Яго не вылучаюць на Оскар і не прэзентуюць з помпай на фестывалях, за камерай не стаяў модны аператар, а ў галоўных ролях - не прафесійныя акцёры. І тым не менш, ён, бясспрэчна, дае фору галоўнаму беларускаму кінахіту гэтага года – фільму Дар’і Жук “Крышталь”.
Стужка Юліі Шатун “Заўтра” - калі быць зусім дакладным - прэм’ера (і пераможца нацыянальнага конкурсу) леташняга “Лістапада”. Але ў пракат (даволі шырокі для беларускага кіно) карціна выйшла толькі зараз, амаль адначасова з тым жа “Крышталём”. І яе таксама нельга прапусціць, бо насуперак назве, яна пра самае што ні на ёсць сёння. А героі – калі не мы з вамі, то напэўна знойдуцца сярод сяброў і знаёмых.
Уверцюра гэтай маленькай камернай п’есы – тэлефанаванні. Чалавек у кватэры раз за разам набірае нумары, гартаючы аб’явы аб найме на працу. Але на тым канцы нават на сумоўе былога настаўніка англійскай мовы клікаць не спяшаюцца. Вось і перабіваецца ён адным прыватным кліентам ды распаўсюджваннем рэкламных лістовак. На ўтрыманні – жонка; сыну, які вучыцца ў Мінску, таксама трэба дапамагаць, ды і рамонт у хаце пара б ужо скончыць. Тыповае жыццё інтэлігента ў правінцыі, які не жадае здавацца і марыць яшчэ знайсці сваё месца ў шэрым няўтульным “сёння”.
Спальны раён, шызае неба і занесеная снегам пустка, па якой бясконца цягнуцца героі – такія планы можна зняць зімой у любым беларускім горадзе. Але пачакайце – вось трамвай, ён звужае магчымую лакалізацыю да трох. А вось і надпіс са словам “Славія”, і становіцца ясна – Мазыр.
Як піша ў фэйсбуку сама Юлія Шатун, каб трапіць адсюль у Мінск, трэба быць вельмі мэтанакіраваным чалавекам. І дадае скрыншот з сайта Беларускай чыгункі: прамых зносін няма. Тым не менш, менавіта ў сталіцу наканавана адправіцца яе герою, калі ён выйграе ў латарэю паездку на мора, аб якім, б’юся аб заклад, кожны з нас спачатку марыць у дзяцінстве, а пасля – пра тое, як звазіць на яго любімых бацькоў. (Мора і мара - ну нездарма ж гэтыя словы ў беларускай мове такія падобныя!).
Перад тым, як адправіцца ў дарогу, уладальнік пуцёўкі пражыве, бадай, самыя шчаслівыя моманты (а гледачы - самыя кранальныя), шукаючы ў Інтэрнэце той самы курорт і прадчуваючы нечаканы адпачынак.
Калі вярнуцца да аналогій з фільмам “Крышталь” – і тут, і там правінцыя выступае як мякка кажучы не самае “прагрэсіўнае” месца. Дар’я Жук малюе яе “плакатна” і глядзіць на насельнікаў крыху пагардліва (відавочна, для супрацьпастаўлення амерыканскай мары), прагаворвае ўслых думкі, якія і без таго на паверхні. Юлія Шатун здымае ў дакументальнай манеры; уся красамоўнасць – у доўгіх маўклівых планах, позірках, паездках у трамваі – пустым, і пуста робіцца ад таго, што героі ў ім едуць не побач.
Відавочна, што “Заўтра” – куды больш асабістая гісторыя. І бацькі рэжысёра ў галоўных ролях - не толькі і не столькі таму, што не было грошай на сапраўдных акцёраў. А ўсю невялікую здымачную групу склалі сябры. Чым не прыклад для ўсіх, хто хоча рабіць кіно, але перакананы, што каб зняць маленькі шэдэўр патрэбен вялікі бюджэт. Хопіць і тэлефона з больш-менш якаснай відэакамерай, а з выдаткаў – толькі білет на цягнік Калінкавічы-Мінск.
Магчыма, гэта і ёсць “заўтра” беларускага кіно. А пра міжнародныя прэм’еры я схітраваў – перамогі на кінафестывалях у Юліі Шатун ёсць. Што яшчэ раз падкрэслівае ўніверсальнасць гісторыі: “лішні” чалавек – класічны герой твораў яшчэ з часоў Пушкіна і Лермантава.