Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Дзякуй, Маладзечна, за гасціннасць і натхненне!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
12 Чэрвеня 2018
«Музычны дзённік. Дзякуй, Маладзечна, за гасціннасць і натхненне!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Мы прызвычаіліся, што гэтыя летнія дні адметны цудоўным музычным святам – Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Мне пашчасціла назіраць за тым, як ён пачынаўся, развіваўся і прыйшоў у сённяшні дзень. Шчыра скажу – уражанні супярэчлівыя. У тым ліку і таму, што зноў на парадку дня пытанне аб немэтазгоднасці правядзення фестывалю штогод. Гэтая думка асабіста ў мяне, ды й ў многіх выклікае заклапочанасць, у першую чаргу таму, што гэта адзіны Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў краіне. І як бы там ні было, ён спраўляецца з важнай задачай – робіць свой уклад у захаванне нацыянальнай песеннай культуры і мовы. Таму, відавочна, яго проста неабходна падтрымліваць і развіваць. Але ж паралельна ўзнікае пытанне, чаму штогод вядуцца размовы аб скарачэнні перыядычнасці фестывалю? Давайце паспрабуем пашукаць адказ. Спачатку варта адзначыць, што любы праект мае свой жыццёвы цыкл – нараджаецца, развіваецца, дасягае сталасці, кульмінацыі і, калі не завяршаецца, то перажывае не тое каб крызіс, але неабходнасць у пэўных зменах, якія нададуць новае дыханне і прывабяць публіку. А яна, як вядома, дама капрызная – можа і кветкамі адарыць, і памідорамі закідаць... Праўда, да апошняга ніколі не даходзіла. Гледачы ў Маладзечне выхаваныя, інтэлігентныя, а самае галоўнае – верныя, бо нягледзячы на штогадовы і шматгадовы нязменны склад удзельнікаў канцэрта-адкрыцця фестывалю, публіка заўсёды прыходзіць, ветліва апладзіруе, усміхаецца і, нават, падпявае знаёмым мелодыям. Калі і наракае, то робіць гэта сціпла і далікатна ў выглядзе пажаданняў, маўляў, хацелася б разнастайнасці, навізны, адкрыццяў... Прычым у спалучэнні з праверанымі часам мелодыямі. Як дагадзіць капрызным, але кансерватыўным густам – пытанне асобнае, але вартае ўвагі і вырашэння. Тым больш, што Маладзечна – горад невялікі, публіка не абнаўляецца часта, таму яе пастаянна трэба інтрыгаваць, чымсьці прываблівасць, у першую чаргу формай. Бо са зместам у фестывалю ўсё выдатна. Урачыстае адкрыццё сёлета было прысвечана 80-годдзю знакамітага кампазітара, легендарнага Ігара Лучанка. Значнасць і ўрачыстасць падзеі падкрэслівала прысутнасць самога Ігара Міхайлавіча. Асабліва гэта было важна для публікі, якая не шкадавала сваіх эмоцый, выкупала маэстра ў авацыях, праявіла любоў, якую немагчыма прыдумаць альбо падрабіць. У канцэрце “Мелодыя лёсу” прагучалі цудоўныя песні розных гадоў, але, слухаючы іх, падумалася, што яны падуладны далёка не кожнаму, асабліва маладому артысту. Таму раз-пораз узнікала шкадаванне, што ў праграме не знайшлося месца для тых, хто калісьці адкрыў гэтыя песні для слухачоў. Здзівіла і тое, што сярод ганаровых гасцей канцэрта (за рэдкім выключэннем) практычна не было калег – кампазітараў, паэтаў, якія звязаны з песняй. Мяркуючы па водгуках у зале, гэта заўважылі і гледачы, якія хацелі б пачуць творы Ігара Міхайлавіча таксама і ў выкананні замежных артыстаў. Тым больш, што сцэна Летняга амфітэатра дазваляе прыняць гасцей самага высокага рангу. І ўсё ж свята адбылося, у тым ліку дзякуючы ўважлівай рэжысёрскай рабоце. Да кожнага нумара быў падабраны прыгожы, змястоўны відэарад, які паказваў розныя імгненні жыцця кампазітара, ствараў і выклікаў асабліва цёплыя эмоцыі. Сам Ігар Міхайлавіч быў натхнёны канцэртам, прыёмам публікі, а яшчэ тым, што ў пачатку праграмы яго ўзнагародзілі тытулам “Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці”. І гэта ўдвая сімвалічна. Так, сваёй творчасцю кампазітар непарыўна звязаны з Маладзечна, дзе пастаянна гучаць яго песні, а сэрцам – з Мар’інай Горкай, дзе прайшло яго дзяцінства. Дарэчы, тэма малой радзімы сёлета галоўная на фестывалі. Ёй была прысвечана музычна-паэтычная гасцёўня “Малая радзіма – пачатак мой і вытокі”. Яна стала адной з самых цікавых праграм свята. У тым ліку і таму, што ўпершыню сабрала паэтаў з розных куткоў Беларусі. І гледачам, і ўдзельнікам было цікава пазнаёміцца, абмяняцца творчасцю, падзяліцца жывымі эмоцыямі і наталіцца энергіяй адно аднаго. Сярод фестывальных навінак і праект “Асоба эпохі”, які прайшоў у межах фестывалю другі раз і, мяркуючы па запоўненасці залы, рэакцыі публікі, ужо стаў прыкметнай падзеяй свята. Летась у яго межах адбылася сустрэча з народнай артысткай Беларусі, актрысай купалаўскага тэатра Марыяй Захарэвіч, а сёлета гераіняй праекта стала таксама народная артыстка, сімвал беларускай аперэты, яркая, харызматычная Наталля Гайда. Яна пакарыла ўсіх сваёй нястрымнай стваральнай энергіяй, бурлівасцю і непадуладным часу высокім прафесіяналізмам. Можна сказаць, што Наталля Віктараўна падарыла нам сапраўдны майстар-клас жыцця і пазітыву. Безумоўна, пашырэнне жанравай палітры – адна з перспектыўных фестывальных тэндэнцый. Зноў жа, пра гэта сведчыць рэакцыя публікі, якая галасуе, як кажуць, рублём, набывае квіткі альбо не. У гэтым сэнсе паспяховымі праектамі сёлетняга свята сталі спектаклі “Вечар” Мінскага абласнога драматычнага тэатра і “Кар’ера доктара Рауса” рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Жывы інтарэс у гасцей і наведвальнікаў фестывалю выклікаў мастацкі праект “Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету”, прычым не толькі сваім творчым, але і дабрачынным зместам. Бо ўсе сродкі ад рэалізацыі карцін пойдуць на дапамогу выхаванцам Івянецкай школы-інтэрната. Нават толькі некалькі гэтых згаданых праектаў, не кажучы пра агульную святочную атмасферу ў горадзе, сведчаць пра тое, што фестываль пастаянна ў руху. Яго чакаюць і жыхары, і артысты, і ўдзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў, і кожны гатовы прапанаваць штосьці сваё, каб упрыгожыць яго палітру. Напрыклад, для фінальнага канцэрта “Маладзечанскі зарапад” многія артысты падрыхтавалі цікавыя выканальніцкія версіі вядомых беларускіх песень. І публіка ацаніла гэтую сувязь традыцыі і сучаснасці. Таму я ўпэўнена, што і ўдзельнікі, і госці аднадушна падтрымаюць маё прызнанне: Дзякуй, Маладзечна! Дзякуй, солнечны горад, за гасціннасць і натхненне, за цудоўнае свята, якое, безумоўна, займае сваё адметнае месца ў фестывальным руху Беларусі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: