Падзяліцца:
Музычны дзённік. Беларускай песні ўладар. Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
10 ліпеня 2017
Музычны дзённік. Беларускай песні ўладар. Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Мінулы тыдзень адметны кульмінацыяй святкавання 135-годдзя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. І хаця з пачатку года адбылося багата падзей, якія прайшлі пад зоркай “Песняра”, усё ж 7 ліпеня стаў асаблівым днём. Парадавалі калегі з тэлеканала “Беларусь 3”, якія сканцэнтравалі і адлюстравалі, здаецца, усе асноўныя накірункі багатай спадчыны Купалы, прапанавалі і тэматычныя праграмы, і спектаклі, і фільмы, і канцэрты... Асабіста ў мяне гэтая дата выклікала жаданне не толькі пагартаць зборнікі твораў паэта, але і паслухаць музыку, натхнёную яго таленавітым словам. Найперш узгадваецца знакамітая “Спадчына” Ігара Лучанка. Гэтую песню кампазітар лічыць адным са сваіх галоўных твораў. Дастаткова яе паслухаць, каб пераканацца, што ў песні, сапраўды, закладзены генетычны код беларусаў. Пэўна, таму ў яе такі доўгі і шчаслівы лёс. “Спадчыну” Ігар Міхайлавіч напісаў у 1972 годзе, але гэта не першы зварот кампазітара да творчасці Янкі Купалы. У пачатку 60-ых, зусім маладым чалавекам, выпускніком Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён напісаў кантату “Курган” для акадэмічнага хору, сімфанічнага аркестра і салістаў, якая стала яго дыпломнай работай. Запіс у выкананні хору Беларускага радыё і Сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Райскага захоўваецца ў нашым багатым фондзе. Ён уражвае глыбінёй і сталасцю думкі кампазітара, тонкім адчуваннем нерва купалаўскага твора. Таму зусім невыпадкова ў сярэдзіне 70-х гадоў кантата зацікавіла Уладзіміра Мулявіна. І яны разам з Ігарам Лучанком пачалі працу над рок-операй “Гусляр”. У адным з інтэрв’ю 1975 года Мулявін сказаў: ён пакуль не ведае, што гэта будзе – сучасны музычны спектакль, альбо штосьці іншае, але адназначна нешта новае, незвычайнае. Так і сталася. Прэм’ера паэмы-легенды “Гусляр” адбылася ў 1978 годзе, ну, а потым пачалося яе трыўмфальнае шэсце па гарадах былога Савецкага Саюза. Насамрэч атрымаўся рэвалюцыйны твор, які цяжка аднесці да пэўнага музычнага жанру. Там перапляліся і рок, і хард-рок, і фолк, і джаз... Цікава, што Ігар Лучанок тлумачыў поспех выразнымі мелодыямі, а Уладзімір Мулявін лічыў - калі тэкст не натхніць людзей на роздум, то ніякая мелодыя не выратуе песню. Што ж, абедзве думкі маюць права на жыццё. Але, мне здаецца, поспех “Гусляра” у тым, што і для Лучанка, і для Мулявіна Купала быў духоўным настаўнікам, таму аўтары ўклалі ў твор, як кажуць, усю сваю існасць. Асабіста я пачула паэму-легенду “Гусляр” у пачатку 80-ых, пасля таго, як яна выйшла ў запісе. Мая душа назаўсёды занатавала тое ашаламляльнае ўзрушэнне. Я не магла яго патлумачыць, але мне хацелася зноў і зноў вяртацца да “Гусляра”, слухаць, паўтараць, уяўляць… Зараз я разумею, што ўсё гэта і ёсць магія сапраўднага мастацтва, якое найперш павінна выклікаць эмоцыю. Тады ж я марыла ўбачыць твор на сцэне. Але мне ўдалося гэта толькі ў 2010 годзе, калі да паэмы-легенды звярнуўся паэт Андрэй Скарынкін. Ён стаў ініцыятарам стварэння новай выканальніцкай версіі. Спачатку яе паказ адбыўся на свяце беларускага пісьменства ў Хойніках, потым на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Твор не толькі атрымаў новае жыццё, абудзіў памяць, але і набыў новых прыхільнікаў. Многія лічаць “Гусляра” вяршыняй творчасці “Песняроў”, але ж, на мой погляд, рок-опера “Песня пра долю” Уладзіміра Мулявіна паводле “Адвечнай песні” Янкі Купалы не саступае ў дынаміцы, глыбіні, эмацыянальнай напоўненасці. Прычым, яна з’явілася на некалькі гадоў раней за “Гусляра”. Прэм'ера адбылася ў 1976-ым годзе і прайшла з вялікім поспехам. Паводле ўспамінаў, публіка сядзела ў праходах, каля сцэны. Словам, быў сапраўдны аншлаг. Поспех паўтарыўся ў 2012-ым. Новую версію твора да 130-годдзя Янкі Купалы падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом. Галоўныя партыі выканалі Ян Жанчак, Кацярына Дзегцярова і Пётр Елфімаў. Варта адзначыць работу аранжыроўшчыка Аляксандра Крамко, які, як кажуць, амаль з нуля адрадзіў твор, бо ноты не захаваліся, давялося выкарыстоўваць не зусім якасны канцэртны запіс, здымаць на слых увесь музычны матэрыял. На жаль, такі лёс не ў адной “Песні пра долю”. Многія цікавыя і таленавітыя работы “Песняроў” засталіся толькі ў памяці саміх музыкантаў альбо на нешматлікіх аматарскіх стужках. Сярод страчаных твораў цудоўныя кампазіцыі з абедзвюх праграм на вершы Янкі Купалы, які быў любімым паэтам Уладзіміра Мулявіна. Паводле слоў музыканта, разам з Купалам ён адкрываў Беларусь. А калі было сумна і тужліва на душы, браў томік паэта, шукаў у яго вершах адказы на хвалюючыя пытанні. Магчыма, гэтую духоўную неабходнасць адчувалі і іншыя музыканты “Песняроў”. Той жа Ігар Палівода сваімі аранжыроўкамі многія з гэтых твораў узняў на сапраўдную мастацкую вышыню. А праз некалькі гадоў пасля таго, як пакінуў ансамбль, у 1992- ім годзе стварыў для Дзяржаўнага канцэртнага аркестра і яго салістаў оперу-песню “Беларушчына”. Гэтая кампазіцыя, прасякнутая нацыянальным меласам, па сваёй глыбіні абсалютна супадае з танальнасцю паэзіі Купалы. Яго творчасць стала крыніцай натхнення яшчэ для аднаго ўдзельніка калектыву, кампазітара Алега Молчана. Ён напісаў цэлы цыкл песень, але вяршыня - знакамітая “Малітва”, якую у свой час непаўторна і таленавіта выканаў Уладзімір Мулявін. На вершы Купалы напісана больш за 200 твораў. Я ўзгадала толькі некалькі самых вядомых. Але ж яны працягваюць, эмацыянальна напаўняюць словы і думкі самога паэта: Мне мудрасці кніжнай не даў бог пазнаці, Мой бацька не мог даць раскошаў такіх - Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці І дум беларускіх без школы і кніг. Так іншай не знаўшы навукі і школы, У пацёмках шукаў і знайшоў божы дар; Цяпер маймі скарбамі – думы-саколы, Цяпер беларускай я песні ўладар.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: