Падзяліцца:
Кропкі над “і”. Пра вынікі “Лістапада”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
12 Лістапада 2018
Кропкі над “і”. Пра вынікі “Лістапада”. Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) 25-ты Мінскі міжнародны кінафестываль аб’явіў лаўрэатаў - галоўны прыз дастаўся румынскаму фільму «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары» рэжысёра Раду Жудэ. Фразу, вынесеную ў загаловак, сказаў румынскі прэм’ер-міністр Іён Антанеску летам 1941-га, запускаючы механізм этнічных чыстак і «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання». У выніку ў Румыніі і на захопленых тэрыторыях Малдовы і Украіны было знішчана каля 380 тысяч яўрэяў. Каб нагадаць пра гэта, гераіня фільма ставіць у сучасным Бухарэсце тэатралізаваную рэканструкцыю. Але высвятляецца, што і ў чыноўнікаў, і ў «простага народа» свая гістарычная памяць, дзе Антанеску сапраўдны лідар нацыі, а яўрэяў ён не знішчаў, а наадварот, ратаваў. Як прызнаўся старшыня журы Юсуп Разыкаў, акрамя таго, што тэма, якую ўзнімае рэжысёр, мае палітычную і сацыяльную афарбоўку, карціна дазволіла адчуць яму яшчэ і эмацыйны ўздым – а гэта, бадай, вышэйшы пілатаж. Што да рознай трактоўкі гісторыі, то і гэта блізка ўзбекскаму аўтару. У інтэрв’ю мне ён з прыкрасцю сказаў, што больш нічога не хоча мець са сваёй апошняй стужкай «Танец з шаблямі». Пасля таго, як Міністэрства культуры Арменіі ўмяшалася ў здымачны працэс і па-іншаму расставіла акцэнты ў гісторыі стварэння легендарнага твора Арама Хачатурана. Дарэчы, мала хто ведае, але Разыкаў у свой час хацеў экранізаваць «Дзікае паляванне Караля Стаха», нават ужо месца для натурных здымак шукаў. І адмовіўся, калі прадзюсары паставілі ўмову, што гэта павінен быць трылер на манер «Соннай лагчыны», у той час як ён меў намер стварыць штосьці накшталт «Братоў Грым» Тэры Гіліяма. Сувязь гісторыі і сучаснасці – тэма яшчэ аднаго фільма-лаўрэата «Лістапада». У стужцы «Груз» (прыз за лепшы сцэнарый) Огнен Главоніч звяртаецца да адносна блізкага (1999 год) мінулага і расказвае гісторыю вадзіцеля, які атрымаў заданне даставіць у Бялград сакрэтны груз. Прычым сакрэтны настолькі, што нават паліцыя, азнаёміўшыся з суправаджальнымі дакументамі, моўчкі дае дарогу. Недзе фонам чуваць натаўскія бамбёжкі, на зямлю бясконца падаюць агітацыйныя лістоўкі, а ў закрытым кузаве нешта загадкава стукае. Што гэта за груз – мы даведаемся ўжо на месцы, а ўсю дарогу ён застанецца метафарай схаванай праўды. Праз тую вайну, дзе Сербія «прылюдна» выставіла сябе ахвярай, Главоніч праводзіць рысу паміж пакаленнямі. Дальнабойнік на сваім шляху спыняецца ля мемарыялу байцам Народна-вызваленчай арміі Югаславіі, якія ў Другую сусветную змагаліся з фашыстамі. І рэжысёр падкрэслівае – тая барацьба была сапраўды святой, у той час як генацыд 90-х (не толькі ў Сербіі і не толькі супраць албанцаў – угар нацыяналізму ахапіў усе краіны былой Югаславіі) – гэта абнуленне той перамогі і здрада запаветам. Яшчэ адзін сімвал страты памяці – згубленая запальнічка – падарунак бацькі, які біўся ў шэрагах той самай Народнай арміі. Трыумф ультраправых ва Усходняй Еўропе стаў ледзь не лейтматывам асноўнага конкурсу. Сваю ўжо нават не трывогу, а роспач выказаў і польскі рэжысёр Анджэй Якімоўскі, хаця дагэтуль ён зусім не лез у палітыку, здымаючы простыя чалавечыя гісторыі. І яго фільм «Аднойчы ў лістападзе» знайшоў водгук у сэрцы журы – стужка адзначана за аператарскае майстэрства. Але, я ўпэўнены, уразіла не толькі яно. Чаго толькі вартыя апошнія 20 хвілін, якія глядач пражывае разам з героямі на вуліцах ахопленай пагромамі Варшавы. Хаця трапіўшыя ў пастку героі – ніякія не левыя і нават не мігранты, якія так перашкаджаюць станаўленню «Вялікай Польшчы», а звычайныя палякі, якія аказаліся без даху над галавой з уласнай недальнабачнасці або залішняй даверлівасці. Цікава, што ў тройку рэйтынга публікі гэтыя стужкі не ўвайшлі. Прыз глядацкіх сімпатый (некалі галоўны у іерархіі «Лістапада») – у фільма «Юлі» пра кубінскага танцора, які стаў першым цемнаскурым Рамэа Лонданскага каралеўскага балету. Яшчэ адна адметнасць сёлетняга фестывалю – свайго роду «шлюбныя падрады». Так, найлепшым рэжысёрам стаў Цзя Чжанкэ з фільмам «Попел беласнежны», а яго жонку Чжао Тао назвалі лепшай актрысай. Яны ў Мінск не прыехалі, але запісалі відэазвароты для цырымоніі закрыцця. Што да новай работы галоўнага кітайскага аўтара, то яна працягвае ўзнятую яшчэ ў «Нацюрморце» і прадоўжаную ў стужцы «Горы зрушваюцца» тэму адлюстравання вялікіх індустрыяльных і сацыяльных змен у Кітаі ў лёсах простых людзей. Яшчэ адна шлюбная пара адзначана за фільм «Сэрца свету». Выканаўца галоўнай ролі Сцяпан Дзявонін атрымаў узнагароду за лепшую мужчынскую ролю, а рэжысёр Наталля Мешчанінава – Прыз Прэзідэнта Беларусі. Фільм яшчэ можна ўбачыць у «Цэнтральным» і ён таго варты. Калі вас не кране гісторыя хлопца з траўмамі дзяцінства, якому з жывёламі мець зносіны прасцей чым з людзьмі, то глядзець, як ён корміць ягнятак, дагледжвае ліс і купае сабаку вы будзеце са шчырым замілаваннем. Галоўнай жа нечаканасцю «Лістапада» сталі вынікі нацыянальнага конкурсу. У ім перамог не аблашчаны фестывалямі і крытыкай фільм Дар’і Жук, а дэбютная работа Мары Тамковіч – кароткаметражная стужка «Дачка», зробленая ў Польшчы і на польскай мове. Як растлумачыла свой выбар журы – са спадзяваннем, што ўзнагарода дапаможа таленавітай пастаноўшчыцы зняць свой першы поўны метр у Беларусі. Пры гэтым ёсць адчуванне, што галоўнага беларускага фільма мы так і не ўбачылі – альманах «Драма», створаны пераможцамі мінулых гадоў, Мікітам Лаўрэцкім і Юліяй Шатун, у конкурс не ўзялі...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: