Падзяліцца:
«Кропкі над «і». Пусты квадрат» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
12 снежня 2017
«Кропкі над «і». Пусты квадрат» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) Еўрапейская кінаакадэмія назвала сваіх лаўрэатаў. Безумоўным трыумфатарам цырымоніі ў Берліне стала шведская стужка “Квадрат”; сатыра Рубена Эстлунда атрымала 6 узнагарод, у тым ліку як найлепшы фільм. Статуэткі атрымалі таксама рэжысёр, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык і выканаўца галоўнай ролі Клас Банг. Прэмія была заснавана 30 гадоў таму як еўрапейскі аналаг “Оскара”. Прынцып вызначэння яе пераможцаў прыкладна такі ж, як у амерыканскіх калег – фарміруецца кароткі спіс намінантаў, за якіх галасуе пэўнае кола людзей – членаў кінаакадэміі. (Ёсць у ёй, дарэчы, і беларускае прадстаўніцтва у асобе рэжысёра-дакументаліста Віктара Аслюка). Кажуць, лаўрэатаў Оскара лёгка прадказаць, а сама цырымонія даўно ператварылася ў прэснае відовішча – і доля праўды ў гэтым ёсць. Пра якія нечаканасці можна ўзгадваць, калі выбіраюць з года ў год адны і тыя ж, а фільмы-прэтэндэнты адбіраюцца па пэўных крытэрыях, якія так і называюць “оскараўскімі”. Толькі далёка не ўсе пераможцы вытрымліваюць праверку часам. Узяць тыя ж 80-я. Сёння да безумоўнай класікі можна аднесці бадай што “Чалавека дажджу”. У той жа час “праляцелі” міма ўзнагароды, напрыклад, “Шалёны бык”, “Чалавек-слон” і “Ханна і яе сёстры”. Еўрапейская кінаакадэмія, на маю думку, дае маху радзей. Калі не лічыць фільмаў “Галавой аб сцену” Фаціха Акіна і “Прывід” Рамана Паланскага (зрэшты і гэтыя карціны маюць вялікае кола прыхільнікаў), спіс лаўрэатаў за апошнія 20 гадоў можна рэкамендаваць да прагляду як безумоўныя шэдэўры. Часам акадэмікі пацвярджаюць неафіцыйны статус лепшага, які дае фільму перамога на фестывалі ў Канах – так было з “Каханнем” і “Белай стужкай” Міхаэля Ханэке, “Танцуючай у цемры” Ларса фон Трыера, карцінай “4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні” Крысціяна Мунджыу. Часам, наадварот, быццам выпраўляюць памылкі канскага журы. “Вялікая прыгажосць”, “Тоні Эрдман”, “Амелі” засталіся незаўважанымі галоўным кінааглядам, але атрымалі права звацца “фільмам года” рашэннем кінаакадэміі. Сёлета падзеі развіваліся па першым сцэнарыі. “Квадрат”, што святкаваў трыумф на набярэжнай Круазэт, узяў сваё і ў фествальным палацы Берліна. Такі поспех не можа не сведчыць – выказванне Рубена Эстлунда сапраўды злабадзённае для сённяшняй Еўропы і закранае шмат праблем. Прычым у адрозненне, скажам, ад таго ж Акі Каўрысмякі (“Па той бок надзеі”), нічога не навязвае і не прапануе. І глядзіць на сучаснае грамадства не з пазіцый гуманізму і паліткарэктнасці. Ужо ў пачатку мы бачым абыякавасць натоўпу, калі на крык аб дапамозе адгукаецца добра калі не кожны дзясяты – астатнія не заўважаюць, або робяць від, што не заўважаюць, не ў стане адарвацца ад тэлефонаў або зняць навушнікі. Галоўны герой, Крысціян, прайсці міма не можа і ратуе жанчыну ад праследвальніка. Мяккасардэчнасць, тым не менш, выходзіць яму бокам. Уся гэта гісторыя – спланаваная інсцэніроўка, у выніку якой “ратавальнік” застаецца без кашалька і смартфона. Сказаць, што гэты крадзеж – цяжкая страта, нельга: Крысціян – забяспечаны і паспяховы дырэктар галерэі сучаснага мастацтва, носіць дарагія касцюмы, ездзіць на “Тэсле” і ладзіць вечарынкі ў пакоях былога каралеўскага палаца (у будынку якога і размяшчаецца галерэя, атрымаўшы сімвалічную назву “X-royal”, а сам фільм пачынаецца з дэмантажу коннай статуі Карла 12-га). Але прага помсты штурхае яго на сумніўны ўчынак. Скарыстаўшыся прыладай “Знайсці тэлефон”, ён высвятляе, што мабільнік знаходзіцца ў адным з дамоў у бедным прыгарадзе, і закідвае паштовыя скрыні лістамі з пагрозай – у разліку, што злодзей спалохаецца і прыйдзе з павіннай. Прыходзіць, аднак, не злодзей, а хлопчык, бацькі якога ўпэўнены, што тэлефон скраў ён, і караюць сына, вымушаючы прызнацца ў крадзяжы. “Апраўдаць” небараку ў Крысціяна няма калі – трэба займацца рэкламай новай выставы. Гэта “квадрат неабыякавасці” – маленькая прастора ў цэнтры Стакгольма, у якой, па задумцы, людзі будуць клапаціцца адзін пра аднаго. І кожны, хто мае патрэбу ў дапамозе ці проста ўвазе – сустрэне спачуванне. (Такую інсталяцыю прыдумаў некалькі гадоў таму сам рэжысёр, і аб’ехаў з ёю некалькі шведскіх гарадоў). Кульмінацыяй становіцца вячэра, на якой прысутных мецэнатаў і патронаў музея забаўляе “чалавек-малпа”. Яго выхадкі публіка спачатку падабае, але пасля, як кажуць, нешта ідзе не так – артыст губляе межы рэальнасці, пачынае скакаць па сталах і кідацца на гасцей, ніяк не рэагуючы на просьбы спыніць “перфоманс”. На месца дыскамфорту, жаху і разгубленасці прыходзіць такая ж першабытная злосць – і вось бакі “канфлікту” мяняюцца месцамі і цяпер ужо людзі ў смокінгах мутузяць напаўголую “малпу”. Хоць фільм і мае скразную гісторыю, сцэны з яго можна глядзець паасобку і не ў храналагічным парадку – як і нядаўнюю “Вялікую прыгажосць”, і даўняе “Салодкае жыццё”. З гэтымі шэдэўрамі работу Эстлунда можна параўнаць і як спробу адлюстраваць сучаснасць у выглядзе “кінафрэскі” – свет, у якім расколіна паміж культурай і грамадствам, “элітай” і абывацелямі усё больш павялічваецца, а маленькі квадрат неабыякавасці застаецца пустым, як рама без карціны. Сваё меркаванне пра калі не лепшую, то, безумоўна, адну з галоўных стужак года, можаце скласці і вы – “Квадрат” яшчэ ідзе ў мінскім пракаце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: