У нашым пракаце – адзін з галоўных “даўгабудаў” сучаснага кінематографа – “Чалавек, які забіў дон Кіхота”. Фільм Тэры Гіліама нават “Вікіпедыя”, прама скажам, не самы спецыялізаваны рэсурс, называе прыкладам “вытворчага пекла”. Экранізаваць раман Сервантэса рэжысёр задумаў яшчэ ў 80-я. Але час ішоў, змяняліся прадзюсары і акцёры, бурыліся дэкарацыі і знікалі грошы, перапісваўся сцэнарый, праект закрывалі і пачыналі зноў.
Так, Жан Рашфор і Джон Хёрст, якія маглі выканаць ролю дон Кіхота, да прэм’еры не дажылі. Прычым першы атрымаў траўму на здымках. Іх памяці прысвечаны фільм. Прапаноўвалі галоўную ролю і Шону Конеры. А ў вобразе вернага збраяносца маглі “засвяціцца” Джоні Дэп і Юэн Макгрэгар. Магчыма, вы ўзгадалі “Цяжка быць богам” – тут могуць узнікнуць аналогіі і па манументальнасці задумы, і з нагоды вытворчага працэсу, што расцягнуўся на дзесяцігоддзі. Але па настроі да карціны Аляксея Германа куды бліжэй, на маю думку, папярэдняя работа Гіліама “Тэарэма Зэро”.
Калі ж усё наладзілася з фінансаваннем, і здымкі пачаліся, на пляцоўку наляцеў раптоўны ўраган, які знішчыў дарагое абсталяванне і змяніў колеры навакольнага пейзажу. Бэжавыя пяскі і скалы моцна пацямнелі. Здымаць далей было немагчыма. «Гэта было падобна на пакаранне за ўсё дрэннае, што я калі-небудзь зрабіў у сваім жыцці», - прызнаваўся потым Гіліам. Пра ўсё гэта знята асобная стужка, “Згубленыя ў Ла-Манчы”, і многія, думаю, знойдуць яе цікавейшай за сам фільм.
Вось так праект усяго жыцця рэжысёра ператварыўся ў бітву з млынамі, а сам ён стаў усё больш паходзіць на рыцара, які жыве ў часы, калі адвага, гонар і адданасць выклікаюць хіба што ўсмешку. Зрэшты, ці не было гэта відавочна ўсім (і самому Гіліаму) з самага пачатку?.. Тое, што гісторыю мудрагелістага Ідальга немагчыма экранізаваць, рэжысёр прызнаў адразу ж як прачытаў раман. Але гэта зусім не пахіснула яго веру – чаму б не зняць свайго роду фэнтэзі па матывах?..
Сам твор Сервантэса лічыцца пародыяй на рыцарскія раманы. Дон Кіхот, бедны ідальга з глухой правінцыі, зведзены з розуму іх чытаннем, вырашыў аднавіць старажытны інстытут вандроўнага рыцарства, і выязджае на подзвігі ў гонар сваёй уяўнай "дамы" для абароны ўсіх пакрыўджаных і прыгнечаных. Але яго даспехі - іржавыя абломкі ўзбраення яго продкаў, конь - вартая жалю кляча, якая спатыкаецца на кожным кроку, а збраяносец - хітры і грубаваты мясцовы селянін, што спакусіўся перспектывай хуткага ўзбагачэння, дама сэрца – “калгасніца” з суседняга сяла, пераназваная ў Дульсінею Табоскую.
Гэтак жа парадзіруюцца ў рамане абрады і звычаі: цырымонія прысвячэння ў рыцары, этыкет паядынку, дэталі " служэння" даме. Разгарачанае ўяўленне Дон Кіхота прымушае яго ва ўсім бачыць бліскучыя авантуры або чараўніцтва, прымаць ветракі за волатаў, заезны двор - за раскошны замак, а даму, якая едзе ў карэце, - за выкрадзеную прынцэсу. Але ўсе подзвігі ідальга, што здзяйсняюцца для аднаўлення справядлівасці, прыводзяць да супрацьлеглых вынікаў.
Усе гэтыя сюжэтныя хады сустракаюцца і ў фільме Гіліама, які калі і не атаясамляў спачатку сябе з дон Кіхотам, то пасля гэта зрабілі час і лёс. Яго герой – модны амерыканскі рэжысёр, які здымае рэкламу ў той жа іспанскай правінцыі, дзе некалі рабіў свой дэбютны фільм - па матывах рамана Сервантэса, і з мясцовымі жыхарамі ў галоўных ролях. (Рэжысёра, дарэчы, грае адзін з самых запатрабаваных акцёраў Адам Драйвер – яго можна ўбачыць і “Чорным кланаўцы”, што таксама зараз ідзе ў кінатэатрах, і ў фільме Джармуша, і ў “Зорных войнах”).
У пошуках натхнення герой адпраўляецца ў тую самую вёску і высвятляе, што “Санча” спіўся і памёр, “Дульсінея” забаўляе расійскіх алігархаў, а стары Хаўер (Джанатан Прайс) з’ехаў з глузду і цяпер лічыць сябе сапраўдным ідальга. З гэтага і пачынаюцца прыгоды, цяпер ужо як пародыя не толькі на “Дон Кіхота”, але і на творчасць самога Гіліама пачынаючы, вядома, з “Монці Пайтана”. Рэальнасць распластоўваецца – ты нібы правальваешся ў сон, а пасля ў іншы, з хаосам падзей, дзе ўсе аказваюцца не тымі, за каго сябе выдаюць, і буйствам фарбаў.
“Чалавек, які забіў дон Кіхота” – разважанне і пра сілу Мастацтва, што здольнае не толькі ліць бальзам на душу, але і калечыць лёсы. І пра творчы шлях Аўтара, які дазваляе іншым “эксплуатаваць” свой талент.
Толькі не ўспрымайце гэты блог як рэкамендацыю паглядзець гэты фільм. Думаю, што многія назавуць усё гэта трызненнем; ды што – назавуць, некаторыя ўжо і назвалі. Яшчэ і пакрыўдзіліся на мяне, што не папярэдзіў. Ну вось - вас папярэджваю.