Падзяліцца:
«Кропкі над “і”. Што такое восень?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
21 жніўня 2018
«Кропкі над “і”. Што такое восень?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) Галоўная спартыўная падзея дня – сёння БАТЭ згуляе з ПСВ у першым матчы раунда плэй-оф Лігі Чэмпіёнаў; можна было б лічыць і падзеяй месяца, але тая адбылася 14 жніўня. Нічыя ў гульні 3-га адборачнага раунда з “Карабахам” забяспечыла нашаму чэмпіёну ўдзел у так званай “еўравосені” – групавым этапе як мінімум Лігі Еўропы (другі па рангу турнір, у які адправіцца няўдачнік пары БАТЭ-ПСВ) і, зразумела, у “групе” самой Лігі Чэмпіёнаў – у выпадку поспеху ў матчах з галандскім клубам. Звычайна неахвотныя да размоў футбалісты свяціліся ў мікст-зоне добразычлівасцю і сапраўды выглядалі так, як і павінны тыя, хто выканаў галоўную задачу сезона. Ну, прынамсі, адну з дзвюх – перамогу ў чэмпіянаце Беларусі, якая выводзіць у Лігу Чэмпіёнаў, – з парадку дня яшчэ ніхто не знімаў. Па такім коле БАТЭ рухаецца ўжо 10 гадоў. 2008-мы – адзін з самых памятных, думаю, для ўсіх беларускіх балельшчыкаў, незалежна ад таго, ці перажываюць яны за Барысаў. Не ведаю як вам, а мне пасля фінальнага свістка матчу з балгарскім “Леўскі”, здавалася – БАТЭ выйшаў не ў “групу”, – у космас. Ды і сапернікі падабраліся сапраўды “галактычныя”: “Рэал”, “Ювентус”, “Зеніт”. Здаецца, цудаў у такой кампаніі ад БАТЭ не чакаў ніхто. А яны працягваліся. Толькі ў паядынках з “каралеўскім клубам” беларускі чэмпіён не меў шансаў. “Ювентус” быў блізкі да краху ў Мінску і нічога не змог зрабіць з камандай Віктара Ганчарэнкі ў Турыне. “Зеніт” да 80-й хвіліны “гарэў” 0:1 у Пецярбургу. Малады трэнер даказаў: няма нічога немагчымага. Разам з тым, у лістападзе-снежні, калі праходзілі вырашальныя паядынкі, было відаць: да летняй “свежасці” барысаўчанам далёка, ад перавагі ў форме, якой яны маглі казыраць нават перад “Ювентусам”, нічога не засталося. Магчыма, таму праз год Ганчарэнка, які пастаянна ставіў перад сабой і камандай новыя задачы, крыху “прамахнуўся” з вывадам БАТЭ на “пік” формы: як вынік, беларусы саступілі дарогу ў кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў зусім неаўтарытэтнаму “Вентспілсу” з Латвіі. Суцяшэннем стала трапленне ў Лігу Еўропы, дзе былі перамогі над “Эвертанам” і АЕКам і 3-е месца ў групе. Яшчэ далей атрымалася крочыць у наступнай кампаніі. Гэта зноў была Ліга Еўропы (на гэты раз нашага чэмпіёна туды адправіў куды больш грозны “Капенгаген”), і ўпершыню за “еўравосенню” рушыла “еўравясна”. У 1/16 фіналу БАТЭ змагаўся з ПСЖ і саступіў толькі з-за таго, што французы вызначыліся ў гасцях – 0:0, 2:2. Потым зноў была група Лігі Чэмпіёнаў – з “Барселонай” і “Міланам”, якую можна лічыць “рэпетыцыяй” самай паспяховай еўракампаніі 2012 года. Так, гэта тады была пераможана магутная “Баварыя”, якая за ўвесь той сезон прайграла толькі два матчы!.. І новая “вясна” ў Лізе Еўропы. Яна, хаця і зноў абмежавалася дзвюма гульнямі, не пакінула ўражання мяжы, за якой – “клуб абраных”. Але наступная кампанія БАТЭ завяршылася непрыстойна рана – упершыню пры Ганчарэнкі Барысаў застаўся ўвогуле без якой-небудзь “групы”, спатыкнуўшыся аб, мякка кажучы, не самага моцнага саперніка з Казахстана. Віктар Міхайлавіч рушыў за новым выклікам у Расію, а яго месца заняў былы памочнік Аляксандр Ермаковіч. І быццам бы прадоўжыў “генеральную лінію”. Нягледзячы на пастаянную крытыку з боку СМІ, ён двойчы выводзіў каманду ў Лігу Чэмпіёнаў. Першы раз набіў усе магчымыя гузы, затое праз год амаль дабраўся да плэй-оф. Датэрмінова, за некалькі тураў да фінішу, выконвалася і задача на ўнутранай арэне. І толькі ў 2016-м намеціўся спад. 0:3 ад ірландскага “Дандолка” пазбавілі БАТЭ гадавога бюджэту. А праз год каманда трапіла ў групу Лігі Еўропы, але таксама дарагой цаной – ледзь не страціўшы тытул чэмпіёна Беларусі. Таму сыход Ермаковіча не стаў нечаканым – інтрыгавала постаць яго пераемніка. Ім упершыню стаў “чалавек з боку” – Алег Дулуб ніколі не гуляў і не працаваў у БАТЭ. Такі крок, здавалася, паказаў, што ў Барысаве гатовы да перамен і новых прарываў. Але Дулуб і старшыня праўлення Анатоль Капскі “не спрацаваліся”, і хутка, нягледзячы на лідарства ў першынстве Беларусі, руліць камандай зноў пачаў “свой у дошку” Аляксей Бага. А ўлетку склад папоўнілі чарговыя “вяртанцы” Ягор Філіпенка і Дзяніс Палякоў. Прыманне “гадаванцаў”, як кажуць, на “атагрэў” – не новая практыка, якая, хоць і падтрымлівае канцэпцыю “каманды-сям’і”, магчыма, замінае ў развіцці кар’еры. Калі ёсць куды вяртацца, то і крылаў моцных не трэба. Гэта ўкраінскія футбалісты вымушаны, як тая жабка, “ўзбіваць вяршкі”, каб не патануць у “малацэ”, таму і так шмат іх зараз у розных клубах Еўропы. А мы святкуем адзіны за ўсё лета пераход Антона Сарокі ў заштатны нават па бельгійскіх мерках “Локерэн”… Я не ведаю, як складзецца супрацьстаянне БАТЭ-ПСВ. Наш сапернік – моцны, што і казаць, клуб, у гісторыі якога ёсць і перамога ў Лізе Чэмпіёнаў. Але здараліся і паражэнні ад сапернікаў, супаставімых з намі па класе. Напрыклад, леташняе ад харвацкага “Осіека”. Тое, што з ПСВ можна і трэба гуляць, 4 гады таму на “Барысаў-Арэне” паказаў і… салігорскі “Шахцёр”. І таму, узгадваючы каментарыі ігракоў і трэнераў БАТЭ пасля “Карабаха”, я спадзяюся, што яны не супакоіліся. Што не вырашылі – галоўнае ўжо здабыта. Што еўравосень для іх – не самамэта, і ёсць яшчэ месца для кроку наперад.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: