
Мне не раз даводзілася чуць, што сярод вялікай колькасці жанраў дынаміку і пульс сённяшняга дня асабліва выразна перадае мюзікл, і ў гэтым яго прынцыповае адрозненне ад аперэты. Магчыма, штосьці ёсць у гэтай думцы, але сцвярджаць дакладна можна адно: нягледзячы на тое, што мюзікл забаўляльны жанр, ён – адна з самых складаных форм тэатральнай пастаноўкі. У гэтым маюць магчымасць пераканацца ўсе, хто наведвае спектаклі маладога, але ўжо запатрабаванага ў публікі тэатра «Тэрыторыя мюзікла».
Зараз творчы калектыў працуе над новым спектаклем – папулярным брадвейскім мюзіклам «Недалёка ад нормы». Унікальнасць прэм’еры ў тым, што гэта не толькі ліцэнзійны спектакль, але і з правам на пастаноўку ў аўтарскай рэжысёрскай інтэрпрэтацыі і арыгінальным перакладам на рускую мову. У ЗША мюзікл вытрымаў больш за 700 паказаў на Брадвеі, прызнаны адным з лепшых шоу за апошнія 10 гадоў і ўдастоены трох вышэйшых амерыканскіх прэмій у галіне музычнага тэатра Tony Award.
Прэм’ера на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў адбудзецца 28 сакавіка, а 6-га прайшла закрытая прэзентацыя праекта. Падчас яе стваральнікі беларускай версіі рэжысёр Анастасія Грыненка і выканаўчы прадзюсар, харэограф Дзмітрый Якубовіч расказалі пра асаблівасці падрыхтоўкі спектакля, над якім працавалі амаль тры гады.
Мюзікл абяцае быць яркай культурнай падзеяй, якая адпавядае творчай канцэпцыі самога тэатра! А ён ствараўся ў 2012 годзе з мэтай “эксперыменту ў межах жанру і пашырэння саміх межаў жанру мюзікла”. Ідэйным нахтняльнікам цікавага творчага аб’яднання стаў знакаміты кампазітар, народны артыст Расіі Генадзь Гладкоў. Рэалізацыяй гэтай смелай і нават рызыкоўнай ідэі вось ужо шосты год займаюцца рэжысёр Анастасія Грыненка і харэограф Дзмітрый Якубовіч. Яны сабралі каманду аднадумцаў, з якой ужо заваявалі свае трывалыя пазіцыі ў культурнай прасторы краіны.
Адна з адметных рыс тэатра – маладая трупа, якая адрозніваецца асаблівай і фізічнай, і эмацыянальнай энергіяй. Як вядома, у любой справе няпроста знайсці і заняць сваю нішу. Таму, паводле слоў рэжысёра Анастасіі Грыненка, калектыў “Тэрыторыі мюзікла” пастаянна імкнецца чымсьці здзівіць публіку. Што ж, пажадаем, каб новы праект, спектакль “Недалёка ад нормы” стаў не толькі адкрыццём для гледачоў, але і сур’ёзным творчым прарывам для трупы. А тое, што ён прывабіць публіку, не даводзіцца сумнявацца, бо сам жанр запатрабаваны ў краіне, хаця прыйшоў да нас з-за акіяна.
Радзіма мюзікла – Амерыка. Пунктам адліку лічыцца пастаноўка шоу “Black Crook” у верасні 1866-га года ў Нью-Ёрку. У ёй перапляліся рамантычны балет, меладрама, іншыя жанры. Асаблівае развіццё мюзікл атрымаў у XX стагоддзі. Імпульс задалі таленавітыя амерыканскія кампазітары Рудольф Фрымль, Джэром Керн, Джордж Гершвін, Кол Портэр.
Сур’ёзнай падзеяй у развіцці жанру стала з’яўленне ў 50-я гады мюзікла “Вестсайдская гісторыя” Леанарда Бярнстайна. Сярод лепшых узораў жанру – “Іісус Хрыстос – суперзорка”, “Кошкі”, “Прывід оперы” Эндру Лойда Уэбера, варта ўзгадаць і французскія мюзіклы “Рамэа і Джульета” Жэрара Прэсгурвіка, “Нотр-Дам дэ Пары” Рыкарда Качыянтэ. Некалькі гадоў таму апошні быў асабліва запатрабаваны ў слухачоў, нездарма сам Рыкарда Качыянтэ, калі быў госцем “Славянскага базару ў Віцебску”, у адным з інтэрв’ю назваў жанр папулярнай народнай операй.
Не абышлі сваёй увагай мюзікл і беларускія кампазітары. Асаблівую цікавасць праявіў Уладзімір Кандрусевіч. У 1991 годзе на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, тады Тэатра музычнай камедыі быў пастаўлены яго твор “Джулія” паводле рамана Моэма “Тэатр”, у 94-ым “Шклянка вады” па п’есе Эжэна Скрыба, які з поспехам ідзе ўжо больш за 20 гадоў.
Але гэта спектаклі, заснаваныя на замежных літаратурных крыніцах, таму на агульным фоне асабліва жывую цікавасць выклікаў мюзікл “Соф’я Гальшанская”, пастаўлены ў 2013 годзе. Нягледзячы на розныя водгукі, неадназначнае стаўленне да двухмоўя, бо спектакль заяўлены, як нацыянальны праект, але ідзе пераважна на рускай мове, усё ж ён адзін з самых запатрабаваных у публікі. Вабіць эпоха, гістарычныя персанажы, якія даўно сталі легендамі, інтрыгі і падзеі даўно мінулых дзён, якія ў многім сугучныя сучаснасці, бо прырода чалавека, нягледзячы на прагрэс і эвалюцыю, у многім застаецца нязменнай.
Па-ранейшаму лёсы многіх людзей залежаць ад эмоцый і страсцей. Таму, паводле слоў аўтара лібрэта Алены Туравай, яна не імкнулася дакапацца да гістарычнай праўды, а старалася перадаць атмасферу эпохі, глыбіню характараў і стварыць, абапіраючыся на ўяўленне, захапляльную гісторыю пра каханне, здраду і вернасць.
Што ж, усё гэта так ці інакш у розных варыяцыях вандруе з аднаго сюжэта ў іншы, але нязменна вабіць публіку. Сведчанне таму – аншлагі на спектаклях “Блакітная камея” і “Джэйн Эйр” Кіма Брэйтбурга ў тым жа Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, які актыўна развівае ў сваім рэпертуары зварот да мюзікла. Што гэта – мода, гістарычная альбо творчая неабходнасць, пакажа час. Але самае галоўнае – сінтэз музыкі, харэаграфіі, спецэфектаў, прыгожых дэкарацый, касцюмаў, дазваляе ў яркай захапляльна-забаўляльнай форме перадаваць глыбокія думкі і пачуцці, якія заўсёды будуць хваляваць людзей.