
Прынята лічыць, што канец снежня – асаблівы час, калі мы падводзім вынікі і будуем планы. У кагосьці яны маштабныя, у кагосьці больш сціплыя, але ўсіх аб’ядноўвае жаданне сустрэць Новы год з адчуваннем завершанасці і задавальнення.
Прызнаюся, мне часткова ўжо ўдалося перажыць гэтае прыемнае пачуццё і звязана яно з заканчэннем VI рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. За гісторыю існавання праекта час яго правядзення мяняўся, але неяк само сабой склалася, што апошнія гады фінал праходзіць у снежні. Безумоўна, гэта ўзмацняе ўрачыстасць, святочнасць падзеі. І што немалаважна – упрыгожвае станоўчымі эмоцыямі гарачую пару завяршэння навучальнай чвэрці альбо семестра і, спадзяюся, натхняе нашых лаўрэатаў на іншыя творчыя перамогі.
Але снежаньскі фінал – не апошняя кропка ў праекце. Імклівая кода прагучыць у студзені. Усе лаўрэаты конкурсу прымуць удзел у запісе тэлевізійнай версіі гала-канцэрта з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі на чале з галоўным дырыжорам Вячаславам Волічам. Права іграць у суправаджэнні знакамітага калектыву атрымалі лаўрэаты ў намінацыі “Інструментальная музыка”. За гады існавання праекта гэта ўжо стала і традыцыяй, і яго адметнасцю, што дазваляе паставіць наш конкурс на ўзровень сур’ёзных творчых спаборніцтваў. Як вядома, музіцыраванне з аркестрам - нятаннае задавальненне. Яго могуць сабе дазволіць далёка не ўсе нават буйныя міжнародныя конкурсы, таму для нашых лаўрэатаў – гэта і гонар, і адказнасць, і дадатковы прыз.
Дарэчы, да прызоў. Як бы там ні было, але, апрача дыпломаў, заўсёды хочацца атрымаць на памяць штосьці яшчэ. У мінулыя гады гэта былі самыя розныя падарункі - аўдыя-, відэа- альбо камп’ютарная, бытавая тэхніка… Сёлета мы вырашылі не выходзіць за межы музычнай сферы і з радасцю скарысталі магчымасць, якую нам прадставіў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр, - падарылі лаўрэатам квіткі на спектаклі “Іаланта” і “Яўген Анегін”. Найцудоўнейшая музыка П.І. Чайкоўскага, цікавыя сюжэты, узнёслая атмасфера тэатра – што яшчэ трэба, каб затрымаць у душы і святочную аўру першых дзён Новага года, і цёплыя ўспаміны пра конкурс? Мы ж, у сваю чаргу, рады таму, што яшчэ больш цесна пасябравалі з тэатрам, бо яго салісты - частыя госці Беларускага радыё, а народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна два гады запар працуе ў журы нашага конкурсу. Больш за тое, у эфіры мы стараемся не абмінаць усе самыя яркія тэатральныя падзеі, у тым ліку і VII Міжнародны калядны оперны форум, і конкурс, што праходзіць у яго межах. Гэты праект Вялікага тэатра па праве называюць галоўнай падзеяй у культурным жыцці снежня і адной з галоўных падзей года. Колькасць ахвотных трапіць на спектаклі форуму і наогул на іншыя спектаклі тэатра з кожным годам павялічваецца, і гэта толькі падкрэслівае яго высокі статус галоўнага тэатра краіны. Дакладна ведаю, што многія маладыя музыканты, у тым ліку і некаторыя нашы лаўрэаты, мараць працаваць у яго творчых калектывах. Гэта няпроста, але магчыма. Неабходна шмат займацца і спадзявацца на шчаслівы выпадак, бо каб трапіць у той жа аркестр, трэба вытрымаць сур’ёзны конкурс. Дарэчы, яго вялікасць выпадак здольны не толькі многае памяняць у жыцці, але і падарыць нечаканыя знаёмствы, сустрэчы…І я ў гэтым пераканалася зноў жа падчас правядзення нашага конкурсу.
У пачатку восені, калі мы заклапочаны не толькі правядзеннем конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, але і ўжо думаем пра фінал і, адпаведна, пра падарункі для пераможцаў, да нас прыходзіць ліст аб супрацоўніцтве, якое прапануе кампанія “Мьюзік лайн”. Шчыра скажу, што для мяне гэта стала прыемнай нечаканасцю. Міжволі верыцца, што ідэі, думкі, эмоцыі, жаданні лунаюць у паветры і, здараецца, перасячэнне іх траекторый дае свой плён. Што гэта: супадзенне, выпадак, заканамернасць? Не важна! Самае галоўнае - ўладальнікі Гран-пры конкурсу “Маладыя таленты Беларусі” атрымалі ў падарунак ад нашых новых сяброў-партнёраў высакаякасныя мікрафоны.
Спадзяюся, што гэтыя падарункі не толькі спатрэбяцца, але і стануць своеасаблівым талісманам. Ну а ўсім, хто сёлета прычыніўся да праекта “Маладыя таленты Беларусі”, хочацца пажадаць, каб наша дружба развівалася, каб мы і нашы справы былі патрэбныя іншым.