Падзяліцца:
5 сакавіка 2018
61.jpg

Пераможцам 68-га Берлінскага кінафестывалю стаў фільм “Не дакранайся” румынскай пастаноўшчыцы Адзіны Пінціліе. Старшыня журы Том Тыквер яшчэ не паспеў сысці са сцэны, дзе ўручаў “Залатога мядзведзя”, як быў накрыты шквалам крытыкі. Маўляў, і так няшмат было добрых стужак у конкурсе, а ён узнагародзіў адну з найгоршых.

Калі арыентавацца на рэйтынг часопіса Screen, карціна-пераможца сапраўды мала што не ў “топе”, дык увогуле на трэцім радку знізу (сярэдні бал - 1,5 балы з 4).  Але акрамя чатырох “адзінак”, ёсць адзнакі “2” і “3”, што ўсё ж паказвае – фільм зусім не безнадзейны і мае аўдыторыю, якая знойдзе ў ім штосьці блізкае і прыгожае. І хоць рэйтынг гэты – рэч даволі ўплывовая (лічыцца, што людзі, якія глядзяць шмат кіно і пішуць пра яго, здольныя выносіць больш аб’ектыўныя вердыкты), чамусьці ні адзін фестываль яшчэ не запрашаў у склад журы адных толькі крытыкаў. Наўрад ці толькі з той нагоды, што акцёры, рэжысёры, прадзюсары і кампазітары ярчэй ззяюць на чырвонай дарожцы. А, магчыма, у вялікай ступені дзеля непрадказальнасці і суб’ектывізму.

Я наогул не разумею гэты енк – вось, журы зноў выбрала не тое, узнагародзіла не тых, адзначыла не гэтых. Журы галасуе за тыя фільмы, якія падабаюцца журы – а не нам з вамі і не крытыкам. Склад заўсёды розны (гэта вам не Амерыканская кінаакадэмія), і далёка не кожны ацэншчык мае намер аддаць голас за стужку, што стане “шэдэўрам на ўсе часы” (а такіх, думаю, сёлета ў конкурсе не было; ды і ўвогуле – колькі пераможцаў Берлінале вы ўзгадаеце, не карыстаючыся Інтэрнэтам?). Наадварот, адчуванне, што табе падабаецца тое, што большасць не разумее – куды больш прыемнае, чым трапіць у “мэйнстрым”.

63.jpg 

У крытыкаў такі фаварыт, дарэчы, таксама быў – драма Філіпа Гронінга “Майго брата клічуць Роберт, і ён ідыёт”. Трохгадзінная эпапея, якая магла б стаць найпрыгажэйшай гісторыяй сталення, але дзесьці пасля першых 60 хвілін збочыла не на тую сцежку і замаячыла прадказальным фіналам. Я, магчыма, таксама палюбіў бы гэты фільм, але, прабачце, тэзіс пра тое, што нямецкая філасофія можа падштурхнуць пэўных індывідаў да краю прорвы, па-мойму, не мае патрэбы ў такім грунтоўным доказе - 20-е стагоддзе завяршылася не так даўно, каб забыць яго ўрокі. (Кагосьці ж і “Над прорвай у жыце” натхняе на забойствы, і бестурботныя песні “Бітлз”). Зрэшты, і падтрымаць тых, хто выходзіў з залы падчас сеансу, а пасля засмечваў Твітар, Тэлеграм і Фэйсбук гідлівымі пастамі, таксама не магу.

62.jpg

Як не разумею і тых, хто горача падтрымлівае калег-“выкрывальнікаў”. “Пітар Брэдшоў вялікі і называе рэчы сваімі імёнамі” – такім безапеляцыйным каментарыем суправаджае спасылку на артыкул аглядальніка “Гардыян” рэдактар вядомага расійскага сайта, чыім меркаваннем можна цікавіцца пра коміксы Марвел (я сур’ёзна), але не пра фестываль, на якім яна не была. Брэдшоў тым часам выказвае думку як мінімум спрэчную: маўляў, у часы такіх гарачых тэм як “Трамп” і “брэкзіт” у Берліне даюць мядзведзя напалову дакументальнай стужцы пра сексуальнасць – “дурной”, “сярэдняй” і “пазбаўленай гумару”. А не менш вострая тэма - скандал імя Вайнштэйна і разважанні пра мяжу, за якой заляцанні становяцца “харасментам” – быццам бы ў румынскім фільме не гучыць. Так, работа Пінціліе занадта асабістая (рэжысёр сама прысутнічае ў кадры, прычым не толькі ў якасці назіральніка), каб патрабаваць ад яе алегорый, але прымушае задумацца, як мала мы самі ведаем пра сябе і сваё цела, і як не дастае смеласці пра гэта гаварыць і нават думаць. Карацей, фільм “Не дакранайся” я магу параіць з куды большым разлікам на вашу калі не ўдзячнасць, то хаця б водгук, чым таго ж “Роберта”.

Сваё незадавальненне тым ці іншым рашэннем журы крытыкі тлумачаць і так: фільму, які атрымаў прыз, прасцей трапіць у пракат. А добрая, але не адзначаная стужка, можа разлічваць хіба што на “фестывальнае жыццё”. Глупства. Кінарынак – што ў Берліне, што ў Канах - завяршаецца на некалькі дзён раней, і ўсе здзелкі закрываюць да абвяшчэння ўзнагарод. Кінабізнес сам у стане ацаніць пракатны патэнцыял той ці іншай стужкі і набыць правы на яе паказ у пэўнай краіне. Нават даволі бязлітасная да гледача карціна “Утойя, 22-га ліпеня” пра тэракт Брэйвіка, але і тая прададзена для паказу па ўсім свеце – ад Лацінскай Амерыкі да Кітая, не кажучы пра Еўропу. Нарвежскі фільм атрымаў у цэлым станоўчую прэсу, але застаўся без прызоў. З іншага боку, наўрад ці менавіта ўзнагарода “за касцюмы”, што дасталася “Даўлатаву”, падштурхнула анлайн-сэрвіс “Нэтфлікс” набыць стужку Аляксея Германа-малодшага.

64.jpg 

Што тычыцца маіх асабістых уражанняў, то з асноўнай праграмы вылучу тры фільмы. Па-першае, гэта драма “Не ў сабе” (у нашым пракаце – з 29 сакавіка). Стывен Содэрберг майстэрскі грае ў гісторыю з ненадзейным апавядальнікам – гераіня Клэр Фой ці то ахвяра маньяка, ці то пакутуе на манію праследавання; а можа, мае месца і тое, і другое. Зняты за некалькі дзён на айфон трылер дае фору большасці конкурсных работ (а можа і ўсім).

65.jpg 

Прыз за лепшую жаночую ролю (дастаўся парагвайскай актрысе Ане Брун з фільма “Спадчынніцы”) я б уручыў усім тром галоўным персанажам стужкі “Дачка мая” – драме сталення дзяўчынкі, якой прыйшоў час выбіраць паміж біялагічнай маці і той, што выхоўвала яе. Фільм Лауры Біспуры захоплівае ў роўнай ступені і канфліктам, і пейзажам – як жа прыгожа грае сардзінскае сонца ў валасах Сары Казу і Альбы Рарвахер!

"Паміж паліцамі" 
Нямецкі артыст Франц Рагоўскі, якога вы можаце памятаць па “Вікторыі” і “Хэпі-эндзе”, адзначыўся адразу ў дзвюх галоўных ролях. І калі ў “Транзіце” на яго месцы можна ўявіць іншага, то фільм “Паміж паліцамі” згубіў бы сваю чароўнасць. Гэта смешнае і сумнае кіно крыху ў стылі Каурысмякі пра незаўважных людзей – работнікаў начной змены гіпермаркета. І, як нядаўні “Патэрсан” Джармуша, пра тое, што хараство можна ўбачыць нават у паўсядзённасці, а ў шоргаце пагрузчыка - пачуць шум хваляў акіяна з фоташпалераў у пакоі адпачынку персаналу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: