
Чэрвень не толькі пачатак каляндарнага, але і фестывальнага лета, ну, а ў тым, што сёлета яно будзе асабліва гарачым, не даводзіцца сумнявацца. У гэтым мы мелі магчымасць пераканацца, наведаўшы першы канцэрт праекта “Джазавыя вечары ля Ратушы”. Гэты фестываль, які сёлета праходзіць шосты раз, бясспрэчна, стаў адным з сімвалаў беларускага музычнага лета. Нягледзячы на тое, што кожны з сёлетніх суботніх канцэртаў прысвечаны асобнай тэме - “Лацінаамерыканскі джаз”, “Традыцыі і сучаснасць”, “У джазе толькі дзяўчаты” - іх праграма адлюстроўвае шматгранныя адценні жанру.
Варта прызнаць, што фестываль стаў адным з самых чаканых і запатрабаваных у публікі. Калі спачатку ён збіраў аднадумцаў і проста цікаўных людзей, то зараз у яго свая шырокая і шматлікая суполка аматараў. І нават той, хто трапляе сюды выпадкова, застаецца пастаянным прыхільнікам гэтага цудоўнага свята. І не толькі таму, што яно вабіць асаблівай атмасферай свабоды і творчасці, але і таму, што тут заўсёды гучыць якасная музыка, а некаторыя канцэрты становяцца своеасаблівымі дыялогамі беларускіх і замежных выканаўцаў. І гэта адкрывае новыя гарызонты, аб’ядноўвае, збліжае, дазваляе адчуць усю паўнату думкі, што музыка не мае межаў, а яшчэ падкрэслівае трапнасць і сімвалічнасць месца іх правядзення на Плошчы Свабоды.
Безумоўна, джазавы фестываль, як і многія іншыя, адлюстроўвае шматграннасць свету і калі не замяняе далёкія вандроўкі, то дазваляе хаця б віртуальна прычыніцца да культуры, традыцый іншых народаў. У гэтым сэнсе асабліва пазнавальны праект “Дні нацыянальных культур”, які таксама стаў добрай традыцыяй Верхняга горада. А пачалася яна ў 2015 годзе з грузінскага фестывалю Тбілісоба. За гэты час адбылося каля 30 свят, якія ахапілі шырокія гарызонты – ад суседніх Расіі, Украіны да Заходняй Еўропы, Індыі і Карэі.
З кожным годам праграма Дзён нацыянальных культур становіцца ўсё больш маштабнай. Публіка цікавіцца не толькі канцэртамі, але і ахвотна прычыняецца да разнастайных абрадаў, майстар-класаў, набывае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Многіх прываблівае тое, што гэтыя святы не толькі пазнавальныя, але і смачныя. Напрыклад, падчас Вялікага Брытанскага фестывалю, які сёлета адбыўся ўпершыню, наведвальнікі мелі магчымаць і паслухаць творы Шэкспіра ў арыгінале, і праверыць свае веды на англійскай мове, і атрымаць урокі гульні ў гольф, і паспрабаваць традыцыйныя стравы нацыянальнай кухні.
Словам, публіка магла задаволіць самыя розныя інтарэсы, але аб’ядноўвала гэтую разнастайную палітру музыка, якая не толькі стварала атмасферу, выдатны настрой, але і надавала патрэбную танальнасць, уласцівую менавіта брытанскай культуры. Гэты праект стаў адной з самых яркіх падзей чэрвеня і чарговы раз прадэманстраваў імкненне людзей пазнаваць свет і сябе ў свеце.
Варта дадаць, што асабліва гэтаму спрыяюць фестывалі опэн-эйр, іх нефармальная атмасфера і адкрытасць. Знаёмства з іншымі нацыянальнымі культурамі прадоўжыцца ў ліпені. У гэтым цікавым пазнавальным цыкле ўпершыню будзе прадстаўлена Эстонія. Усяго ў праграме летняга турыстычнага сезона ў Верхнім горадзе больш за 125 культурных праектаў. Сярод самых цікавых – “Пешаходка”, які аб’ядноўвае музыкантаў, акцёраў, танцораў, перформераў. Вартасць праекта, апрача ўсяго, і ў тым, што ён дорыць шанс маладым творчым людзям праявіць сябе, паказаць свае навыкі і нават зразумець, ці патрэбна гэта іншым. У любым выпадку ўтульная добразычлівая атмасфера “Пешаходкі” дае магчымасць усім ахвотным запоўніць сваё жыццё пазітывам і цікавымі ўражаннямі. Іх можна атрымаць і наведаўшы праект “Open air CINEMA” - паказы кінафільмаў на вольным паветры, які летась выклікаў жывую цікавасць у наведвальнікаў і пацвердзіў сваю актуальнасць і права на жыццё.
Як вядома, сённяшні дзень залежыць ад мінулага, а будучае – ад сённяшняга дня. Своеасаблівым сімвалам гэтай непарыўнай сувязі стануць тэатралізаваныя праграмы, якія ў Верхнім горадзе пакажуць клубы гістарычнай рэканструкцыі. У суквецці падзей летняга турыстычнага сезона можна нават разгубіцца. Але кожны выбірае для сябе штосьці найбольш блізкае. У любым выпадку словы “сустрэнемся ля Ратушы” няхай стануць своеасаблівым паролем, які, у сваю чаргу выклікае дзёрзкае жаданне перафразіраваць класіка: “Лета – гэта свята, якое заўсёды з табой”.