
Кінафестываль “Лістапад” аб’явіў усё, што мог аб’явіць. Больш за паўтары сотні карцін з 50-ці краін, фестывальныя хіты і імёны, якія сёння нічога нікому не гавораць, але заўтра, магчыма, будуць несці дадому “Оскар”. Радыкальныя аўтарскія эксперыменты і амаль жанравыя стужкі, самыя чаканыя еўрапейскія прэм’еры і інтрыгуючыя азіяцкія фільмы - Ігар Сукманаў і Ірына Дзям’янава клапатліва збіралі праграму ўвесь год, каб падарыць нам тыдзень асалоды такім розным, але нязменна цікавым кіно.
Цяперашні “Лістапад” 25-ты па ліку – а значыць, можна казаць пра пакаленне кінаманаў, якое ён выгадаваў. Ім не трэба анансіраваць новыя фільмы Цзя Чжанкэ, Паола Сарэнціна або Джафара Панахі. Мінскі кінафестываль у свой час пазнаёміў з творчасцю Клэр Дэні і Брыянтэ Мендоса, даў магчымасць асабіста ўбачыць многіх класікаў і іх шэдэўры на вялікім экране.
Галоўны сюрпрыз гэтага года – рэтраспектыва Аньес Варда. Пакажуць і самы выток “новай хвалі” - “Клэр з 5-ці да 7-мі”, і “Твары, вёскі”, несправядліва праігнараваныя амерыканскімі кінаакадэмікамі на карысць фільма пра допінгавы скандал на Алімпіядзе ў Сочы. Сама Варда ў Мінск, на жаль. Не прыедзе (хаця ўсе журналісты на прэс-канферэнцыі на імгненне застылі ў прадчуванні, калі ў раздзеле “госці” зайшла размова пра рэтраспектыву). Прадстаўляць стужкі будзе французская актрыса Валеры Мерэс, нам больш вядомая па фільмах з П’ерам Рышарам, але здымалася яна і ў Аньес Варда (“Адна спявае, другая не”), і ў “Ахвярапрынашэнні” Андрэя Таркоўскага.
Самыя чаканні госці з Расіі – Наталля Мешчанінава і Сцяпан Дзявонін. Яны былі на “Лістападзе” з фільмам “Камбінат Надзея” – рэжысёрскім дэбютам на той момант ужо вядомай сцэнарысткі. Цяпер Сцяпан грае галоўную ролю ў новай карціне Наталлі “Сэрца свету”, якую Ігар Сукманаў лічыць найлепшым расійскім фільмам гэтага году. Каб Мешчанінава і Дзявонін мелі магчымасць прысутнічаць на прэм’еры, яе нават зрушылі ў пракаце.
Дарэчы, “Сэрца свету” ўдзельнічае ў асноўным конкурсе і мае вялікія шансы калі не на “Золата Лістапада”, то на перамогу ў галасаванні гледачоў – як любы расійскі ўдзельнік фестывалю. Традыцыйна ў асноўнай праграме –імёны, якія ўпрыгожаць любы кінафорум – сёлета такімі можна назваць Раду Жудэ і Фэн Сяоган. Але галоўны смак, канешне, па-за конкурсам. Тут кожны кінааглядальнік можа назваць свой топ-10, і большасць гэтых спісаў не перасякуцца.
Ну як прапусціць, напрыклад, “Заму” Лукрэцыі Мартэль?.. Парагвайская глыбінка, 18-е стагоддзе – хранатоп, дзе магічны рэалізм Маркеса сустракае абсурд Кафкі. Немалады ўжо чыноўнік Дыега дэ Зама чакае пераводу бліжэй да сталіцы, дзе ў яго жонка і дзеці, але губернатары змяняюцца, кожны нешта абяцае, а жаданы ліст з метраполіі ўсё не прыходзіць. У роспачы і з апошняй надзеяй выслужыцца ён адпраўляецца лавіць напаўміфічнага разбойніка, ворага “кароны”, але ўсё, што чакае наперадзе – мутныя воды ракі, не інакш Сцікса. Дарэчы, раман Антоніа дзі Бенедэта, які экранізавала Мартэль, быў напісаны яшчэ ў 50-х гадах, але не англійскую мову яго пераклалі толькі ў 2016-м. І “Заму” тут жа напаткала спазніўшаяся слава аднаго з галоўных аргенцінскіх раманаў.
У захапленні засталіся крытыкі ў Венецыі ад стужкі Карласа Рэйгадаса “Новы час”. Сенсацыяй Берлінале стаў кітайскі фільм “Слон сядзіць спакойна” Ху Бо. Абедзве карціны таксама ў пазаконкурснай праграме “Лістапада”. Дарэчы, вялікае прадстаўніцтва Кітая можна назваць ужо трэндам кінафестывалю – раней мінскі форум больш арыентаваўся на Усходнюю Еўропу ў цэлым і Балканы ў прыватнасці. І гэта не толькі капрыз адборшчыкаў – як тлумачыць Ігар Сукманаў, за апошнія дзесяцігоддзі нараджалася і сыходзіла шмат так званых “новых хваляў” – расійскага, румынскага, лацінаамерыканскага кіно, і толькі мода на Кітай так і не праходзіць.
У дакументальнай праграме – адразу дзве стужкі Сяргея Лазніцы. “Дзень перамогі” - пра тое, як рускія экспаты святкуюць 9-е мая ў Трэптаў-парку Берліна. І “Працэс” – у якім рэжысёр, выкарыстоўваючы ўнікальны архіўны матэрыял, рэканструюе адзін з першых публічных працэсаў, арганізаваных Сталіным у пачатку Вялікага тэрору. А яшчэ – румынская “дакументалка” “Бясконцы футбол”, дзе сябар рэжысёра Карнеліу Парумбою, заклапочаны падзеннем відовішчнасці футболу, вынаходзіць, па-сутнасці, новы від спорту. Не паверыце, але берлінская прэм’ера выклікала такі ажыятаж, што білетаў на паказы было не дастаць.
Ну і заўсёды цікава паглядзець, што ж там такога знялі беларусы. У нацыянальным конкурсе – 20 карцін, у тым ліку нашумелы “Крышталь” Дар’і Жук, а таксама экранізацыя спектаклю “купалаўца” Рамана Падалякі “Радзіва Прудок”.
Кінапаказы пройдуць з 2-га па 9-е лістапада ў лепшых мінскіх кінатэатрах. Запасайцеся білетамі!