Падзяліцца:
27 снежня 2017
Снежань – час, калі з’яўляюцца тоны спісаў усяго найлепшага за год, кіно – не выключэнне, не спяшаецца з гэтым толькі Галівуд. У кінатэатры прэтэндэнты на Оскар трапляюць у студзені-лютым; а іх прысутнасць у ліку намінантаў – нішто іншае як рэклама. Таму палова лепшых фільмаў календарнага года звычайна перавандроўвае з мінулага оскараўскага сезона. Так, аўтарытэтныя Cahiers du cinéma і Sight and sound уключылі ў свае рэйтынгі такія стужкі як “Месяцовае святло”, “Маўчанне”, “Джэкі” і “Спліт”. Гэтыя карціны адгрымелі на заакіянскіх кінааглядаў яшчэ ў 2016-м; у большасці ж еўрапейскіх крытыкаў магчымасць паглядзець іх была толькі сёлета. Але на першых пазіцыях апынуліся зусім не фестывальныя хіты. 
3.jpg
Брытанскае выданне лепшым прызнала фільм “Прэч”. Дэбютная рэжысёрская работа Джордана Піла – больш, чым проста захапляльны хорар; міжрасавыя адносіны, што паказаны на прыкладзе некалькіх дабрабытных сем’яў, можна спраецыраваць на ўсю, як цяпер кажуць, “пост-абамаўскую” Амерыку. У сухім астатку – асцярога, што афраамерыканцы так ніколі і не змогуць дыхаць свабодна, але сюжэт можна і перавярнуць – і гэта будзе не менш верагодная гісторыя пра белага, што апынуўся ў самым сэрцы Гарлема. 
landscape-1495439119-twin-peaks-4.jpg
Легендарны французскі часопіс аддае фільму “Прэч” 4-е месца, а на першае ставіць твор іншага амерыканца – Дэвіда Лінча. Па праўдзе кажучы, з гэтага выдання станецца назваць лепшым якога-небудзь “Незнаёмага ля возера” – фільма хоць і таленавітага, але наўрад ці выбітнага. Але трэці сезон “Твін Пікса” – мабыць, сапраўды лепшае, што з намі здарылася сёлета. 18 гадзін задавальнення, 16 тыдняў чакання новых серый, абмеркаванні і версіі – што гэта было, якія працягваюцца і сёння. Па адной з іх – да дзвюх рэальнасцей, што былі ў першых сезонах (свет Твін Пікса, які тут пашыраецца да межаў усёй Амерыкі + Белы і Чорны Вігвамы як месцазнаходжанне добрых і злых духаў), рэжысёр дадаў трэцюю – нашу з вамі. І менавіта ў ёй аказваюцца ў рэшце рэшт персанажы – дзе няма ніякага Твін Пікса, а ў дамах жывуць іх сапраўдная ўладальнікі. Разгубленасць агента Купера – яшчэ нядаўна супергероя свайго сусвета (“А які зараз год”?) і крык Лоры, якая ўсведамляе, што яе ніколі не было – геніяльны фінал. 
4.jpg
Калі б існавала нейкая асобная намінацыя менавіта для сцэн, што папярэднічаюць тытрам, то з “Твін Піксам” магла б паспаборнічаць “Лагодная”. Сяргея Лазніцу па вялікім рахунку не зразумелі ў Канах, застаўся без прыза ён нават на “Лістападзе”, дзе дагэтуль двойчы перамагаў. А між тым у яго новага твора ёсць шмат агульнага з кінасагай Лінча. Ёсць горад, населены персанажамі рознай ступені агіднасці, ёсць горадаўтваральнае прадпрыемства – турма (яна ж Чорны Вігвам), дзе затрымаўся муж гераіні, ёсць розныя рэальнасці, ці паралельныя сусветы, калі хочаце. І ёсць некалькі тлумачэнняў фінала – такога ж страшнага і незразумелага. Усё памкненне “лагоднай” – трапіць да мужа скрозь увесь абсурд і бюракратыю краіны, што так і захрасла недзе ў 90-х, ставіцца пад сумненне. Сваё спатканне яна атрымала, і хто сказаў – што не гэта было сапраўдным жаданнем?.. І ці быў увогуле той муж – ці гэта таксама сон, які так прыгожа закальцоўваецца на вакзале, з якога ніяк не з’ехаць?.. 
man.jpg
Пакуль Лазніца знарочыста грубымі мазкамі малюе панараму цэлага пакалення, Кенет Лонерган тонка выводзіць інтымны, але не менш дыягнастычны партрэт адной сям’і.“Манчэстар ля мора” – горад не для слабых; з заняткаў – толькі суднаходства і рыбная лоўля, а глеба зімой такая, што пакойнікаў немагчыма пахаваць, і іх трымаюць да вясны ў халадзільніках. Час тут не гоіць раны, а мінулае, з’язджай-не з’язджай, не адпускае. Пакуль лёс не прадаствіць магчымасць калі не выправіць памылку, то паспрабаваць наладзіць зносіны з сусветам інакш чым скрозь лаянку з кліентамі днём і бойкі па вечарах у бары. 
5.jpg
Процілегласць пустэльніцтву і аскезе “Манчэстара” – драма “Кліч мяне сваім імем”, што разгортваецца ў летнюю італьянскую спёку. Яе пакуль так і не паказалі ў нас, таму ўся надзея на Оскар. Стужка можа апынуцца ці не ў любой намінацыі аж да лепшага фільма, але не адзначыць выканаўцаў галоўных роляў будзе злачынствам. Ладна яшчэ Цімаці Шаламе – малады і шматабяцальны акцёр, які не сёння дык заўтра сваё возьме. А вось Армі Хамер, прама скажам, зорак з неба не хапае, і такой ролі ў яго можа больш і не здарыцца. Сам фільм – класічная драма сталення; жанр настолькі папулярны, наколькі і цяжкі. І рэжысёр Лука Гуаданьіна, які запомніўся добра выкананымі, але не абавязковымі фільмамі “Я – каханне” і “Вялікі ўсплёск”, тут паказвае проста віртуознае выкананне – ні адной фальшывай ноты! Як чароўная мелодыя, карціна надоўга застаецца ў галаве, а асобныя фрагменты – напрыклад, велападарожжа ў Павію, дзе жанчына на плошчы прыносіць стомленым героям вады, - хочацца пераглядаць зноў і зноў. 
2.jpg
Я не прыхільнік сіквелаў, але сёлета яны часцей атрымліваліся, чым не. Другая частка “Вартавых галактыкі” апынулася не горш за першую, “На іголцы 2” не расчуліць толькі самых чэрствых, а восьмы эпізод “Зорных войн” – лепшае, што было знята ў гэтым сусвеце пасля “Вяртання джэдая”. Але асабліва хочацца вылучыць фільм “Той, хто бяжыць па лязу 2049”. Вось дзе працяг, на маю думку, пераўзыходзіць арыгінал, быццам увасабляючы адну з галоўных ідэй: “Рэпліканты яшчэ больш людзі, чым самі людзі”. 

Ганаровае ўзгадванне:
“Боскія” (рэж. Уда Беньяміна);
“Браты па зіме” (Хлынур Пальмасан);
“Вестэрн” (Валеска Грызебах);
“Дзюнкерк” (Крыстафер Нолан);
“Добры час” (Бэн Сэфдзі, Джошуа Сэфдзі);
"Заўтра" (Юлія Шатун);
“Звяры” (Грэг Зглінскі);
“Кастынг” (Нікалас Вакербарт);
“Квадрат” (Рубен Эстлунд);
“КЕ-ДЫ” (Сяргей Салаўёў);
“мама!” (Дарэн Аранофскі);
“Маўчанне” (Марцін Скарсэзэ);
“Некалькі жанчын” (Келлі Райхардт);
"Патэрсан" (Джым Джармуш);
“Пра цела і душу” (Ільдзіка Эньедзі);
“Усе бяссонныя ночы” (Міхал Марчак);
 “Хэпі-энд” (Міхаэль Ханэке);
“Цесната” (Канцемір Балагаў).
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: