
Нядаўна калега Максім Угляніца разважаў пра ролю «традыцыйных» СМІ і пра тое, як цяжка бывае адрозніць сапраўдную навіну ад фэйкавай; не прайшло і тыдня, як Інтэрнэт узарвала паведамленне аб магчымым пераездзе ў Беларусь Дыега Марадоны. Быццам бы аргенцінец гатовы ўзначаліць адзін з беларускіх клубаў або нацыянальную зборную.
Зрэшты, апошнюю здагадку БФФ даволі аператыўна абвергла. Маўляў, сакавіцкія спарынгі былі паспяховымі (дзве перамогі над Азербайджанам і Славеніяй) і падстаў мяняць рулявога няма – да новага турніру Лігі Нацый зборную будзе рыхтаваць Ігар Крывушэнка.
Што тычыцца клубаў, то і тут кола пошуку было вузкім – прыстаўка “выконваючы абавязкі” ёсць зараз толькі ў Сяргея Кавальчука з брэсцкага “Дынама”, які прыступіў да трэнерскіх абавязкаў пасля развітання з Радаславам Латалам. Ды і тэарэтычна на такі ход маглі пайсці толькі на берагах Буга – там любяць падагрэць інфармацыйную прастору. Узгадайце мінулае лета, калі ў Брэсце то звальнялі Уладзіміра Жураўля, то “падпісвалі” Аляксандра Глеба.
Дарэчы, менавіта здзелка з Глебам, якая не адбылася, прымусіла паверыць, што ў “Дынама” ўсё ж такі лічаць не толькі магчымы піяр-эфект, але і грошы. Тады на патрабаванні самага вядомага беларускага футбаліста, які не меў гульнявой практыкі з вясны, не пайшоў нават “родны” БАТЭ. А яшчэ да Глеба быў прыезд Кевіна Кураньі.
Афіцыйны сайт “Дынама-Брэст” па стане на аўторак маўчыць, прэс-служба “плёткі не каментуе”. У той жа час аргенцінская рэдакцыя іспанскай газеты “As” абвяшчае, што перамовы ўжо ідуць, праўда, Марадону бачаць у якасці не галоўнага трэнера, а спартыўнага дырэктара. Праўда, і тут рускамоўныя СМІ “вылучыліся”: агент аргенцінца выказаўся даволі нейтральна: “Калі прапанова нас зацікавіць, мы разгледзім яе”. Ветлівы такі адказ ад чалавека які застаўся без працы і натуральна адкрыты да перамоў. Бо самае гучнае, што ёсць у рэзюмэ сіньёра Дыега, гэта першы радок.
Аргенцінец толькі што развітаўся з клубам “Аль-Фуджэйра”, які не змог вывесці ў вышэйшы дывізіён. Гэта Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – ліга, магчыма, не бедная, але па сіле на ўзроўні якога-небудзь сярэдняга еўрапейскага чэмпіянату накшталт Венгрыі або Літвы. Часы, калі былыя зоркі сусветнага футболу пачкамі ехалі падзарабіць на пенсію на аравійскі паўвостраў, засталіся ў мінулым; сённяшнія іх маршруты – ЗША і Кітай. Зорным часам Марадоны-трэнера магла стаць зборная Аргенціны. Але пад яго кіраўніцтвам ледзь не мацнейшы склад у гісторыі спачатку ледзь трапіў на чэмпіянат свету, а на турніры ў ПАР Месі і кампанія былі ўшчэнт разгромлены ў чвэрцьфінале немцамі – 4:0.
Магчыма, уладальнік “рукі бога” добры матыватар (памятаю, як узнёсла пісалі пра візіт той зборнай Аргенціны ў Маскву і яе настрой на звычайны таварыскі матч расійскія калегі), але на адной “псіхалогіі” ў сучасным футболе не выедзеш. Самыя паспяховыя трэнеры прызнаюцца, што аддаюць працы 24 гадзіны ў суткі. Пра ўвагу да кожнай дробязі таго ж Антоніа Контэ – чэмпіёна Англіі і Італіі, напрыклад, напісаны цэлыя кнігі. Ці здольны да такой самаадданасці Марадона, які ў кар’еры іграка ў асноўным эксплуатаваў свой талент – пытанне.
Магчыма, пасада спартыўнага дырэктара – іншая тэма, і тут Брэсту сапраўды маглі б спатрэбіцца кантакты і вядомасць суперзоркі?.. Але і тут факты супраць Марадоны: у свой час ён запэўніваў, што зможа зацікавіць пераходам у “Аль-Васль” Месі, Ін’есту і Хаві; гэтыя заявы паказалі толькі цану яго слова. Адзінае, што гарантавана набудзе беларускі футбольны клуб – увагу прэсы якога-небудзь аўстрыйскага “Альтаха”, з якім згуляе ў Лізе Еўропы. Ці варта гэта тых грошай, якія запросіць Марадона?..
Магчыма, у той час, калі вы слухаеце гэты блог, пра гучнае прызначэнне ўжо абвешчана. І мы нарэшце можам адказаць на пытанне, што ўяўляе сабой “Дынама-Брэст” – футбольны клуб або піяр-праект.