
«Вот и лето прошло, словно и не бывало…», - гэтыя радкі Арсенія Таркоўскага гучаць, як своеасаблівы эмацыянальны код, напоўнены і пранізлівым сумам, і светлай радасцю. Але і адно, і другое дапамагаюць адчуць вастрыню жыцця. Тым больш, што радасці лета прадаўжаюць падзеі першых восеньскіх дзён. Сярод самых адметных – свята «Ракаўскі фэст», што адбылося ў маляўнічым мястэчку Валожынскага раёна.
Як вядома, Ракаў славіцца больш як 500-гадовай гісторыяй. Але асабліва цікавы перыяд для сучаснікаў – 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі мястэчка апынулася на памежжы Польшчы і СССР і стала “сталіцай кантрабандыстаў”. Падзеі таго часу аказаліся вартыя цэлага рамана. Твор нашага суайчынніка, ураджэнца Ляхавіч, колішняга жыхара Мінска, а потым вядомага польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага “Каханак вялікай мядзведзіцы” атрымаў калі не сусветную, то вельмі шырокую вядомасць.
Аўтар мае рэпутацыю пісьменніка-авантурыста. У тым ліку дзякуючы таму, што апісаныя падзеі перажыў сам, актыўна ўдзельнічаў у кантрабандным жыцці Ракава. Гэта дазволіла яму яскрава і трапна перадаць тагачасную атмасферу. Лагічна, што яе спрабавалі аднавіць арганізатары “Ракаўскага фэсту”, зладзіўшы па рамане захапляльны тэатралізаваны квэст. Ён стаў для наведвальнікаў свята адным з самых прывабных момантаў у праграме. Кожны ахвотны атрымаў магчымасць прайсці “сцежкамі кантрабандыстаў” і ў межах свайго ўяўлення адчуць той азарт, які перажывалі і героі рамана, і іх прататыпы.
Безумоўна, рамантычны флёр святу надавала музыка. Куды ж без яе? Тым больш, што ў тагачасным Ракаве жыццё кіпела ва ўсіх сэнсах. У мястэчку было больш за 100 крам, працавалі казіно, рэстараны... І ў кожным – свой аркестр, што выконваў самыя модныя мелодыі. Падчас сёлетняга свята яны таксама гучалі ў розных кутках мястэчка – і на галоўнай сцэне, і на ўтульных вулачках Ракава.
Гэтыя мелодыі не толькі надавалі асаблівы каларыт, але і аб’ядноўвалі фэст у адзіны багаты карагод. Яго ўдзельнікамі сталі калектывы з Беларусі і Польшчы, якія сваёй творчасцю перадавалі і сувязь часоў, і полікультурнасць нашага краю, і пульс сённяшняга дня, і адносіны да гісторыі. Усё гэта адчувалася і ў выступленні камернага калектыву “Тры А”. На мой погляд, скрыпка Алеся, акардэон Аліны і кантрабас Алесі ўнеслі асабліва вытанчаную фарбу ў агульнае фестывальнае шматгалоссе. Зрэшты, яго расквецілі не толькі музыканты. Напрыклад, флэшмоб “Затанчым разам” прывабіў вялікую колькасць ахвотных навучыцца танцаваць тыя ж кракавяк, польку альбо проста парухацца і адчуць пульсацыю часу.
Апрача ўсяго, на “Ракаўскім фэсце” можна было пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні, у “Горадзе майстроў” набыць сувеніры, у імправізаваных кнігарнях – цікавую літаратуру, творы таго ж Сяргея Пясецкага.
Але ж любое маштабнае свята немагчыма без хедлайнераў. Сапраўдным адкрыццём для многіх стала выступленне гасцей з Польшчы гурта “Kapela ze Wsi Warszawa”. Летась калектыву споўнілася 20 гадоў. З самага пачатку існавання музыканты вызначылі сваю творчую канцэпцыю, якой застаюцца верныя да гэтага часу. “Kapela ze Wsi Warszawa” выконвае фолк-музыку і па-майстэрску напаўняе яе сучаснымі элементамі, інтанацыямі джаза, блюза... Гурт - уладальнік шматлікіх узнагарод і званняў, намінант прэстыжнай прэміі “Грэмі”. У свой час у артыкуле “Нью-Йорк таймс” ён быў названы адным з галоўных калектываў у сваім жанры на сусветнай сцэне. Толькі гэтыя некалькі фактаў сведчаць пра міжнароднае прызнанне і сур’ёзны творчы ўзровень музыкантаў. Варта дадаць, што падчас выступлення ў Ракаве калектыў выконваў даволі складаныя імправізацыі і матывы, даступныя шырокаму колу слухачоў. Таму іх канцэрт стаў не проста яркай кульмінацыяй свята, але і вызначыў яго высокі культурны і музычны ўзровень. А яшчэ падарыў надзею на варты працяг у наступным годзе і развіццё традыцыі.
Дарэчы, да традыцый. Калі “Ракаўскаму фэсту” тры гады, то грузінскаму фестывалю “Тбілісоба” – чатыры. Сёлета ён прайшоў у Мінску з асаблівым размахам, бо быў прысвечаны 100-годдзю незалежнасці Грузіі. Культура гэтай цудоўнай краіны вабіць сваім багаццем, а музыка – вакальным шматгалоссем і непаўторнай энергіяй. У поўнай меры гэта можна было адчуць на працягу ўсяго фестывальнага дня, эпіцэнтрам якога быў Верхні горад.
І ўсё ж для асабліва адданых прыхільнікаў грузінскай музыкі галоўнай падзеяй свята стаў канцэрт легендарнай Ніно Катамадзе. Яна неаднойчы прыязджала ў Мінск з сольнымі канцэртамі, але яе цяперашняе выступленне на адкрытай сцэне Верхняга горада, здавалася, было напоўнена асаблівай энергіяй і натхненнем. Публіка адказвала ўзаемнасцю. Напэўна, у гэтым адзінстве – чароўнасць і ўнікальнасць канцэртаў і фестываляў на вольным паветры. Яны дораць цудоўную магчымасць не толькі дакрануцца да іншых культур і традыцый, але, як бы банальна не гучала, адчуць сябе часцінкамі адзінага цэлага.