
Адлік да чэмпіянату свету па футболе ідзе ўжо не на дні, а на гадзіны, першы матч – заўтра а шостай вечара; на разагрэве – Расія і Саудаўская Аравія, а першыя хэдлайнеры, Партугалія і Іспанія, выступяць у пятніцу.
Групы, як бы іх ні жарабілі, традыцыйна розныя – ад такой “патэтычнай”, што дасталася гаспадарам, да такой “рок-н-рольнай”, як “D” (Аргенціна, Ісландыя, Харватыя, Нігерыя). Зрэшты, для зборнай Расіі ўсё можа скласціся не так і проста. Калі азіяты – традыцыйныя пастаўшчыкі ачкоў, то ў матчах з Уругваем і Егіптам іх можна не далічыцца. Не дзіва, што стужкі расійскіх інфармагенцтваў сёння падобныя да медыцынскіх зводак – як там папраўляецца пасля траўмы лідар “фараонаў” Махамед Салах. На сілы “сваіх” асаблівых надзей няма.
У фаварытах ходзяць іншыя. Калі меркаваць па каэфіцыентах букмекераў, найбольш ставак яны чакаюць на перамогу бразільцаў. Калі сёння вы паставіце на “кудзеснікаў мяча” тысячу, атрымаеце ў выніку іх поспеху 5. Далей ідуць дзеючыя чэмпіёны – не тое, каб немцы за 4 гады сталі слабейшымі, а і па статыстыцы. Апошні раз двойчы запар “золата” брала Бразілія, было гэта ў 1958 і 1962 гадах. Прыкладна аднолькавыя каэфіцыенты – у раёне 7-мі – на перамогу Францыі і Іспаніі. Трыумф Аргенціны або Бельгіі зробіць вас багацей у 10-12 разоў. Гэта шасцёрка лідараў; усе, хто ніжэй, адстаюць даволі значна. Чэмпіёны Еўропы партугальцы – на 8-м месцы, расіяне – на 12-м. Ніжэй за ўсё ацэньваюцца шансы Панамы – з кожнага рубля вы атрымаеце тысячу. Што гаворыць пра ўзровень турніру і некаторых зборных, якія трапляюць на мундзіяль па квоце ад свайго кантыненту.
З гэтага боку прарыў нас чакае наўрад ці. Тэндэнцыя да новага пашырэння можа афіцыйна аформіцца ўжо ў 2022-гім. Прычым футбольныя чыноўнікі далі зразумець: калі каманд у фінале і стане больш, то не за кошт Еўропы, якой дастануцца тыя ж 17 месцаў. Дзіўнае рашэнне – мне ідэальная схема (у разліку на 32 каманды) заўсёды бачылася як 16 еўрапейскіх зборных, 6 паўднёваамерыканскіх, 5 прадстаўнікоў Афрыкі, па 3 – Азіі і Акіяніі, 2 – Паўночнай Амерыкі. І калі павялічваць склад – то толькі за кошт Старога Свету, бо на іншых кантынентах проста няма каманд, за якімі цікава было б сачыць. Паядынкаў з сумніўнай афішай і зараз хапае – ну хто будзе глядзець, напрыклад, матч Панама-Туніс або Японія-Сенегал, акрамя жыхароў гэтых краін?..
Тым не менш, і для многіх беларусаў галоўнай “кнопкай” у гэтыя дні стане пятая. Дарэчы, мае першыя “тэлевізійныя” ўспаміны звязаны з чэмпіянатам свету-1994. Гол і дыскваліфікацыя Марадоны; вар’яцкая інтрыга ў групе, дзе гуляла Італія, калі ўсе 4 зборныя набралі па 4 ачкі; бліскучыя пакаленні Балгарыі, Румыніі і Швецыі; драматычны промах Раберта Баджа. Потым была Францыя-98 з феерычным правалам, здавалася б, непераможных немцаў, “бронзавымі” харватамі і подзвігам Зідана напярэдадні свята ўзяцця Бастыліі.
Турнір у Японіі і Карэі – мой самы нелюбімы. З-за яго я ледзь не праваліў сесію. І было б яшчэ на што глядзець. Суддзі цягнулі за вушы гаспадароў, тэмпература і вільготнасць перамаглі амаль усе еўрапейскія зборныя, магчыма, наймацнейшая ў найноўшай гісторыі Англія саступіла дарогу ненавісным бразільцам, затое Турцыя і Карэя дайшлі да паўфінала.
Гэтае непаразуменне, аднак, спаўна кампенсаваў 2006-ты. Адзін паўфінал Германія-Італія каштаваў усяго, што было ў Азіі, не кажучы ўжо пра фінальную драму імя Зідана і Матэрацы. Тады здалося, што немцы возьмуць сваё праз 4 гады, але пачакаць прыйшлося крыху больш – пакуль сыдзе “залатое” пакаленне Іспаніі.
Што да зборнай Беларусі, то яна ніколі не гуляла ў фіналах топ-турніраў і наўрад ці трапіць туды ў бліжэйшай будучыні. Не стаіць на парадку дня і пытанне правядзення чэмпіянату ў нашай краіне – няма ні патрэбнай колькасці буйных стадыёнаў, ні інфраструктуры – акрамя Мінска і, магчыма, Віцебска. А вось узяць той жа Гродна. З увядзеннем “бязвіза” ў летні сезон на выхадных тут не знайсці месцаў у атэлях. Правядзенне ж Фестывалю культур увогуле ледзь не выклікала “жыллёвы” калапс. Адзіная рэальная магчымасць – скааперавацца з кімсьці з суседзяў па прыкладзе хакейнага чэмпіянату-2021, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі.
Зрэшты, праблемы беларусаў у значнай ступені ўласцівы і гаспадарам цяперашняга мундзіяля – зноў жа, калі не лічыць Маскву і Пецярбург. І хоць да Кіева з яго 2-мя тысячамі еўра за начлег падчас фіналу Лігі Чэмпіёнаў далёка, але паспрабуйце знайсці прыстойнае жыллё, напрыклад, у Калінінградзе, калі там сустрэнуцца Англія і Бельгія. З іншага боку, калі вы сапраўдны фанат, не трэба губляць магчымасць далучыцца да свята – а тое, што гэта будзе свята – запэўніваю, бо прывёз два гады таму з Францыі яскравыя ўражанні з чэмпіянату Еўропы; ды што я – многія беларусы акунуліся ў гэтую атмасферу яшчэ ў 2012-м на стадыёнах і ў фан-зонах Украіны і Польшчы.