Падзяліцца:
«Кропкі над “і”. Якім будзе шлях БАТЭ ў Лізе Чэмпіёнаў?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
10 ліпеня 2019
«Кропкі над “і”. Якім будзе шлях БАТЭ ў Лізе Чэмпіёнаў?» Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) БАТЭ сёння стартуе ў Лізе Чэмпіёнаў – гэта толькі першы адборачны раунд, але ў сапернікі нам дасталіся не якія-небудзь Фарэры або ісландцы, а цэлы чэмпіён Польшчы, «Пяст» з Глівіцэ. Горада, цікавага не футбольнай славай, а гітлераўскай правакацыяй, што, як прынята лічыць, дала фармальную падставу вермахту для ўварвання ў Польшчу – а значыць, пачатку Другой сусветнай вайны. Зрэшты, з гісторыяй барысаўскія фанаты змогуць пазнаёміцца праз тыдзень, а сёння, няма сумненняў, зладзяць цёплы прыём польскім балельшчыкам. Тут свая гісторыя ўзаемаадносін, і не менш цікавая. Дружба пачалася ў 2010-м, калі па дарозе дадому пасля выезду ў Капенгаген барысаўчане зазірнулі ў Глівіцэ на хатні матч «Пяста» з «Катавіцэ». Мясцовыя «ультрас» беларусаў выявілі адразу, але аднесліся па-сяброўску, і з таго часу прадстаўнікі фанацкіх тусовак падтрымліваюць зносіны. Палякі наведваюць матчы БАТЭ ў еўракубках, барысаўчане па меры магчымасцяў выбіраюцца ў Польшчу. Увогуле ж польскія клубы ў нас прынята пабойвацца. Па-першае, многія згадваюць леташні пракол салігорскага «Шахцёра» ў Лізе Еўропы, калі «гарнякі» саступілі «Леху» (няхай у дадатковы час і без трох выдаленых ігракоў). Па-другое, ацэньваюць сярэдні ўзровень «Экстраклясы» вышэй за беларускую «вышку». Пры гэтым звычайна супастаўляюць сілы ўмоўных «сераднякоў» лігі (самым яркім прыкладам у такой ацэнцы калісьці быў англійскі «Тотэнхэм»: як гавораць у адным фільме, «лайном не быў, але і да вышынь не дабраўся»; праўда, у апошнія гады «шпоры» трывала ўваходзяць у топ-4 Англійскай прэм’ер-лігі, а сёлета гулялі ў фінале Лігі Чэмпіёнаў). Толькі вось у еўракубках гуляюць не «Гурнік» і «Гарадзея», ды і ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА наш чэмпіянат займае 24-е месца, а польскі – 27-е. Розніца невялікая, і калі пра роўныя шансы можна казаць, то пра нейкую моц – наўрад ці. Звернемся і да выступлення лідараў у еўракубках. Я не паленаваўся і праглядзеў склады ўдзельнікаў групавой стадыі за апошнія 10 гадоў. БАТЭ трапляў у «групу» 8 разоў, усе польскія клубы – 6. Пры гэтым у групавым этапе Лігі Чэмпіёнаў палякі ўдзельнічалі толькі аднойчы («Легія» ў сезоне-2016/17), у той час як БАТЭ – 4 разы. Найвялікшае дасягненне польскіх клубаў – тое, што і ў Барысава – 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Ну і калі зноў пра «сярэдні ўзровень». Акрамя стабільнай «Легіі», у «групу» траплялі толькі «Вісла» (аднойчы) і «Лех» (2 разы), што з беларускага боку ўраўнаважваецца двума ўдзеламі ў гэтай стадыі Лігі Еўропы мінскага «Дынама». Гэта разважанні агульнага плану – але ў саперніках БАТЭ ўсё ж не «Легія», не «Вісла» і не «Лех». Што вядома пра новага чэмпіёна Польшчы?.. «Пяст» выйграў «экстраклясу» з дзявятай спробы. Клуб з Глівіцэ дэбютаваў у эліце ў 2008-м і надоўга там не затрымаўся. Вярнуўся у 2012-м і з тае пары трывала трымае за сабой месца ў вышэйшым дывізіёне. Тры гады таму «Пяст» заняў другое месца, здарылася гэта пад кіраўніцтвам Радаслава Латала – памятаеце, ён трэніраваў брэсцкае «Дынама» ў першай палове мінулага сезона?.. А вось у папярэднім чэмпіянаце Глівіцэ змагаўся за выжыванне. Па выніках двухкругавога турніру каманда апынулася ў ніжняй васьмёрцы, і да апошняга тура пытанне захавання прапіскі заставалася адкрытым. Небагатая гісторыя ў чэмпіянаце Польшчы, зразумела, адлюстроўваецца на міжнародным вопыце «Пяста». Клуб двойчы браў удзел у другім адборачным раундзе Лігі Еўропы, і абодва раза не здолеў прайсці далей, саступіўшы «Карабаху» ў 2013-м і «Гётэборгу» ў 2016 годзе. Параўнайце з выступленнямі БАТЭ – з якіх толькі калатнеч не выбіраўся Барысаў у кваліфікацыях, і нават калі яго ўжо, бывала, хавалі пасля першага няўдалага паядынку, у другім «наш Фенікс» адраджаўся і браў сваё. Балгарскі «Леўскі», украінская «Александрыя», армянскі «Алашкерт» не дадуць схлусіць. Яшчэ адна перавага чэмпіёна Беларусі – форма. Пасля не надта пераканаўчага старту каманда Аляксея Багі штампуе перамогі ў чэмпіянаце (8 у 9 апошніх матчах). Настрою павінен дадаць і поспех у «класіка» з мінскім «Дынама», які здарыўся ў апошнім туры. У Польшчы яшчэ міжсезонне. «Пяст» толькі нядаўна выйшаў з адпачынку і першы афіцыйны матч правядзе аж 20 ліпеня. У поспех барысаўчан вераць і букмекеры. Каэфіцыенты на перамогу беларусаў крыху больш за 1,5; а вось стаўка на Глівіцэ, калі сыграе, прынясе вам за кожны рубель 5. Так што з якога боку ні кінь, фаварыт – БАТЭ. Паважаць «Пяст» трэба, а вось баяцца – ні ў якім разе. Зрэшты, як і супакойвацца, памятаючы пра Караганду і «Дандолк».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: