Падзяліцца:
«Кропкі над «і». «Мушкецёры» праз 20 гадоў». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
17 ліпеня 2018
«Кропкі над «і». «Мушкецёры» праз 20 гадоў». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) Лета 98-га, Парыж. Францыя, на радасць мясцовым балельшчыкам, дабіраецца да фіналу. У статусе безумоўнага андэрдога. Развітацца з турнірам “сінія” маглі і ў 1/8, калі Ларан Блан у дадатковы час дапамог пазбегнуць серыі пенальці з Парагваем. І ў 1/4, калі ў супрацьстаянні з Італіяй да пенальці справа ўжо дайшла. І ў паўфінале, дзе сённяшнія фіналісты правялі “рэпетыцыю”. Тая Харватыя, на маю думку, была мацней за гэтую, але цудоўнае натхненне напаткала Ліліяна Цюрама. Толькі ўявіце: ён згуляў за зборную 142 матчы і акрамя гэтага паўфіналу больш ніколі не забіваў! Бразілія ішла да таго фіналу куды больш упэўнена, але перад матчам нешта незразумелае стала адбывацца з фенаменальным Раналду. Пісалі і пра праблемы са здароўем, і пра душэўныя пакуты, толькі вось 12 ліпеня 98-га яго на полі быццам і не было. Марсельезай “дырыжыраваў” Зінедзін Зідан – бясспрэчны лідар пакалення, якое праз два гады выйграе чэмпіянат Еўропы, а ў 2006-м – сярэбраныя медалі на мундзялі ў Германіі. У гэтых французаў лідара адразу і не назавеш (нездарма лепшым іграком чэмпіянату свету прызналі харвата Луку Модрыча). Лепшы, на мой погляд, Кіліан Мбапэ, які пераўзышоў рэкорд Пеле – занадта малады для гэтай ролі. Магчыма, праз 4 гады… Цяжка пазбегнуць штампаў, таму і не буду: зборная Дэшама працавала менавіта як камандны механізм – прыярытэты чэмпіён свету-98 акрэсліў яшчэ на стадыі фарміравання склада на чэмпіянат Еўропы-2016, адмовіўшыся ад паслуг такіх зорак, як Карым Бензема і Самір Насры. Тады яго каманда саступіла толькі ў фінале. Цяпер - выйграла ўсе матчы плэй-оф у асноўны час - такога чэмпіёна не было з 2002 года, калі такім жа ўраганам па сетцы прайшлася бліскучая зборная Бразіліі. Французы знялі “скальпы” Аргенціны, Уругвая і Бельгіі. Харваты – не адолелі ў асноўны час ні Данію, ні Расію, ні Англію. Зразумела, хто на гэты раз быў фаварытам. Разам з тым, французская зборная не была “машынай”, што механічна штампавала перамогі. Узгадайце пачатак другога тайму 1/8 фіналу з Аргенцінай, або твары французаў, калі харваты зраўнялі лік. Не кажучы ўжо пра гол Манджукіча. Але гэтыя эмоцыі толькі падкрэсліваюць: “дрэнныя хвіліны” бываюць у кожнага (зноў жа, Бразілія ў фінале-98), а вось моцная камандная псіхалогія, якая грунтуецца на ўпэўненасці ва ўласных сілах і сілах тых, хто змагаецца поруч – ці не галоўны складнік поспеху на такім турніры, дзе ў адным матчы плэй-оф можа здарыцца, што заўгодна, нават перамога Расіі над Іспаніяй. У гэтым камапненце харваты калі і саступілі, то няшмат. Проста калі французам даводзілася “пераключаць хуткасць” лічаныя разы, то для балканскай каманды такі бег па лязу стаў проста правілам жыцця, і відавочна, што да вырашальнага паядынку бракавала не толькі сіл (усе пішуць пра плюс 90 хвілін у плэй-оф і мінус адзін дзень адпачынку), але і эмоцый. Пераглядзіце хаця б паўфінал з Англіяй – дакладней, што адбывалася на полі пасля яго. Радасці было – быццам гэта ўжо фінал. Менавіта калі харваты ператварылі газон “Лужнікоў” у дзіцячы садок, падумалася: “А гэта і ёсць іх столь, і яны самі добра гэта ўсведамляюць”. Раніца 16 ліпеня – як пахмелле. Цяжкае для новых чэмпіёнаў, якія напэўна згубілі трошкі матывацыі гуляць у футбол. Цяжкае для сярэбраных прызёраў, якіх усё больш будзе грызці думка аб галоўным страчаным шанцы ў жыцці. Цяжкае, што казаць, для простых расіян - скончылася свята, пачынаюцца будні. Хутка наступіць і малазразумелы перапынак у чэмпіянаце Беларусі. Калі і патрэбен ён (не, што гуляць ранняй вясной ці позняй восенню – гэта выхад, вы мяне не пераканаеце!) – зрабілі б лепш на час чэмпіянату свету. Але калі і засумуюць балельшчыкі – то толькі не ў Брэсце. Да іх нарэшце прыехаў сам Марадона – а з ім не засумуеш. І калі ўчора на прэс-канферэнцыі Дыега Арманда выглядаў стомлена і не сказаў нічога новага ні пра сваю ролю, ні нават калі вернецца з адпачынку – то на поле спарткомплекса “Брэсцкі” выйшаў зусім іншы чалавек. Натхнёны поўнымі трыбунамі вялікі футбаліст паабяцаў стаць такім жа вялікім кіраўніком “Дынама”. Пад крыкі “Дыега” легенда паднялася ў віп-ложу, дзе ўвесь матч заставалася пад пільнай увагай фота і відэакамер. А на полі кіпелі страсці. “Дынама” вельмі ўжо хацела парадаваць і свайго новага старшыню, і 10 тысяч балельшчыкаў. Футбалісты ляцелі наперад, не шкадавалі сябе ў сутыкненнях, некалькі разоў выводзілі адзін на адзін форварда Фамее, але гэта быў не яго дзень. 1:3. Свята азмрочана, але не сапсавана, і паток фанатаў расцякаецца па Брэсце, падхопліваючы простых гараджан. “Сапраўды Марадона?” “Што, і на поле выходзіў?” “А ты сэлфі зрабіў?” – чуеш пытанні тых, хто яшчэ ўчора быў далёкі ад спорту, але падумвае ўжо – ці не набыць білеты на наступную гульню. Глядзіш, запоўняць і новы стадыён на 30 тысяч, што павінен тут з’явіцца. А бела-блакітныя колеры “Дынама” стануць вядомыя ў свеце не менш за такія ж сцягі зборнай Аргенціны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: