Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Гісторыя ў музыцы» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
5 лютага 2018
«Музычны дзённік. Гісторыя ў музыцы» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Усім вядома распаўсюджаная фраза “мастацтва – гэта адлюстраванне жыцця”, але з такім жа поспехам можна сказаць і наадварот, што жыццё – гэта адлюстраванне мастацтва. Бо многія нашы ўяўленні, асабліва ў дзяцінстве і юнацтве, фарміруюцца пад уплывам кніг, кінафільмаў, музыкі, песень... Так што, усё ўзаемазвязана – мастацтва, эпохі, падзеі, лёсы... Ёсць розныя думкі на гэтую тэму. Асабіста мне больш за ўсё падабаецца, як некалі сказаў амерыканскі мастак і пісьменнік Рокуэл Кент: “Мастацтва павінна спрыяць таму, каб людзі глыбей разумелі жыццё і больш яго любілі”. Асабліва выразна адчуць сэнс гэтых слоў, на мой погляд, дапамагаюць гістарычныя сюжэты і тэмы. А яны даволі ярка ўвасоблены, у тым ліку, і ў музычным мастацтве, асабліва тэатральным. Самыя простыя і пераканаўчыя прыклады – оперы “Іван Сусанін” Глінкі, “Царская нявеста” Рымскага-Корсакава, “Барыс Гадуноў” Мусаргскага, “Князь Ігар” Барадзіна, “Вайна і мір” Пракоф’ева... Так, усё гэта шэдэўры рускай музыкі. Калі гаварыць пра наша нацыянальнае мастацтва то, бясспрэчна, адну з першых пазіцый займае балет Андрэя Мдзівані “Страсці (Рагнеда)”. Ён пастаўлены ў 1995 годзе, але да гэтага часу з поспехам ідзе на сцэне беларускага тэатра. Днямі адбыўся асаблівы паказ, бо ён быў прысвечаны 80-годдзю кампазітара. Значнасць падзеі падкрэслівала і прысутнасць самога аўтара, і тое, што да юбілейнага спектакля была прымеркавана выстава копіі Вастрабрамскага абраза Божай маці. Гэтая святыня аднолькава шануецца і каталікамі, і праваслаўнымі, лічыцца цудадзейнай. З ёй у мяне звязаны асабістыя ўспаміны і ўражанні. Яе жыватворную сілу я адчула яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі маці ўпершыню ўзяла мяне ў сваю чарговую паездку ў Вільнюс. Як вядома, менавіта там, у капліцы над Вострай брамай, дзе пачынаецца Стары горад, захоўваецца арыгінал. Я атрымала такое неверагоднае эмацыянальнае ўдзеянне, што і да гэтага часу, калі бываю ў Вільнюсе, не магу ўтрымацца ад спакусы, каб не падняцца ў капліцу і прытуліцца душой да абраза. Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў і турыстаў, якія падоўгу, нібыта зачараваныя, стаяць перад брамай і стараюцца ўжо з вуліцы (звонку) разгледзець абраз, я не адзінокая ў сваім імкненні. Так, копія гэта не арыгінал, але ж, назіраючы за прасветленымі тварамі тых, хто прыйшоў 2 лютага ў Вялікі тэатр паглядзець і балет “Страсці”, і выставу, я адчула, што Вастрабрамская Божая маці кранула сваёю ласкай усіх прысутных. І прагляд спектакля стаў не проста падзеяй, а святам душы. Нягледзячы на тое, што далёкае мінулае ўзрушае не толькі рамантыкай, але і жорсткасцю. Зрэшты, гэта можна сказаць пра любую эпоху. Таму каштоўнасць такіх твораў і ў мастацкай вартасці, і ў тым, што яны дапамагаюць правесці гістарычныя паралелі, нават сфарміраваць погляды на сучаснаць. Гаворачы пра гісторыю Беларусі ў музычных творах, нельга абмінуць увагай яшчэ адзін нацыянальны балет. У канцы студзеня “Вітаўт” Вячаслава Кузняцова з вялікім поспехам прынялі на шматтысячнай сцэне “Сіменс-арэны” ў Вільнюсе. Спектакль паўтарыў замежны трыумф 2016 года, калі “Вітаўта” паказалі на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве. Дзе, дарэчы, у свой час (у 2001-ым) расійскія гледачы горача апладзіравалі балету “Страсці”. І гэта важна, калі за мяжой высока ацэньваецца не толькі мастацтва і майстэрства стваральнікаў, але і нацыянальная тэма, калі публіку цікавяць гістарычныя карані суседняй краіны. Варта адзначыць, што яны занатаваны і ў оперным жанры. “Сівая легеда” Дзмітрыя Смольскага паводле Уладзіміра Караткевіча пераносіць нас у часы Вялікага княства Літоўскага. Прэм’ера оперы адбылася ў 1978 годзе, а другой адноўленай рэдакцыі – у 2012-ым. У новай пастаноўцы выкарыстаны сучасныя магчымасці тэатральнай сцэны, спецэфекты, што, безумоўна ж, уплывае на эмацыянальнае ўспрыманне. І ўсё ж, калі гаварыць пра оперу, сапраўдны фурор у культурным асяроддзі Беларусі выклікала пастаноўка ў 1989 годзе оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” таксама паводле Уладзіміра Караткевіча. Яе поспех пакуль што не пераўзыдзены – поўныя залы, захопленыя водгукі прэсы і публікі, поспех у Маскве на сцэне Вялікага тэатра... А яшчэ, мяркую, многія памятаюць, што гучнай сенсацыяй ў сярэдзіне 90-ых стаў паказ оперы на вольным паветры ў Траецкім прадмесці... Што ж, як паказваюць час і вопыт, гістарычная тэма – гэта своеасаблівы Кландайк для таленавітых людзей, невычарпальная крыніца захапляльных сюжэтаў і тэм, якія, здавалася б, праз вечныя чалавечыя праблемы і каштоўнасці, нязменныя характары, дапамагаюць раскрываць нам багацце нацыянальнай гісторыі і культуры. Хацелася б, каб у першую чаргу гэта разумелі маладыя беларускія творцы, а мы будзем чакаць і спадзявацца на цікавыя адкрыцці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: