Падзяліцца:
11 ліпеня 2018

У кінатэатр мы, як заўсёды, спазняемся. Білецёрка, надрываючы квіток, прыадчыняе фіранку і папярэджвае: “Глядзіце пад ногі! Фільм вельмі цёмны!” Узнімаемся па скрыпучых прыступках старэнькай “Перамогі” на свае месцы і як раз паспяваем да сустрэчы герояў Харыет Андэрсан і Ларса Экбарга.

Monika.jpg

“Лета з Монікай” – храналагічна не першы фільм Інгмара Бергмана, але калі ранейшыя яго работы падзялялі публіку, то гэты, здаецца, спадабаўся ўсім. Гісторыя кахання грузчыка і кладаўшчыцы выканана ў эстэтыцы, блізкай да італьянскага неарэалізму. Толькі што шведы не такія “гарачыя”, па меншай меры, знешне. У герояў ненадоўга атрымліваецца пабудаваць маленькі ідылічны рай у стакгольмскіх шхерах, але лодка, на якой яны жывуць, усё ж разбіваецца аб побыт. Грошы заканчваюцца, страсці сціхаюць, а ў фінале Моніка пакідае Хары з дзіцём на руках. (Якая злая іронія: гэта ж Бергман - той, хто кідаў жонак і палюбоўніц, як толькі тыя нараджалі яму дзяцей; адносіны доўжыліся два-тры гады, не больш). А я дагэтуль памятаю пачуццё ўзнёсласці і смутку адначасова, якое выносіў з кінатэатра пасля паказу.

shepot.jpg

У той рэтраспектыве мне давялося паглядзець яшчэ адзін фільм – “Шэпты і крыкі” – работу ўжо не пачаткоўца, а лаўрэата Кан і Оскара, імя якога грымела на ўвесь свет. І зноў жа з Харыет Андэрсан у галоўнай ролі, толькі на 20 гадоў старэйшай. У адрозненні ад простага і зразумелага “Лета”, гэтая стужка ўздзейнічала на мяне больш на фізічным, чым на эмацыйным узроўні: крывава-чырвоныя колеры, пах згасання, сімфонія ўласна шэптаў і крыкаў чатырох гераінь. А яшчэ ўразіла знарочыстая тэатральнасць – нездарма сам Бергман назваў тэатр сваёй жонкай, а кіно – палюбоўніцай. Прынята лічыць, што такія словы сведчаць пра большую сур’ёзнасць і ўвагу да пастановак у шведскім Драматэне, у той час як на здымкі фільмаў рэжысёр пагаджаўся ў асноўным каб паправіць бюджэт, што трашчаў па швах ад неабходнасці ўтрымліваць шматлікіх дзяцей і былых жонак.

Але пагадзіцеся: шлюб – гэта не толькі і не заўсёды “яны любілі адно аднаго ўсё жыццё і памерлі ў адзін дзень”, але і енк дзяцей, рамонт, нялюбыя бацькі жонкі/мужа, гатаванне ежы, мыццё бялізны – дапішыце самі, што яшчэ вас палохае і раздражняе. У той час як закаханасць, а не каханне, адносіны без абавязкаў, а не пояс вернасці (калі глядзець скрозь прызму мастацтва, а не маралі, канешне) - больш моцная крыніца натхнення. Яшчэ больш двухсэнсава гэтыя словы гучаць у праламленні на лёс самога Бергмана, калі адносіны з трэцяй жанчынай ён завязваў, не разведзены з першай, але ўжо кінуўшы другую. (Пачытайце кнігу Томаса Шоберга “Ігмар Бергман. Жыццё, каханне, здрада”, калі цікава).

7.jpg

Як піша сам Бергман у кнізе “Чароўны ліхтар”, у тэатры заўсёды даводзілася вырашаць пытанні фінансавання, кантрактаў, а нярэдка – і камунальныя, што не дазваляла ў поўнай меры засяродзіцца на пастаноўках. У той час як здымкі з большага апісваюцца як адпачынак і баўленне часу ў цудоўнай кампаніі. Магчыма, рэжысёру проста пашанцавала з прадзюсарамі “Свенск фільміндустры”; але амаль поўная свабода – гэта і вынік міжнароднага прызнання.

Фігурай сапраўды сусветнага маштабу Бергман стаў у 57-м, калі на працягу года выпусціў дзве запар стужкі, што назвалі шэдэўрамі адразу. “Сёмая пячатка” і “Сунічная паляна”. Я не прэтэндую на арыгінальнасць і скажу, што гэта і дзе мае любімыя карціны. У цэнтры першай гісторыі – рыцар і яго збраяносец, якія вяртаюцца з Крыжовага паходу ў Еўропу, ахопленую чумой. Па дарозе рыцар сустракае Смерць і пачынае з ёю партыю ў шахматы. Натхненнем стала фрэска «Смерць, якая гуляе ў шахматы», выкананай у майстэрні Альбертуса Піктара каля 1480 года. Гэты сюжэт, як мы памятаем, выкарыстоўвае і Уладзімір Караткевіч у “Ладдзі роспачы”. У адрозненні ад Гервасія Антоніус не хітруе, але таксама, можна сказаць, выйграе жыццё, хоць і не сваё.

575.jpg

“Сунічную паляну” таксама можна назваць роуд-муві. Сталы прафесар Ісак Борг едзе ў іншы горад атрымліваць прэмію. У дарозе яго накрываюць сны і ўспаміны. Адзін з самых запамінальных вобразаў – гадзіннік без стрэлак, што сімвалізуе размытасць, нявызначанасць часу. І сапраўды, наведваючы мясціны юнацтва, Борг нібы правальваецца ў тыя часы. Ён зноў бачыць сябе на сунічнай паляне ў кампаніі былой каханай, якая потым выйшла за іншага. Мяжа паміж рэальнасцю і сном, жыццём і фантазіяй настолькі тонкая, што яе не адразу бачыш. Бергман, дарэчы, лічыў гэта сапраўдным майстэрствам і таму больш за іншых шанаваў Андрэя Таркоўскага. “У мяне гэта атрымалася толькі ў некалькіх фільмах, Таркоўскі ж дасягае такой вышыні ў кожнай сваёй карціне”, - пісаў шведскі рэжысёр пра савецкага. Я быў так зачараваны “Сунічнай палянай”, што тут жа пераглядзеў яе яшчэ раз. А сайт Брытанскага Інстытута кіно ў серыі артыкулаў “З чаго пачаць знаёмства з творчасцю…” у выпадку Бергмана раіць менавіта гэты фільм, называючы яго “цяплейшай і самай кранальнай работай”.

Уплыў, які аказаў Інгмар Бергман на сусветны кінематограф, цяжка пераацаніць. Лепшым рэжысёрам яго называе Вудзі Ален. Вім Вендэрс узгадвае, як блукаў да світання па мокрым ад дажджу горадзе са збянтэжанасцю ў душы, узрушаны пытаннямі жыцця і смерці ў “Сёмай пячатцы” і “Сунічнай паляне”. А Ларс фон Трыер прызнаецца, што паглядзеў усё, нават рэкламныя ролікі пра мыла. І гэта не кажучы пра сучасных шведскіх рэжысёраў – (сёмая) “пячатка” Бергмана не стаіць, бадай, толькі на творах Роя Андэрсана.

14 ліпеня споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння Інгмара Бергмана – чым не падстава яшчэ раз пераглядзець яго вялікія фільмы, а для кагосьці, магчыма, і адкрыць гэты (су)свет Laterna magica, “чароўнага ліхтара”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: