Падзяліцца:
19 Мая 2017
З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых. І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы. Эмацыянальны пасыл гэтых радкоў, якія Янка Купала напісаў у 1906 годзе, мы ў поўнай меры адчулі падчас нядащняга свята - Дня Дзяржаўнага герба і сцяга. Фіналісты музычна-патрыятычнага конкурсу “Слаўся, зямлі нашай светлае імя”, на арыгінальнае выкананне гімна, сабраліся на Плошчы Дзяржаўнага сцяга, каб разам праспяваць галоўную песню краіны. У свядомасці кожнага з нас жыве класічны, эталонны запіс, які, дарэчы, зроблены ў 2002 годзе ў Вялікай студыі Дома радыё Акадэмічным хорам Бэлтэлерадыёкампаніі на чале з народным артыстам СССР Віктарам Роўдам, Узорным аркестрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Аляксандра Фёдарава. Але, на мой погляд, у выканальніцкай версіі фіналістаў нашага праекта, што сабраліся на Плошчы Дзяржаўнага сцяга, гімн набыў яшчэ больш магутную духоўную і эмацыянальную сілу. Гэта адбылося, дзякуючы выкарыстанню розных стылістычных і тэмбральных накірункаў. Акадэмічныя, дзіцячыя, народныя, ваенныя, студэнцкія творчыя калектывы нібыта розныя ручайкі зліліся ў адну вялікую гукавую раку, што сімвалізавала галасы ўсёй краіны. У гэтай, здавалася б, стракатай, але такой стройнай разнастайнасці і заключалася арыгінальнасць выканання, да якой мы імкнуліся, калі пачыналі конкурс. Супольнае выкананне гімна стала дамінантай музычна-літаратурнай кампазіцыі, што пачалася жамчужынай нацыянальнай песеннай культуры, творам Уладзіміра Алоўнікава на словы Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая”. Многія з нас па праве лічаць гэтую цудоўную песню лірычным гімнам краіны. У ёй, здаецца, увасоблена ўся чысціня, сардэчнасць і прыгажосць Беларусі. Многа гадоў мы яе чуем у розных выкананнях, але ж у той святочны і ўрачысты дзень яна прагучала асабліва велічна і пранікнёна. Салісты нацыянальнай оперы, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна і заслужаны артыст Рэспублікі Станіслаў Трыфанаў з вялікім майстэрстам і выдатным пачуццём густу напоўнілі яе ўласнай, магчыма, няўлоўнай, але той неабходнай інтанацыяй, якая супадала з урачыстай танальнасцю Дзяржаўнага свята. Яе падтрымалі і ўзмацнілі Сімфанічны аркестр і Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, а потым падхапілі іншыя ўдзельнікі кампазіцыі - заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, салістка ансамбля Узброеных сіл Ганна Сцепанкова, ансамбль “Верасы”, юная спявачка, лаўрэат міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” Анастасія Жабко. У кожным творы, што прагучаў, рознымі музычнымі і літаратурнымі фарбамі перадавалася любоў да Радзімы. Яркімі і эмацыянальна моцнымі акцэнтамі агульнай драматургіі сталі вершы беларускіх паэтаў Ніла Гілевіча, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Купалы, Навума Гальпяровіча. З асаблівай пранікнёнасцю і эмацыянальнай глыбінёй іх выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дзмітрый Рубель, Павел Паўлюць, навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ангеліна Белязяка, акцёр і рэжысёр Алег Вінярскі. Усім прысутным на свяце падарыў свае паэтычныя радкі і аўтар тэксту Дзяржаўнага гімна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт Уладзімір Іванавіч Карызна. Яго ўдзел у акцыі стаў не толькі знакавым, але і сімвалічным. У сваім звароце Уладзімір Іванавіч з уласцівым яму грамадзянскім лірызмам падкрэсліў неабходнасць не толькі праяўляць сваю любоў да Радзімы, але і берагчы пераемнасць пакаленняў. Фармат правядзення акцыі быў абраны невыпадкова. Музычна-літаратурная кампазіцыя рыхтавала кульмінацыю свята – сумеснае выкананне Дзяржаўнага гімна. Слухаючы, як да фіналістаў конкурсу далучыліся ўсе прысутныя на плошчы, асабіста я чарговы раз пераканалася ў трапнасці радкоў Навума Гальпяровіча, якія так пераканаўча прагучалі перад гімнам: Ёсць Радзіма, значыць будзе песня, Будзе песня і Радзіме жыць!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: