Падзяліцца:
Международный турнир по интеллектуальным играм открывается в Полоцке
25 студзеня 2020
Международный турнир по интеллектуальным играм открывается в Полоцке

Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях "Славянка – 2020” адкрываецца ў Полацку. Тры дзясяткі каманд з Беларусі, Расіі і Латвіі будуць змагацца за пуцёўку на чэмпіянат свету. Сярод удзельнікаў – магістр маскоўскага тэлеклуба Максім Паташоў і ўладальнік "Крыштальнай савы" Барыс Белазёраў, прыехалі і ўсе самыя моцныя ігракі беларускай версіі гульні. Турнір праходзіць на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя ўласна гульняў, удзельнікаў чакаюць экскурсіі па старажытным горадзе. 

60 пытанняў, 30 сёння і столькі ж заўтра. Правілы - як і ў тэлегульні. 6 ігракоў і хвіліна на абмеркаванне, толькі здаюць адказы ў пісьмовай форме – гэта так званая «спартыўная» версія «Што? Дзе? Калі?»: адначасова гуляюць столькі каманд, колькі дазваляе памяшканне. Тут, у Полацкім універсітэце, пасадачных месцаў 30, таму на «Славянку» быў конкурс. Прыехалі ўсе самыя моцныя – і каманда магістра тэлегульні Максіма Паташова, і зоркі новага пакалення знатакоў, і добра знаёмыя тэлегледачам беларусы – Міхаіл Карпук, Іван Тапчый, Дар“я Салавей. А пазмагацца ёсць за што – лепшая каманда трапіць на Чэмпіянат свету.


Летась гэтае права сенсацыйна заваяваў віцебскі “Штандарт” – каманда моцная, але зорак - прынамсі з тэлеэкарана - не хапае. Тым больш гучным стаў поспех – апярэдзілі сапернікаў, якія не толькі збіраюцца на летнія, зімовыя і гэтак далей гульні ў тэлеклубе, але добра ведаюць, што такое Чэмпіянат свету і як цяжка туды трапіць.

- Гэта як выхад на Алімпійскія гульні, - параўноўвае ігрок «Штандарта» Уладзімір Асіпчук. - Ёсць адборачныя турніры, і «Славянка» - адзін з іх. У нас спаборніцтва ідзе паміж беларускімі камандамі, і такіх, што могуць змагацца за пуцёўку на чэмпіянат свету, каля 10. Канкурэнцыя высокая, таму быць першым – вялікае дасягненне. Летась мы гэтага не чакалі, зараз мы не тое што разлічваем, але шанец ёсць.

- А якая доля менавіта шанцавання ў вашым поспеху?

- Я бы не сказаў, што вялікая. І не ў тым выглядзе, што ты здагадаўся, абраў правільны адказ з дзвюх версій... А ў тым, пра што пытаюцца. Напрыклад, у нас ёсць гульцы, якія чытаюць Гарацыя, і калі будуць пытанні пра Гарацыя, яны, безумоўна, адкажуць. А калі будуць пытанні не па Гарацыю, а па Авідзію, адказаць ужо не атрымаецца.


Першы міжнародны турнір, які выводзіць на чэмпіянат свету, правялі ў 2008-м у Віцебску падчас фестывалю “Славянскі базар” – адсюль і назва. Але вось ужо другі год запар інтэлектуальныя спаборніцтвы прымае Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Таму калі ў Мінску, Брэсце або Гродне нярэдкія госці з Украіны і Польшчы, “Славянка” збірае у асноўным беларускія і расійскія каманды. Звужэнне геаграфіі аднак не адбіваецца на сіле ўдзельнікаў, - заўважае арганізатар, кіраўнік Віцебскага інтэлектуальнага клуба Аляксей Галкін.


- З 20-ці мацнейшых каманд свету да нас прыехалі 8! Канечне, да Віцебска дабірацца зручней, але на жаль, такіх залаў, як гэтая, у Полацкім універсітэце, там проста няма. І справа не ў велічыні, а ў камфорце. Сюды не сорамна запрасіць зорак любога ўзроўню. Усё ж такі «Славянка» - самы прадстаўнічы турнір з пункту гледжання сілы каманд. Да таго ж Полацк – самы старажытны горад Беларусі, тут ёсць што паказаць і паглядзець.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: