Падзяліцца:
Музычны дзённік. Дзяржава без гімна – што чалавек без душы. Радыёблог Таццяны Якушавай
17 красавіка 2017
Музычны дзённік. Дзяржава без гімна – што чалавек без душы. Радыёблог Таццяны Якушавай Знакаміты хормайстар і фалькларыст Рыгор Шырма некалі сказаў: “Кожны народ мае свой асаблівы духоўны характар, які знаходзіць найбольшае адбіццё ў яго песнях... Песня народа - гэта сапраўдная чалавечая душа.” Так, каб у гэтым пераканацца, дастаткова спрычыніцца да багатай фальклорнай спадчыны. І ўсё ж, нягледзячы на разнастайнасць пачуццяў, якімі поўніцца душа чалавека, усіх аб’ядноўвае любоў: да родных, да свайго дома, да месца, дзе нарадзіліся, да сваіх продкаў – а значыць да радзімы, народа, традыцый, нацыянальнай спадчыны... Гэтая падсвядомая любоў і ёсць той ціхі, спакойны патрыятызм. Пра яго мы не надта задумваемся ў звычайным жыцці, але ён праяўляецца ў нашых паўсядзённых стасунках. Разам з тым, я ўпэўнена, мы павінны ўмець паказваць яго гучна, годна і з гонарам. А ў гэтым дапамагаюць Дзяржаўныя сімвалы. Няма такой краіны, якая б не мела свой гімн. Ён не толькі ўвасабленне гісторыі, традыцый, развіцця, незалежнасці, але і музычны вобраз, без якога любая дзяржава, нібыта чалавек без душы. Як вядома, адна з найстарэйшых песень, што выкарыстоўвалася на беларускіх землях у якасці гімна - “Багародзіца”. Яе першае апісанне адносіцца да часоў Грунвальдскай бітвы, калі нашы слаўныя продкі спявалі “Багародзіцу” перад тым, як ісці ў бой супраць тэўтонцаў. Словы яе беларускага варыянту запісаны у I Статуце Вялікага княства Літоўскага ў 1529 годзе. Адной з першых краін, якая афіцыйна прыняла Гімн, лічыцца Вялікабрытанія. У Расіі мелодыі і песні, падобныя на Дзяржаўны гімн, узніклі ў XVIII стагоддзі. Адна з самых вядомых - паланэз кампазітара Восіпа Казлоўскага на верш Гаўрыіла Дзяржавіна “Гром победы раздавайся”. Потым выконваліся іншыя творы, у тым ліку і “Молитва русского народа” на верш Жукоўскага, які праіснаваў у якасці гімна 83 гады, пакуль ў 1917-м яго не замяніла знакамітая “Марсельеза” Ружэ дэ Ліля, а неўзабаве, амаль праз год - не менш знакаміты “Интернационал” бельгійскага кампазітара П’ера Дэгейтэра. У 1922 годзе твор быў зацверджаны як гімн СССР і праіснаваў ў гэтай якасці да 1944 г. Цікава, што пэўны час “Интернационал” быў Дзяржаўным гімнам адразу трох рэспублік - РСФСР, Украінскай ССР і Беларускай ССР. У нас ён выкарыстоўваўся да 1952 года, а ў 1955-ым быў прыняты новы “Мы - беларусы” Нестара Сакалоўскага на верш Міхася Клімковіча. З 1995 па 2002 гг. ён гучаў у інструментальнай версіі, пакуль у 2002 –м годзе тэкст не перарабіў паэт Уладзімір Карызна. Тады ж Акадэмічным хорам Бэлтэлерадыёкампаніі на чале з народным артыстам СССР Віктарам Роўдам, Узорным аркестрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Аляксандра Фёдарава быў зроблены эталонны запіс. Гэтая версія і стала Дзяржаўным гімнам сучаснай Беларусі. Але ж яго нельга ўспрымаць, як штосьці застылае і далёкае ад чалавека. Тым больш, што закон не забараняе розныя варыянты выканання. Галоўнае - не пярэчыць сутнасці гімна, як твора, што ўслаўляе краіну. Менавіта гэта мы і мелі на ўвазе, калі аб’яўлялі праект-конкурс “Слаўся, зямлі нашай светлае імя” на арыгінальнае выкананне Дзяржаўнага гімна. Прызнаюся, была пэўная насцярожанасць, як паставяцца да ідэі патэнцыяльныя ўдзельнікі праекта. Як і варта было чакаць – па-рознаму. Хтосьці ахвотна, з энтузіязмам, хтосьці з неразуменнем – як можна дакранацца да святыні? Разам з тым, усе пагаджаюцца, што да святынь трэба не толькі ставіцца з павагай, але і неабходна іх ведаць. Усведамленне гэтага і прывяло ў наш праект удзельнікаў з усёй Беларусі. Парадавала не толькі іх колькасць, але і шматграннасць выканальніцкіх версій. Падчас праслухоўвання мы пераканаліся, што кожны калектыў, як і чалавек, мае індывідуальныя рысы, уласцівыя толькі яму. Мне падалося, нават члены журы былі прыемна здзіўлены творчай шматграннасцю. Гучанне дзіцячых галасоў кранала чысцінёй, пяшчотай, асаблівай шчырасцю, акадэмічныя калектывы, як кажуць, бралі зладжанасцю, строгасцю і сабранасцю, ну, а народныя нібыта ўвабралі ўсю нашу волю, дух і сэрца. Безумоўна, нельга сказаць, што гэта былі прафесійна роўныя выкананні. Пагадзіцеся, немагчыма ставіць у адзін шэраг музыкантаў-прафесіяналаў, няхай і пачаткоўцаў і аматарскія студэнцкія калектывы тэхнічных навучальных устаноў ці Ваеннай акадэміі. Таму журы ацэньвала выступленні найперш не па вузкапрафесійных крытэрыях, а па тым, колькі жывых эмоцый, інтэлекту было ўкладзена ў тую ці іншую інтэрпрэтацыю. Наколькі ў ёй адчувалася любоў і павага да гімна, а значыць да краіны і, адпаведна, да саміх сябе. Было прыемна, што сярод вялікай колькасці версій ёсць асабліва ўражальныя. Смела можна сказаць, што магутную духоўную і эмацыянальную сілу Дзяржаўны гімн набыў у выкананні зводнага калектыву студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яны так па-майстэрску здолелі спалучыць розныя стылістычныя і тэмбральныя накірункі, што, здаецца, увасобілі галасы ўсёй краіны і падарылі неверагоднае пачуццё яднання. Па сутнасці, гэта галоўнае – да чаго мы імкнуліся, калі працавалі над праектам, фінал якога адбудзецца 14 мая ў Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, сумеснае выкананне гімна ўсімі ўдзельнікамі стане не толькі яркай эмацыянальнай кропкай праекта, але і чарговы раз пераканае нас у неабходнасці ведаць гімн сваёй краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: