24 студзеня – 88 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Міхася Мушынскага. І прайшло крыху больш за паўгода, як душа Міхася Іосіфавіча выправілася ў высокія нябёсы. Па-ранейшаму цяжка змірыцца з гэтай непапраўнай стратай, але час няўмольны. Застаецца цёплы ўспамін пра выдатнага чалавека і неацэнны плён той велізарнай працы, якою штодня рупіўся сапраўдны навукоўца. Яго ўнёсак у нацыянальную культуру будуць ацэньваць наступныя пакаленні, але і сёння відавочна, наколькі шмат паспеў зрабіць ён для беларускай літаратуры і літаратуразнаўства.
Хочацца адзначыць і той факт, што Міхась Іосіфавіч актыўна супрацоўнічаў і з Беларускім радыё. Яго важкае слова даследчыка можна было пачуць у розных літаратурных радыёпраектах. А яшчэ ён быў і нашым неабыякавым слухачом, пры сустрэчы мог падзяліцца сваімі ўражаннямі наконт эфіру.
“Эпоха ў беларускім літаратуразнаўстве” – так вызначана тэма літаратурнага “Творчага вечара”, светлай памяці Міхася Іосіфавіча Мушынскага.
У праграме бяруць удзел: дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, літаратуразнаўца і перакладчык Міхась Кенька, доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца Жана Шаладонава, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.
Пачатак эфіру – 24 студзеня ў 21-05.