсць дзе – калі вы канешне не працуеце ў полі. З восені па вясну сонца ў нашых шыротах мала – вось і давайце ўлетку назапашваць. А тое, што святло пазітыўна ўплывае на здароўе і настрой – навуковы факт. Людзі часцей хварэюць зімой. Вядома і пра “сезонную” дэпрэсію - якія б высокія месцы не займалі тыя ж скандынаўскія краіны ў рэйтынгу дабрабыту, узгадваецца і іншае іх лідарства – па колькасці суіцыдаў. Калі паказчыкі асветленасці падаюць з летніх 100 тысяч люкс да зімовых 3,5 тысяч, арганізм выпрацоўвае менш сератаніну – так званага “гармона шчасця”, і больш - мелатаніну. Гэтае рэчыва пад уплывам цемры дапамагае нам засынаць увечары, але можа выпрацоўвацца і пахмурным зімнім днём, выклікаючы санлівасць. У выніку чым карацей дні, тым горш самаадчуванне. Сімптомы «зімовай хандры» - прыгнечанасць, раздражняльнасць, схільнасць да пераядання - выяўляюцца ў 15-20 працэнтаў насельніцтва. А “лечыцца” ўсё гэта дволі проста – дастаткова праводзіць гадзіну на свежым паветры кожны дзень. Нават у пахмурнае надвор'е дзённае святло ў дзесяць разоў ярчэй, чым асвятленне дома або ў офісе.
Чым менш натуральнага святла, тым вышэй ціск у гіпертонікаў, і больш выпадкаў паражэння сасудаў сэрца. Даследванні паказалі: у Англіі рызыка раптоўнай смерці ад такіх захворванняў сярод мужчын у зімовы перыяд амаль на 40 працэнтаў вышэй, чым улетку. Раней лічылася, што віной усяму - высокая вільготнасць у спалучэнні з холадам. Сонца ў разлік не прымалі. Аднак апошнія даныя дазваляюць казаць пра рэабілітацыю загара. “Сакрэтны інгрыдыент” – монааксід азота. Гэта атрутны газ, які змяшчаецца ў тым ліку ў аўтамабільных выхлапах. Але ў арганізме ён дапамагае змагацца з бактэрыямі, і, магчыма, ракавымі клеткамі. А яшчэ пашырае крывяносныя сасуды і тым самым зніжае артэрыяльны ціск.
Канешне, ўсё добра ў меру. У таго, хто рэдка бывае на сонцы, а ў адпачынку вырашае ўволю пазагараць, рызыка зарабіць рак скуры значна вышэй, чым у людзей, якія рэгулярна прымаюць сонечныя ванны ў разумных дозах. Чаму – пакуль невядома. Ёсць версія, што звыклыя да сонечнага святла клеткі скуры больш эфектыўна выпраўляюць генетычныя пашкоджанні, якія выклікае ультрафіялет.
З ліку ворагаў не выключаюць сонечныя апёкі і салярый. У салярыях выкарыстоўваюць прамяні, якія хоць і забяспечваюць загар, але ніяк не ўмацоўваюць натуральную абарону ад апраменьвання. Вось чаму ў некаторых краінах Еўропы загараць у салярыях дазволена толькі з 18 гадоў. А у Аўстраліі яны ўвогуле забаронены.
Што да натуральнага загару, то многае залежыць ад вашага тыпу скуры. Усяго іх 5. Яшчэ адзін важны паказчык – ультрафіялетавы індэкс. Ён мяняецца ў залежнасці ад шыраты, вышыні над узроўнем мора і хмарнасці. Адсочваць інтэнсіўнасць выпраменьвання ў рэжыме рэальнага часу можна на сайце temis.nl. Спалучыўшы індэкс і тып скуры, вы атрымаеце рэкамендацыю – як доўга можна загараць, каб гэта не было небяспечным. У большасці беларусаў другі тып скуры, а значыць, сярэдні час – каля 25-ці хвілін. Ёсць шмат мабільных прылад і бранзалетаў з датчыкамі выпраменьвання, якія папярэджваюць пра «перадазіроўку». Канешне, поўную гарантыю бяспекі тэхніка даць не можа. Але дазваляе атрымліваць асалоду ад сонца з розумам.