Падзяліцца:
13 студзеня 2017
21 студзеня тэлеканал “Беларусь 3” пакажа тэлевізійную версію канцэрта фіналістаў VI Рэспубліканскага творчасга радыёконкурса “Маладыя таленты Беларусі”. На гэты раз медыяхолдынг дасць магчымасць юным выканаўцам выступіць на адной сцэне з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Здымкі гэтага цудоўнага канцэрта адбудуцца 14 студзеня ў студыі “600 метраў”. Нагадаем, з верасня па снежань 2016 г. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ў шосты раз паспяхова ажыццявіў праект “Маладыя таленты Беларусі”, прысвечаны Году культуры. Удзельнікамі радыёконкурса на гэты раз пажадалі стаць 295 канкурсантаў, сярод якіх 168 – у намінацыі «Эстрадны вакал», 103 – «Інструментальная музыка, салісты», 24 – у намінацыі «Спадчына». Прадэманстраваць свае таленты змаглі музыканты з розных куткоў Беларусі: Мінска, Магілёва, Бабруйска, Салігорска, Полацка, Гродна, Маладзечна, Гомеля і іншых гарадоў. Лепшыя адораныя юнакі і дзяўчаты атрымалі каштоўныя прызы ад Белтэлерадыёкампаніі, але галоўным падарункам для іх, безумоўна, стала магчымасць паўдзельнічаць у арыгінальным сумесным праекце тэлеканала “Беларусь 3” і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. 14 студзеня генеральны прадзюсарскі цэнтр медыяхолдынга правядзе запіс канцэрта “Маладыя таленты Беларусі” пры ўдзеле сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вячаслава Чарнуха-Воліча. У музычнай вечарыне прагучаць вакальныя і інструментальныя нумары лаўрэатаў і прызёраў конкурса, якія зацікавяць як аматараў класікі, так і прыхільнікаў народнай і папулярнай музыкі. 21 студзеня ў 13.55 вялікі канцэрт фіналістаў радыёконкурса “Маладыя таленты Беларусі” змогуць убачыць гледачы “Беларусь 3”. Паўтор выйдзе ў эфір 23 студзеня ў 18.40.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: