Падзяліцца:
26 Верасня 2017
Не ведаю, як у іншых, але мой настрой у гэтыя вераснёўскія дні даволі трапна перадаецца ў вядомай песні на вершы Іллі Рэзніка: “Я так хочу, чтобы лето не кончалось…”. Канечне, спрачацца з прыродай бэссэнсоўна. Лета затрымаць пры ўсім жаданні не ўдасца, але ў нашых сілах захаваць яго ў сваёй душы. Рэцэпт просты і прыдуманы не мной: добрыя фільмы, цікавыя спектаклі, мастацкія выставы... Ну, а калі ўсё ж не надта хочацца выходзіць з дому, то так званыя цёплыя кнігі цалкам могуць падарыць адчуванне ўтульнасці і камфорту. І, канечне, самы галоўны (ва ўсялякім разе для мяне) кампанент гэтага рэцэпту – музыка. Мне здаецца, менавіта яна дапамагае ўбачыць і адчуць у залаціста-жоўтых колерах восені нейкую асабліва яркую радасць. Думаю, са мной пагодзяцца ўсе, хто ў гэтыя выхадныя наведаў свята грэчаскай культуры, якое адбылося ў Верхнім горадзе. Яго праграма была разнастайнай. Гэта і майстар-класы па грэчаскай мове, і знаёмства з гісторыяй краіны, нацыянальнай кухняй, і выстава карцін, і ўрокі танцаў... І ўсё ж галоўнай сувязной стужкай заставалася музыка. Нездарма само слова мае грэчаскае паходжанне. Дый, убіраючы атмасферу свята, міжволі пагаджаешся з думкай, што раскрываць душу праз эмацыянальную мову музыкі заўсёды было абсалютна натуральна асабліва для грэкаў. І напэўна, самае галоўнае, што кранае ў гэтых мелодыях, няглядзячы на разнастайнасць сюжэтаў, пазітыў! Безумоўна, у кожнага свой погляд і сваё стаўленне да ўбачанага і пачутага, але дакладна адно – такія святы не толькі ствараюць настрой, але і пашыраюць гарызонты пазнання, а самае галоўнае – збліжаюць людзей. Зрэшты, у гэтым галоўная вартасць любога фестывалю. І калі Грэцыя са сваім асаблівым і непаўторным каларытам усё ж такі для нас не такая ўжо і далёкая краіна, то Японія – таямніца за сямю пячацямі. Нездарма яе называюць самай незвычайнай з усіх незвычайных краін. Як вядома, да сярэдзіны 19 стагоддзя яна была закрыта ад іншага свету і ўсяго за сто гадоў стала адной з самых перадавых. Магчыма, у тым ліку і таму фестываль “Японская восень у Беларусі” выклікае такую жывую цікавасць. Дарэчы, у нашай краіне ён праходзіць пяты раз і прапануе даволі разнастайную праграму, у чымсьці нават экзатычную. Гэта не толькі музыка, тэатр, кіно, але і японскія шахматы, каратэ, лекцыі па эстэтыцы, філасофіі, майстар-класы па жывапісе, каліграфіі, арыгамі... Усе, хто наведае падзеі “Японскай восені”, абавязкова будуць прыемна здзіўлены віртуознаму перапляценню традыцый і сучаснасці. Фестываль будзе доўжыцца амаль усю восень і завершыцца ў лістападзе. Цікава, што нягледзячы на тэрытарыяльную і культурную аддаленасць, ёсць тое, што нас звязвае. Птушка журавель – адзін з сімвалаў Японіі. Ён асацыіруецца са шчасцем, даўгалеццем, і ўдачай. Міжволі прыгадваецца кранальная гісторыя пра японскую дзяўчынку, якая пацярпела падчас атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы. Смяротна хворая яна пачула легенду, што любое жаданне можа здзейсніцца, калі яго загадаўшы, зрабіць тысячу папяровых жураўлікаў. У гарачым імкненні выжыць дзяўчына стала складаць арыгамі, але паспела зрабіць толькі 644. Праз некаторы час, будучы ў Японіі, пра гэтую гісторыю даведаўся дагестанскі паэт Расул Гамзатаў. Узрушаны, ён напісаў верш, дзе абагульніў лёсы многіх загінуўшых людзей. А яшчэ праз некаторы час, дзякуючы Марку Бернэсу, верш “Жураўлі” у перакладзе Навума Грэбнева з мелодыяй Яна Фрэнкеля стаў песняй. Практычна адразу яна пераўтварылася ў музычны сімвал памяці. На нашай зямлі таксама заўсёды шанавалі вобраз гордага і незалежнага жураўля. Сведчанне таму - абрады, народныя казкі, творы літаратуры, музыкі... Але самы просты прыклад – знакамітая песня Ігара Лучанка на словы Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”. Радкі з яе ўжо даўно сталі намінальнымі. Згадваючы іх, больш глыбока разумееш і адчуваеш простую ісціну: каб па-сапраўднаму цаніць сваё, неабходна не тое, каб абавязкова пабываць у чужых краях, але хаця б дакрануцца да іншых культур і традыцый. І ў гэтым нам дапамагаюць падобныя фестывалі, якія па праве можна назваць цудоўным, унікальным акном у свет.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: