Трыумф жанравага кіно, які прыпаў на мінулы год, працягваецца. Пра гэта можна гаварыць паводле спісаў найлепшых стужак, якія мільгаюць на розных сайтах у гэтыя дні. Там зноў фільмы жахаў накшталт “Рэінкарнацыі” і “Ціхага месца”; яшчэ адзін жанр, што атрымаў новае жыццё – вестэрн (“Браты Сістарс”, “Балада Бастара Скрагса”).
Тым не менш, два галоўныя еўрапейскія часопісы, Cahiers du Cinéma і Sight & Sound, хоць і пайшлі дыяметральна рознымі шляхамі, аднак традыцыйна адзначылі перш за ўсё фестывальныя хіты. Французы не знайшлі нічога цікавага ў свеце і заахвоцілі паўнаметражны дэбют суайчынніка Бертрана Мандзіко (“Дзікія хлопцы”). Брытанцы, наадварот, аддалі перамогу іспанамоўнай споведзі мексіканца Альфонса Куарона (“Рома”). У мой асабісты топ гэтыя фільмы не трапілі, затое там ёсць 12 стужак, што як мінімум не горш.
“Гісторыя здані” (A Ghost Story). Мы прывыклі ўспрымаць дом з прывідам як тое, што павінна палохаць. Але рэжысёр Дэвід Лоуры пускаецца ў прыгоды жанру, і замест пачуцця жаху выклікае роспач перад сіламі лёсу і часу. Эпізод, у якім гераіня Руні Мары хвілін 10 меланхалічна есць пірог, паказвае боль страты мацней за надрыўна-істэрычныя сцэны на пахаваннях. А здань можна ўспрымаць як адчайнае жаданне чалавека да апошняга трымацца за надзею быць патрэбным і не самотным.
“Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры” (Three Billboards Outside Ebbing, Missouri). Калі “Гісторыя здані” - неверагодна пачуццёвае, паэтычнае кіно, якое надоўга застаецца ў памяці, нібы той прывід у пакінутым доме, то “Тры білборды” выклікаюць захапленне перш за ўсё дасканалай драматургіяй. Іх можна было з поспехам пракаціць і на тэатральных падмостках (як іншыя п’есы Марціна Макдоны), і выдаць у выглядзе рамана. Але тады не здарылася б оскараносных роляў Фрэнсіс Макдорманд і Сэма Рокуэла. Эвалюцыя персанажаў і паступовая змена нашых адносін да іх – самая чароўная прыгода, якую пражываеш разам з гэтым фільмам.
“Праект Фларыда” (The Florida Project). А вось і першая стужка, якая можа прэтэндаваць на перамогу ў маёй любімай катэгорыі “Самы моцны фінал” (разам з “Халоднай вайной”, “Сэрцам свету” і “Домам, які пабудаваў Джэк”). Шон Бэйкер зняў пранізлівы фільм пра дзяцінства, якое не надта звяртае ўвагу на тое, што “Чароўны замак” – не палац для прынцэс, а заняпалы матэль. У маленькіх герояў - свой сусвет, дзе за «асабняк з прывідамі» сыдзе закінуты дом, а каровы, што пасуцца ля дарогі – за тэматычны парк «Царства звяроў». Але дзяцінства, як і лета, калісьці скончыцца, і ад дарослага жыцця не ўратуешся нават за сценамі сапраўднага Дыснейлэнда.
“Факстрот” (Foxtrot). "Не мае значэнне, куды ты рухаешся, ты заўсёды вяртаешся ў першапачатковы пункт" – так апісваюць аднайменны танец героі фільма, які не перастае здзіўляць зменамі тэмпу і жанру. Спачатку – гэта драма пра бацькоў, якія страцілі на вайне сына; пасля - абсурдысцкая замалёўка пра патанаючы ў гразі ваенны блокпост; пасля замалёўка ўжо ў літаральным сэнсе - чорна-белы комікс; і нарэшце, як у аднайменным танцы, вяртанне ў драму. Як і “Ліван” у 2009-м, галоўная пацыфісцкая прыпавесць года. Шкада, што Самуэль Маоз здымае так рэдка.
“Не ў сабе” (Unsane). Гэты фільм амаль цалкам зняты на айфон, але метад – не самае галоўнае. Стывен Содэрберг паказвае яшчэ адзін “цёмны бок” сацыяльных сетак, на які не надта звярталі ўвагу падчас эйфарыі ад новых сродкаў камунікацыі і “5 хвілін славы”, якія прынеслі Фэйсбук, Інстаграм і YouTube. І гэта не толькі тое, як проста стала з іх дапамогай умоўнаму маньяку праследаваць ахвяру. Самае страшнае - каб пазбавіцца ад непажаданых кантактаў, проста выдаліць усе свае старонкі ўжо недастаткова. Нават калі зламыснік згубіць ваш след на прасторах інтэрнэту і ў фізічнай прасторы – не факт, што яго цень перастане вам бачыцца ў кожным незнаёмцы.
“Паранармальнае” (The Endless). Так і цягне назваць лепшым хорарам года, але як і папярэднім работам Арана Мурхеда і Джасціна Бэнсана, фільму цесна ў жанравых рамках. Галоўныя героі, браты Аран і Джасцін (іх, вядома, граюць самі аўтары), вяртаюцца на некалькі дзён у секту, што пакінулі 10 гадоў таму. Абодва не могуць знайсці сябе ў жыцці, але калі малодшы відавочна сумуе па былой упарадкаванасці, то старэйшы адчувае сябе ўпэўнена і без дапамогі прыхільнікаў загадкавага культа. Але ў паранармальным месцы, дзе на неба ўзыходзяць тры месяцы, а ў возеры жыве не інакш Ктулху, героям, каб выслізнуць з пятлі часу, прыйдзецца пераасэнсаваць і светапогляд у цэлым, і адносіны паміж сабой у прыватнасці. А яшчэ без якіх-небудзь сур’ёзных грошай (бюджэт у мільён долараў – неверагодна сціплы для жанравага фільма) рэжысёры нагнятаюць саспенс рознымі вынаходніцкімі сродкамі - накшталт перацягвання канату, які цягнецца ў нікуды, або паказ жаху без дэманстрацыі таго, што яго выклікае, а толькі з дапамогай рэакцыі персанажаў. Ну і многім фанатам Мурхеда і Бэнсана будзе проста прыемна вярнуцца ў свет “Ломкі” – калі ў першым фільме тандэма галоўныя героі мімаходам сустракалі членаў секты, то цяпер Джасцін і Аран натрапляюць на Майка і Крыса.
“Мектуб, маё каханне” (Mektoub, My Love: Canto Uno). Яшчэ адно чараўніцтва ад аўтара “Жыцця Адэлі” Абдэлаціфа Кешыша. У гэтым фільме не адбываецца нічога, але адвесці вочы ад герояў, што купаюцца, ядуць пасту, пляткараць, здраджваюць – проста немагчыма. Застываеш у крэсле, нібы той Амін, які чакае ў хляве нараджэння ягнятак. Камера бессаромна даследуе Афелію Бо; не менш бессаромна ў кадр лезе сонца, а ўвогуле, як напісаў адзін з крытыкаў, з гэтай стужкі не хочацца вылазіць як з мора, нават калі заняцца там асабліва няма чым - проста таму што яно вялікае і цёплае. Лепей і не скажаш.
“Талі” (Tully). Гэты фільм я мог і прапусціць – каму ахвота глядзець на цяжарную Шарліз Тэрон ды яшчэ і ў стужцы пра пасляродавую дэпрэсію. Прынамсі, так ён пазіцыяніраваўся ў пракаце. Гэтай з’яве сапраўды надаецца шмат увагі, але кантэкст новай работы рэжысёра Джэйсана Райтмана і сцэнарысткі Д’ябла Коудзі - куды больш шырокі. На гераіню давіць не столькі цяжар трэцяга (па ўсім відаць, не чаканага) дзіця, колькі надзей, што не спраўдзіліся, і мараў, што не здзейсніліся.
“Халодная вайна” (Zimna wojna). Адзін з лепшых фільмаў-адкрыццяў у гісторыі “Лістапада”, стужка Паўла Паўлікоўскага так высока ўзняла планку, што ўсе карціны наступных дзён не маглі ўразіць настолькі. Такая ж дасканалая, як у “Ідзе”, аператарская работа, дапаўняецца адным з лепшых саундтрэкаў года. Што да памкненняў і хістанняў закаханых, то за імі часам сочыш з раздражненнем, але калі гісторыя амаль звальваецца ў нейкую індыйскую пошласць, пранізлівы фінал уздымае яе ў космас.
“Сэрца свету”. Мінулае нікуды не знікне, а хісткую раўнавагу не абароніш, злавіўшы сачком дрона або збіўшы “зялёных”, якія пагражаюць спакою здабытай сям’і. Герой наступае на тыя ж граблі, што ў адносінах з маці, і не бачыць для сабе іншага месца, як у клетцы з сабакамі. Але нечакана для сябе атрымоўвае прабачэнне. Стужка Наталлі Мешчанінавай дорыць святло і надзею, кантрастуе ў гэтым з яе дэпрэсіўным рэжысёрскім дэбютам “Камбінат “Надзея”, і здаецца больш шчырай, чым леташняя “Арытмія”, да сцэнарыя якой лаўрэат “Кінатаўра” таксама прыклала руку.
“Дом, які пабудаваў Джэк” (The House That Jack Built). Пра апошні шэдэўр Ларса фон Трыера я падрабязна ўжо расказваў. Адзінае, пра што тады, здаецца, не ўзгадаў – жахліва прыгожы фінал. І хаця б дзеля яго варта не пакідаць кіназалу да канца сеанса.
“Шчаслівы Лазар” (Lazzaro felice). Многія крытыкі з прыдыханнем называюць Алічэ Рарвахер ці не адзінай надзеяй на вяртанне італьянскаму кіно былой славы. Нібыта, яно, як галоўны герой, можа ўваскрэснуць пасля столькіх гадоў заняпаду, ды яшчэ з тым жа маладым і нявінным тварам. Я не гатовы разважаць у такіх катэгорыях (тым больш майстроў-сучаснікаў, блізкіх да геніяльнасці, на Апенінах хапае – Сарэнціна, Гаронэ, Марэці), але “Шчаслівы Лазар” – сапраўды мастацтва, якое, у традыцыях Феліні і Вісконці, працуе на некалькіх узроўнях. Візуальным (героі падобны на вобразы з карцін Адраджэння). Інтэлектуальным (асэнсаванне лёсаў новазапаветнага Лазара і Францыска Асізскага). Эмацыйным (правінцыяльная Італія, якая, быццам музыка за Лазарам, сыходзіць у гісторыю).
Ганаровыя ўзгадванні:
Invasion, рэжысёр Шахрам Макры
Whatever Happens Next, Юліан Пёрксан
“Аднойчы ў лістападзе” (Pewnego razu w listopadzie), Анджэй Якімоўскі
“Анігіляцыя” (Annihilation), Алекс Гарленд
“Баі без правіл” (A Prayer Before Dawn), Жан-Стэфан Савер
“Браты Сістарс” (The Sisters Brothers), Жак Адзіяр
“Востраў сабак” (Isle of Dogs), Уэс Андэрсан
“Гора-творца” (The Disaster Artist), Джэймс Франка
“Груз” (Teret), Огнен Главоніч
“Дачка мая” (Figlia mia), Лаура Біспуры
“З любоўю, Сайман” (Love, Simon), Грэг Берланці
“Іншы бок ветру” (The Other Side of the Wind), Орсан Уэлс
“Калі падаюць дрэвы”, Марыся Нікіцюк
“Лета”, Кірыл Сярэбранікаў
“Лэдзі Бёрд” (Lady Bird), Грэта Гервіг
“Наш час” (Nuestro tiempo), Карлас Рэйгадас
“Нямы” (Mute), Дункан Джонс
“Пад Сільвер-Лэйк” (Under the Silver Lake), Дэвід Роберт Мітчал
“Паміж радамі” (In den Gängen), Томас Штубер
“Першаму іграку прыгатавацца” (Ready Player One), Стывен Спілберг
“Пляжныя пацукі” (Beach Rats), Эліза Хітман
“Попел - самы чысты белы” (Jiang hu er nv), Цзя Чжанкэ
“Рома” (Roma), Альфонса Куарон
“Светлая будучыня” (Il padre d'Italia), Фабіа Мола
“Статус Брэда” (Brad's Status), Майк Уайт
“Суспірыя” (Suspiria), Лука Гуаданьіна
“Твар” (Twarz), Малгажата Шумовска
“Транзіт” (Transit), Крысціян Петцольд
“Утойя, 22 ліпеня” (Utøya 22. juli), Эрык Попе
“Ціхае месца” (A Quiet Place), Джон Красінскі
“Чалавек, месца, час і зноў чалавек” (Ingan, gonggan, sigan geurigo ingan), Кім Кі Дук