
«Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!»
Гэтыя купалавы радкі ўспамінаюцца не толькі таму, што ліпень вабіць буянствам колераў, якія, на мой погляд, сімвалізуюць нястрымную маладую энергію і прагу да жыцця, але і радуе квяцістасцю музычнай і культурнай праграмы.
Пачатак месяца шчодра аздоблены прыгожымі падзеямі, але, бадай, самая прыкметная – старадаўняе купальскае свята. Канцэрты, абрады, пошукі папараць-кветкі пракаціліся, здаецца, па ўсёй Беларусі. Падзяліць гэтае свята пажадалі і шматлікія замежныя госці. Адзін з самых незвычайных – японскі барытон Нікіта Ямасіта, які меламанам старэйшага пакалення вядомы па вакальным квартэце “Royal Knights”.
Легендарны выканаўца, зорка 60-70 гадоў адкрыў свята “Купалле” ў Бешанковічах. Здавалася б, дзе Японія, а дзе Беларусь са старажытнымі фальклорнымі традыцыямі? Але ж у свеце ўсё ўзаемазвязана. Нікіта Ямасіта пранёс праз сваё жыццё любоў да славянскай культуры ў тым ліку і таму, што мае напалову рускія карані. Ён прыняў удзел і ў самым маштабным купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”. Сёлета яго танальнасць расквецілі госці з сямі краін – спевакі, музыканты, харэаграфічныя калектывы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асабліва каларытную праграму прапанавала Украіна. Што ж, купальскае свята для нашых суседзяў не менш важнае. Яно заўсёды адзначаецца ярка і весела. Лішне казаць, што мастацтва, культура і традыцыі гэтай сонечнай краіны блізкія нам, беларусам, але, нягледзячы на гэта, не менш вабныя. Пра жывую цікавасць сведчыць колькасць ахвотных наведваць Дні ўкраінскай культуры, якія ўжо не адзін раз адбываліся ў Верхнім горадзе. Чарговы чакаецца 18 жніўня. Але ж традыцыйна ў гэтых святах, у асноўным, прымаюць удзел прадстаўнікі нацыянальных дыяспар, якія жывуць у Беларусі. А тыя, хто хацеў больш шырока і поўна пагрузіцца ў музычна-мастацкую атмасферу нашай краіны-суседкі атрымалі выдатную магчымасць падчас Дзён культуры Украіны, якія прайшлі з 5 па 8 ліпеня. Канцэрт урачыстага адкрыцця, што адбыўся ў Палацы Рэспублікі, прапанаваў толькі некалькі штрыхоў багатага культурнага дывана. Затое якіх!
Чаго варта выступленне Нацыянальнага заслужанага акадэмічнага ансамбля танца імя Паўла Вірскага! Гэты легендарны калектыў неаднойчы бываў у Беларусі, з поспехам выступаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, прычым не толькі ў зборных канцэртах, але і з вялікай сольнай праграмай. Ансамбль не проста кранае прафесійным майстрэствам, бездакорнай зладжанасцю, а хвалюе магутнай эмацыянальнай энергіяй і яркай экспрэсіяй нацыянальных касцюмаў. Неяк мне пашчасціла ў Віцебску пабываць на сольным канцэрце калектыву і я, зрэшты, як і ўсе гледачы была ўражана маляўнічым шоу, харэаграфічнай драматургіяй і сюжэтнай лініяй, дзе так па-майстэрску спалучыліся глыбінныя традыцыі народа і сучаснасць.
Пасля такіх канцэртаў разумееш, што высокае мастацтва – гэта тое, што не забываецца, застаецца ў душы, прымушае сэрца і радавацца, і сумаваць. Хаця, канешне, за ўсім гэтым, той жа лёгкасцю выканання – вялікая праца. Як вядома, толькі ідэя можа нарадзіцца спантанна і то не заўсёды, а яе рэалізацыя – гэта доўгі карпатлівы працэс, у аснове якога канцэпцыя. На жаль, нас, гледачоў не так часта песцяць змястоўнымі канцэптуальнымі праграмамі.
Апошнім часам на разнастайных канцэртах, у асноўным, даводзіцца назіраць за падборам асобных нумароў, прычым сабраных нібыта выпадкова. Магчыма, пэўная павярхоўнасць у некаторых культурных альбо музычных сферах – тэндэнцыя часу, якую проста трэба перажыць. У сувязі з гэтым мне ўспамінаецца ўсё той жа “Славянскі базар у Віцебску”, калі яшчэ ў межах свята ладзіліся Дні культуры краін-заснавальніц – Беларусі, Расіі, Украіны. Менавіта яны, а не цяперашнія сольныя канцэрты так званых раскручаных зорак, былі галоўнымі падзеямі фестывалю.
З настальгіяй успамінаю тыя часы і мне асабліва прыемна ўзгадаць захапляльныя канцэптуальныя праграмы, якімі і здзіўлялі, і радавалі гледачоў Летняга амфітэатра ўкраінскія артысты. Няўжо можна забыць грандыёзнае дзейства, здаецца, першай паловы нулявых “Сарочынскі кірмаш” славутага рэжысёра Барыса Шарваркі? Яно – ўзор віртуознага перапляцення літаратурнай класікі, музыкі, харэаграфіі, фальклору, цудоўных народных песень, гумару... Усё гэта стварала дынамічную мазаіку жыцця таленавітага народа. Здавалася б, фальклорная аснова і яркае абрамленне – гэта тое, што зразумела ўсім, таму, як кажуць, асуджана на поспех. Але варта адзначыць, што ў свой час віцебская публіка не менш прыязна прымала і праграму “Украінскі баль” - зусім іншую па змесце і эмацыянальнай танальнасці, бо у ёй гучала акадэмічная музыка і народныя песні ў сімфанічным суправаджэнні.
Таксама прыгадваюцца паспяховыя канцэрты рэжысёра Анатоля Салаўяненкі, у якіх былі прадстаўлены і розныя накірункі украінскага мастацтва, і розныя пакаленні артыстаў... Словам, гэта толькі пацвярджае думку, што галоўнае не жанр, а якасць увасаблення той ці іншай ідэі. А гэта залежыць ад таленту і шчырасці стваральнікаў, інтэлектуальнай і эмацыянальнай аддачы, нарэшце ад творчага сумлення. Таму хочацца пажадаць, каб і “Славянскі базар у Віцебску”, які ўрачыста адкрыецца праз некалькі дзён, і іншыя падзеі, што маюць адбыцца, здзіўлялі нас сваёй непаўторнасцю, а самае галоўнае – хвалявалі сэрца.