Падзяліцца:
30 студзеня 2017
Кожны год у студзені мы міжволі становімся сведкамі альбо ўдзельнікамі музычнай ліхаманкі, інакш кажучы, фіналу нацыянальнага адборачанага тура тэлевізійнага конкурсу “Еўрабачанне”. Нягледзячы на агульнае даволі скептычнае стаўленне да яго, практычна ўсе, хто так альбо іначай звязаны з музыкай, за ім назіраюць, прычым суправаджаюць працэс гарачымі каментарыямі і спрэчкамі ў сацыяльных сетках. Прызнаюся, я не выключэнне. Усіх уцягнутых у гэты амаль спартыўны запал – каму ўсё ж такі дастанецца шчаслівы квіток на еўра – вынікі конкурсу парадавалі сумленнасцю і аб’ектыўнасцю. Насамрэч, усё проста. Як, уласна, і павінна быць заўсёды, перамаглі шчырасць, натуральнасць, эмацыянальная адкрытасць, арганічнае спалучэнне песні і вобраза. “Naviband” не сталі вынаходзіць нейкае неверагоднае дзейства, не спрабавалі злавіць гэты абсалютна няўлоўны еўрафармат, а проста заставаліся самімі сабой. Ну, і канешне ж, усё вянчала прафесійнае выкананне і чысты вакал салісткі Ксеніі. А гэта, на мой погляд, аснова, таму што песня – гэта ўсё ж такі толькі (няхай даруюць мне аўтары) матэрыял, які трэба ажывіць. І яе жыццё залежыць ад выканаўцы, ад таго, якім эмацыянальным дыханнем ён яго напаўняе. У той жа час пра якое жыццё можна гаварыць, калі большасць удзельнікаў фіналу проста не валодае элементарнымі вакальнымі навыкамі? Не ведаю як каму, але мне, напрыклад, становіцца проста фізічна дрэнна, калі я вымушана слухаць фальшывую інтанацыю на працягу ўсяго выканання. Упэўнена, што членам журы не менш складана пераносіць гэтыя пакуты творчасці. Калі назірала за конкурсам, я ўспомніла нават не анекдот, а рэальны выпадак з жыцця вялікага Фёдара Шаляпіна. Ён яго выразна апісаў у сваёй кнізе “Старонкі з майго жыцця”. “…как-то извозчик, с которым ехал по бесконечной московской улице, спросил: “А ты чем, барин занимаешься”- “Да вот, брат, пою”. – “Я не про то. Я спрашиваю - чего работаешь? А ты пою! Петь - мы все поем! И я тоже пою, выпьешь иной раз и поешь. А либо станет скушно и - тоже запоешь”. Абсалютна дакладнае апісанне, актуальнае і ў наш тэхналагічны час, калі, дзякуючы майстэрству гукарэжысёра, можа заспяваць любы чалавек, нават той, хто не мае ні голасу, ні слыху, ні, тым больш, уяўлення пра сродкі выразнасці. Безумоўна, нічога дрэннага ў гэтым няма, пакуль ў аматара не прачынаюцца зорныя амбіцыі, і тады мірная дрымота перастае быць томнай і выяўляецца ў ваяўнічым дылетантызме, на які часта натхняе акружэннне – родныя, сябры, і канешне ж, прадзюсары. Ім, дарэчы, часцяком таксама неабходна многаму вучыцца. У сувязі з гэтым на думку прыходзіць можа і прыземленае параўнанне, але на мой погляд, дакладнае. Мы ж не садзімся ў якасці вадзіцеля ў аўтамабіль, не маючы навыкаў ваджэння! Таксама і на сцэну трэба выходзіць, будучы упэўненым, што ты маеш на гэта права. Ну, а “Naviband” яго заслужылі, альбо больш правільна сказаць, зарабілі сваёй прафесійнай сумленнасцю. Вы задумваліся, чаму нашы дзеці, у адрозненне ад дарослых, удала выступаюць на “Еўрабачанні”? Адказ, мне здаецца, на паверхні. Яны прывабліваюць сваёй непасрэднасцю, шчырасцю. А ўсё гэта ёсць у “Naviband” як, дарэчы, было ў Тэа, які, нягледзячы на тое, што не заняў высокага месца ў фінале, вярнуўся дамоў трыумфатарам, стаў у многім дзякуючы выступленню на “Еўрабачанні”, не проста папулярным, але і любімым артыстам у сваёй краіне. Канешне, рабіць нейкія прагнозы - гэта як гуляць у рулетку, але мне ад усёй душы хочацца пажадаць “Naviband”, каб яны не толькі захавалі свае лепшыя якасці, але і напоўнілі іх асобым сэнсам, што ўвасабляў бы вобраз маладых беларусаў – адукаваных, інтэлектуальных, інтэлігентных, творчых, якія любяць сваю мову і сваю краіну. Асабіста ў мяне выклікае павагу і тое, што ўжо не першы раз, спрабуючы свае сілы на адборачным туры “Еўрабачанне” “Naviband” прадстаўляюць песню на беларускай мове, не баючыся, у адрозненне ад многіх іншых прэтэндэнтаў, што іх не зразумеюць у Еўропе. І дзякуючы менавіта ім, упершыню за ўсю гісторыю нашага ўдзелу ў “Еўрабачанні”, на яго сцэне будзе гучаць беларускае слова. І хто ведае, можа гэта стане прыкладам для іншых і пачаткам добрай традыцыі, якой, дарэчы, з самага пачатку прытрымліваюцца нашы суседзі ўкраінцы. Больш за тое, на пэўны час, дзякуючы пераможцы 2004 года Руслане з яе “Дзікімі танцамі” яны сталі заканадаўцамі моды на этнічныя матывы. Сцэна “Еўрабачання” памятае і грэчаскі сіртакі, і венгерскі чардаш, і гарачыя малдаўскія танцы, і пранікнёную сербскую баладу… Што ж, такая разнастайнаць цалкам адпавядае першапачатковай ідэі і канцэпцыі конкурсу, які калісьці задумваўся ў мэтах культурнага аб’яднання Еўропы. І пра гэта, мне думаецца, трэба помніць заўсёды, асабліва рыхтуючыся да чарговага ўдзелу. Бо музычная і культурная еўрапейская палітра – гэта багацце і шматграннасць адценняў. І толькі ў захаванні сваёй унікальнай фарбы ёсць шанс не згубіцца ў ёй і быць цікавымі адно аднаму.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: