Падзяліцца:
"Кропкі над “і”. Пра што фільм “Крышталь”, і чаму яго так хваляць крытыкі?" Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё+відэа)
30 жніўня 2018
"Кропкі над “і”. Пра што фільм “Крышталь”, і чаму яго так хваляць крытыкі?" Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё+відэа)

Сёння ў кінатэатры “Масква” – прэм’ера. Паказваюць фільм “Крышталь”. Перш чым дабрацца да Беларусі, стужка рэжысёра Дар’і Жук паспела сабраць узнагароды некалькіх кінафестываляў на постсавецкай прасторы і адзначыцца ў праграме прэстыжнага агляду ў Карлавых Варах. Пракат на радзіме суправаджаецца нежартоўным “хайпам”, які падагрэла і навіна пра ўпершыню за доўгія гады магчымае трапленне беларускай карціны ў спіс прэтэндэнтаў на “Оскар” – адмыслова для гэтага нават створаны “оскараўскі камітэт”. Каб выканаць рэгламент у катэгорыі «Лепшы фільм на замежнай мове», стужку трэба як мінімум тыдзень “пракаціць” у кінатэатрах да 1 кастрычніка. Думаю, з-за гэтага прыйшлося прынесці ў ахвяру і ўдзел у кінафестывалі “Лістапад”, дзе карціна магла прыняць удзел у асноўным конкурсе. Што тычыцца пракату, то распісана яна амаль на ўзроўні галівудскага блакбастара: толькі ў Мінску ўбачыць “Крышталь” можна будзе ў 11 залах. Адначасова са сталіцай пачнецца шырокі пракат і ў рэгіёнах. За два месяцы фільм пакажуць больш чым у 20 гарадах і 36 кінатэатраў па ўсёй краіне. А ў Гомелі і Гродне фільм-сенсацыю лета прадставіць сама Дар'я Жук. Выйдзе фільм і ў Расіі.

 “Агрэсіўны”, па беларускіх мерках, маркетынг – лагічны працяг усёй гісторыі стварэння фільма; стратэгіі наколькі рэдкай, настолькі ж абавязковай для таго, каб быць заўважаным на буйных кінафестывалях. Дар’я Жук ідзе шляхам сваіх паспяховых калег з Расіі – Сяргея Лазніцы і Андрэя Звягінцава – і прыцягвае сродкі, прынамсі фінансавыя, з розных міжнародных крыніц. Так, акрамя Беларусі, краінамі-вытворцамі пазначаны Расія, Германія і ЗША. Фільм падтрымалі такія структуры, як Дзяржаўны савет па мастацтве (Нью-Ёрк), Інстытут кіно Трайбека (адтуль жа) і фонд кіно зямлі Гесэн (Германія). Зразумела, былі задзейнічаны і магчымасці “Беларусьфільма”. Прыклад шырокай капрадукцыі, да якой заклікаюць і пра магчымасці якой расказваюць нашым кінематаграфістам на кожным “Лістападзе”.

Улічыце і міжнародны вопыт здымачнай групы. Па-першае, гэта фігура аператара. Ацаніць работу Караліны Коста вы маглі ў нядаўніх “Дарослых гульнях”. Камера працуе толькі на персанажаў і гісторыю, не перацягвае коўдру і не ўскладняе апавяданне. Сярод тых, хто працаваў над мантажом, значыцца Міхал Ляшчылоўскі, які дапамагаў манціраваць “Ахвярапрынашэнне” Андрэю Таркоўскаму і ствараць стужкі Лукаса Мудзісана (“Пакажы мне каханне”, “Ліля назаўсёды”).

Пра што фільм “Крышталь”, і чаму яго так хваляць крытыкі?.. Падзеі разгортваюцца ў Беларусі ў сярэдзіне 90-х. Галоўная гераіня Веля нідзе толкам не працуе і марыць з’ехаць у ЗША. У анкеце на візу яна пазначае месцам працы завод па вытворчасці крышталю – проста таму што бланк з яго штампам атрымалася набыць на рынку. Але ў пасольстве абяцаюць праверыць усе даныя, і Веля вымушана адправіцца ў правінцыю каб не прапусціць званок. Там і пачынаюцца прыгоды – вёска з яе пераважна натуральнай гаспадаркай аказваецца іншым полюсам “амерыканскай мары”, а сама гераіня, нібыта келіхі на тым самым заводзе, праходзіць жорсткую “шліфоўку”.

У кожнай гісторыі сталення (а рэжысёр Дар’я Жук не хавае, што фільм шмат у чым аўтабіяграфічны – яна сама з’ехала вучыцца ў ЗША) надзвычай важна – хто персаніфіцыруе “альтар эга” аўтара. Актрыса Аліна Насібуліна быццам перайшла ў “Крышталь” з “Віцькі Часныка”, дзе грала эпізадычную ролю, з яго вырві-вока колерамі і героямі “з народа”. Яе Велю не назавеш цалкам станоўчым персанажам. Ладна афера з анкетай, але яна перыядычна крадзе грошы і рэчы ў маці, а каб разжаліць суразмоўцаў - хлусіць, што тая цяжка хварэе.

Не пакідае абыякавай, больш за тое – зацягвае і пагружае ва ўспаміны - старанна створаная атмасфера 90-х. “Крышталь” – гэта не столькі гісторыя пра “амерыканскую мару”, колькі пра нашу з вамі рэчаіснасць, нібы падвоеную пасля распаду Савецкага Саюза. У якой суіснуюць тыя, хто ашалела кінуўся праслаўляць каштоўнасці свабоды і самавызначэння, часам разумеючы гэта як усёдазволенасць і безадказнасць. І тыя, хто разгублена сумуе па мінулай “уладкаванасці” (“У арміі ўсё зразумела было – дзе чыё месца і хто што сабой уяўляе”, - з настальгіяй кажа адзін з герояў; “Працаваць трэба там, дзе нарадзілася”, - не ўхваляе памкненняў Велі яе маці – купалаўская артыстка Святлана Анікей вельмі арганічная ў вобразе такой “міхалкоўскай” жанчыны “на сваёй хвалі”).

“Крышталь” расхвалілі і айчынныя, і замежныя крытыкі. Так, у Расіі яго паспелі ўжо назваць “другім пасля “Брата” галоўным фільмам пра 90-я”, а ў ЗША – “жывой, іранічнай камедыяй пра сутыкненне культур”. На маю думку, і абодва гэтыя выказванні не зусім дакладныя. Камедыяй стужка прыкідваецца добра калі да сярэдзіны, а персанажаў нібыта з таго “ліхалецця” хапае і сёння. І таму “Крышталь” мае ўсе шансы стаць не толькі фестывальным, але і “народным хітом”. А гэта даражэй за любыя оскары.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: