Падзяліцца:
«Кропкі над «і». Пакараць нельга памілаваць». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
22 лістапада 2017
«Кропкі над «і». Пакараць нельга памілаваць». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) У нядзелю завершыцца чэмпіянат Беларусі па футболе; хутчэй за ўсё, 12-ты запар тытул ад БАТЭ нікуды не дзенецца, дастаткова не прайграць “Гарадзеі” – задача не тое каб надта складаная – але якім бы ні быў вынік, шлейф скандальнасці, які цягнецца за гэтым сезонам, нікуды не знікне. Галоўны парушальнік спакою мінулых гадоў – мінскае “Дынама” – свой “ліміт” вычарпала ўвесну. Быццам бы. Трэнерская чахарда ў сталіцы, па праўдзе кажучы, перастала ўжо выклікаць якія-небудзь эмоцыі. На тое, ці звольняць Сяргея Гурэнку ў красавіку-маі, можна прымаць стаўкі ўжо зараз. Асабліва вялікі розгалас у “бела-сінім” свеце выклікала з’яўленне ў стане БАТЭ колішняга “сэрца” “Дынама” – Станіслава Драгуна. А вось змена на пераправе, якую задумаў “Шахцёр”, выклікала шок і непаразуменне. Кіраўніцтва адправіла ў адстаўку Алега Кубарава, які вёў каманду на першым месцы і не прайграў у першым крузе нікому, акрамя БАТЭ. І добра, каб на яго месца запрасілі Хасэпа Гвардыёлу або Жазэ Маурыньё – стырно праўлення даверылі малавядомаму паляку Марэку Зубу. Той, да яго гонару, ламаць нічога не стаў – і мог(!) даехаць да перамогі. Тым больш канкурэнты, хоць у асабістых сустрэчах і выносілі “гарнякоў”, самі спатыкаліся на “Віцебсках”, “Славіях” і “Крумкачах”. Але калі ўсе выбоіны і крутыя павароты засталіся ззаду, парвалася там, дзе заўсёды было тонка – камандны механізм не вытрымаў праверку на псіхалагічную трываласць. Пахаваў шансы “Шахцёра” на чэмпіёнства той, хто іх і парадзіў – Алег Кубараў. Суботняя гульня завяршылася яго безумоўным тактычным трыумфам. План быў простым – аддаць мяч саперніку і джаліць яго контратакамі, і не новым – такім жа быў рэцэпт поспеху БАТЭ. Барысаўскі клуб накідаў “гарнякам” поўны кошык; не менш магчымасцей было і ў “Тарпеда” – для перамогі хапіла дзвюх. А ўсе нараканні на судзейства – размовы на карысць бедных. У таго ж “Нёмана” падставы для незадавальнення больш абгрунтаваныя. Форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў падыграў сабе рукой пры ўзяцці варот. Тым не менш, трэнер гродзенскага клуба Ігар Кавалевіч знайшоў мужнасць прызнаць: не залічылі б гэты мяч – заляцеў бы іншы. Барысаў сапраўды быў на галаву вышэй. У горадзе на Бярэзіне прывыклі чуць ад не самых свядомых балельшчыкаў рознае. Але стрэлы ў бок “Шахцёра” куды больш крыўдныя – ад “каманды без характару” да “беларускай ганьбы ў еўракубках”. Клуб з зайздроснай рэгулярнасцю вылятае ў першым жа раундзе, прычым ад сапернікаў калібру малдоўскага “Мілсамі”. Падобна на тое, што ў “гарнякоў” не вераць нават у Салігорску. На звышпрынцыповы паядынак з “Тарпеда” прыйшло… паўтары тысячы гледачоў. На БАТЭ, з якім зноў напрошваюцца паралелі, рэгулярна ходзяць 4-5 тысяч. І хоць актыўных балельшчыкаў таксама няшмат, затое абыякавых у Барысаве, здаецца, зусім няма. Не верыце? Прагуляйцеся па горадзе пасля матчу – і абавязкова на вуліцах, у транспарце і кавярнях пачуеце: “Ну як нашы, выйгралі? – Нічыя, але малайцы – крыху не пашанцавала. Калі б яшчэ Валадзько забіў…”. Карацей, ёсць пэўнае атаесамленне: Барысаў – гэта БАТЭ. Прыраўняць жа “Шахцёр” да Салігорска ніяк не атрымоўваецца. А атрымоўваецца вось што. Сёння адзіным аргументам у спрэчцы БАТЭ з канкурэнтамі застаецца так званая “справа Верамко”. У матчы з “Мінскам” галкіпер быў выдалены за бойку з арбітрам. Услед рушыла дыскваліфікацыя на 5 матчаў і штраф. Гульні варатар прапусціў, а вось з грашыма не ўсё зразумела. Сам Сяргей кажа, што аплаціў у апошні дзень вызначанага тэрміну і ўдзельнічаў у наступным паядынку правамерна. Банкаўскія дакументы сведчылі пра іншае, і дысцыплінарны камітэт ператварыў лік 6:0 у матчы са “Слуцкам” у 0:3. БАТЭ падаў апеляцыю – і выйграў. Тры ачкі і шансы на чэмпіёнства камандзе вярнулі, прыняўшы да ўвагі “змякчальныя абставіны”, у тым ліку тое, што галкіпер узгаданы матч прасядзеў у запасе і на вынік ніяк не паўплываў. Але гэта яшчэ не ўсё. Заўтра ў Доме футбола збярэцца вышэйшы орган – выканкам. Каб задаць пытанні ўжо Апеляцыйнаму камітэту. А можа пытаннямі і не абмежавацца – тады “справе Верамко” дадуць новы ход. І ў нядзелю ў чэмпіянаце будзе пастаўлена не кропка, а шматкроп’е. Да таго ж, менавіта ў чацвер БАТЭ чакае яшчэ адзін лёсавызначальны матч – у Лізе Еўропы супраць “Црвены Звезды”, дзе беларусам таксама патрэбна толькі перамога. Якім будзе рашэнне і як яно паўплывае на настрой і матывацыю каманды – пытанне.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: