Падзяліцца:
27 чэрвеня 2017
Лета мы прызвычаіліся асацыіраваць з адпачынкам, вандроўкамі, завяршэннем канцэртнага сезона і, адпаведна, зацішшам культурнага жыцця. Таму многія, каб адпачыць не толькі целам, але душой і сэрцам, адпраўляліся за мяжу. Але, нездарма кажуць: усё цячэ, усё мяняецца. Пра гэта сведчаць, у тым ліку і падзеі апошняга часу. Зараз, каб атрымаць яркія ўражанні, зусім не трэба кудысьці далёка ад’язджаць. У чэрвені настаў гарачы сезон для ўсіх, хто любіць слухаць музыку на вольным паветры. Днямі ў Мінску паспяхова завяршыўся праект “Джазавыя суботы ля Ратушы”. Па традыцыі, ён сабраў вялікую колькасць і меламанаў, і тых, хто толькі адкрывае для сябе багаты разнажанравы свет музыкі. За перыяд існавання праекта ў яго межах выступілі і маладыя беларускія выканаўцы, і музыканты з сусветнымі імёнамі. Праграма сёлетніх чэрвеньскіх субот таксама не расчаравала. Мінск наведалі не толькі вядомыя еўрапейскія джазмены, але і госці з-за акіяна. Дарэчы, менавіта з “Джазавых субот ля Ратушы”, якія прайшлі ўжо ў пяты раз, пачалася цудоўная традыцыя штотыднёвых канцэртаў на вольным паветры ў цэнтры сталіцы. Яе ахвотна падтрымалі і мінчане, і госці горада, таму кожны раз праграмы збіраюць шматтысячныя аншлагі. Джазавыя вечары завяршыліся 24 чэрвеня, а ў ліпені стартуюць класічныя, якія будуць доўжыцца да канца лета. Двухгадовы вопыт іх правядзення паказаў, што акадэмічная музыка, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, прываблівае самую шырокую публіку. Пра гэта сведчаць нават лічбы. Летась кожны канцэрт збіраў каля 8000 гледачоў, а ўсяго праект “Класіка ля Ратушы” наведалі больш за 60 тысяч чалавек. Такую цікавасць можна патлумачыць у тым ліку і разнастайнасцю праграмы. Арганізатары аб’ядноўваюць музыку з кіно, выяўленчым мастацтвам, харэаграфіяй, гісторыяй Беларусі. Прапануюць майстар-класы, магчымасць скарыстацца “свабодным раялем”. Усё гэта толькі падкрэслівае, што класіка - сама па сабе свабодная музыка, яна цудоўна гучыць і выдатна ўспрымаецца не толькі ў строгай канцэртнай зале, але і на вольным паветры. Дарэчы, пераканацца ў гэтым мелі магчымасць і тыя, хто наведаў “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. За восем гадоў існавання гэты музычны праект стаў не толькі яркім фінальным акордам тэатральнага сезона, але і цудоўнай традыцыяй, чаканай падзеяй для ўсіх, хто любіць высокае мастацтва. Безумоўна, наведвальнікаў фестывалю прываблівае ў Нясвіж не толькі музыка. Гэта і бязмежнае хараство Палаца-паркавага асамбля, прага адчуць подых стагоддзяў, водар паветра, якое, здаецца, прасякнута старадаўнімі культурнымі традыцыямі, бо, як вядома, менавіта тут, у рэзідэнцыі Радзівілаў пачынаўся прафесійны тэатр на беларускай зямлі. Апрача ўсяго, Нясвіж, які з нечыяй лёгкай рукі называюць “маленькім Парыжам”, быў адным з галоўных еўрапейскіх мастацкіх цэнтраў, збіраў лепшых музыкантаў, архітэктараў, мастакоў... Ідэя аднаўлення гэтых традыцый, як прадэманстраваў, у тым ліку і сёлетні фестываль, аказалася асабліва актуальнай у нашы дні. Усе канцэрты і спектаклі прайшлі з аншлагам. Гэта і праграма “Беларускі класіцызм” у касцёле Божага цела, і канцэрт “Каханню ўсе ўзросты падуладны” у Тэатральнай зале палаца, і опера “Viva La Mama”, але асаблівую цікавасць выклікалі спектаклі, што адбыліся ва ўнутраным двары замка. І гэта не здзіўляе, бо публіцы прапанаваліся шэдэўры сусветнага музычнага тэатра - пяшчотны і адначасова містычны балет Адана “Жызэль” і драматычная опера Масканьі “Сельскі гонар”. Глыбіня і экспрэсія гэтых твораў ўзмацнялася атмасферай замка, якая сама па сабе кліча ў далёкія часы, напоўненыя таямніцамі... Часы, дзе кіпелі жарсці, панавалі раскоша і моц княжага двара. Дарэчы, усе гэтыя найтанчэйшыя нюансы перапляліся ў праграме гала-канцэрта “Радзівілаўскі баль альбо Вечар у гасцях у Уршулі Радзівіл”. Гэты канцэрт стаў кульмінацыяй і фінальным акордам сёлетняга фестывалю, які даў гледачам унікальную магмычасць убачыць і пачуць у адной праграме цэлае суквецце зорак Вялікага тэатра. Ну, а асабіста мне і фестываль у Нясвіжы, і іншыя згаданыя падзеі падарылі неверагоднае жыццёвае натхненне і жаданне не прапусціць ніводнай фарбы беларускага музычнага лета...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: