Падзяліцца:
«Кропкі над «і». Каму патрэбны кінакрытыкі?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
25 Чэрвеня 2018
«Кропкі над «і». Каму патрэбны кінакрытыкі?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) “Каму патрэбныя кінакрытыкі?” – артыкул пад такой назвай выйшаў на сайце брытанскай газеты Guardian, і тут жа ў загалоўку Каспар Сэлман дае адказ: “Натуральна, усім нам”. Зрэшты, задаючы пытанне, аглядальнік крыху хітруе. Размова ідзе не пра сэнс існавання крытыкаў увогуле, а пра недахоп разнастайнасці ў іх водгуках. “Крытык!”. У п’есе Сэмюэля Бекета “У чаканні Гадо” гэтае слова – галоўная абраза, яно адлюстроўвае ўсю пагарду, што адчуваюць драматургі і мастакі ва ўсім свеце і ва ўсе часы. Такую ж пагарду адчуў брытанскі кіназнаўца ў словах уладальніцы “Оскара” Бры Ларсан. Памятаеце фільм “Пакой”, дзе яна грала зачыненую ў чатырох сценах ахвяру гвалтаўніка?.. Але з тае пары кар’ера актрысы не тое, каб ідзе ў гару. Зарабіўшы імя ў мікрабюджэтных, але сімпатычных стужках Ноя Баумбаха, Джо Свонберга і Джэймса Понсальдта, Ларсан падпісалася на ўдзел у Сусвеце коміксаў “Марвел” і “баевікі” накшталт “Вострава чэрапа”, якія з розным поспехам ішлі ў пракаце, але з аднолькавай прахалодай успрымаліся крытыкай. Дык вось што сказала яна ў нядаўнім інтэрв’ю: “Мне не трэба, каб 40-гадовы белы мужчына расказваў, што не так з фільмам “Залом часу”. Гэты фільм здымалі проста не для яго”. Пры гэтым, да абараняемай стужкі Бры Ларсан не мае ніякага дачынення і можна паверыць у яе шчырасць і непрадузятасць. А вось Міндзі Кейлінг, якая як раз знялася ў “Заломе часу”, абурылася водгукам і на іншую стужку са сваім удзелам – “8 сябровак Оушэна” (зараз ідзе ў нашым пракаце). Маўляў, негатыўных рэцэнзій больш таму, што большасць крытыкаў – мужчыны. І зусім нядаўняя гісторыя. Стваральнікі фільма “Кодэкс Гоці” з Джонам Траволтай пачалі сапраўдную інфармацыйную вайну супраць кінааглядальнікаў, пасля таго як сайт “Гнілыя памідоры” даў стужцы 0% “свежасці” – карціна не атрымала ні аднаго (!) станоўчага водгука. І тут паўстае адразу некалькі пытанняў. Першае з іх, на якое лягчэй за ўсё адказаць, тычыцца дакладнасці сайта Rotten Tomatoes ў вызначэнні кансенсусу. Фільм лічыцца “свежым”, калі большасць рэцэнзій на яго станоўчыя, і «гнілым», калі наадварот. Але склад аглядальнікаў, чыё меркаванне ўлічваецца, паступова мяняецца на карысць асоб, што пішуць “на манер Роджэра Эберта”. Бры Ларсан, магчыма, мае рацыю, калі патрабуе каб галасы крытыкаў, што прапануюць альтэрнатыўны пункт гледжання, гучалі грамчэй. Вынікам узрастання ролі і колькасці крытыкаў-жанчын можа стаць змяшчэнне фокуса з фільмаў, якія прывыклі хваліць мужчыны. Так, Джэсіка Эліс пытае: «Чаму “Застанься са мной” лічыцца класікай, а “Цяпер і тады” – фільмам для дзяўчат?» Адказ на гэтае пытанне больш залежыць ад студый, якія не надта даручаюць жанчынам-кінематаграфістам, а не ад таго, што крытыкі-жанчыны быццам бы будуць высока ацэньваць фільмы, арыентаваныя на жанчын. І ўжо зусім мне не даспадобы ідэя, што адносна дзіцячых фільмаў мы павінны слухаць выключна меркаванні дзяцей. Магчыма, пытанне аб сэнсе кінакрытыкі ўзнікла з-за перавагі ў пракаце так званых кінафраншыз – “фільмаў-сусветаў” з бясконцмі працягамі. На гэта звяртае ўвагу Стывен Меткалф, аглядальнік выдання NewYorker. Поспех супергеройскіх блакбастараў, якія прыцягваюць аўдыторыю, улічваючы яе інтарэсы і пажаданні, магчыма, ліквідаваў некаторую патрэбу ў рэцэнзентах. Сярэднее меркаванне гледача: “Вось я люблю “Трансформераў” і ўсё роўна пайду на чарговую серыю, як бы ні лаялі яе крытыкі. І ўвогуле, як ім можна пасля гэтага давяраць?” Гэта прыводзіць нас да другога пытання. Што людзі насамрэч хочуць ад крытыка? Здаецца, яно больш актуальнае, чым калі-небудзь, у тым ліку з-за магчымасці кожнага стаць крытыкам, калі ён гэтага пажадае. Падказаць, што паглядзець?.. Але навошта забіваць цвікі мікраскопам? Крытык – гэта найперш культуролаг (я, напрыклад, ім не з’яўляюся, таму і не лічу сябе крытыкам), ён у стане змясціць той ці іншы твор мастацтва ў глабальны культурны кантэкст, ацаніць наватарства формы або зместу. У гэтым і ёсць адрозненне прафесійнай рэцэнзіі ад водгуку простага гледача. Сёння ў аматараў кіно як ніколі шмат магчымасцей, каб сфарміраваць ўражанне пра якасць фільма – ад неверагодна доўгіх відэааглядаў да кароткіх твітаў. Але сапраўдная крытыка – само па сабе мастацтва. Мастацтва адкрыць новыя грані, задаць іншы напрамак думкам. І адбіць нашу вечную цягу да бінарнай сістэмы “добра/дрэнна”, якая пазбаўляе здольнасці адрозніваць нюансы і знаходзіць глыбокія сэнсы ў пазнанні мастацтва ды і свету ўвогуле.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: